Ліст Тамаша Грыба ў Прагу сябру Ўкраінскай Партыі Сацыял-Рэвалюцыянэраў Шапавалу

Ліст Тамаша Грыба ў Прагу сябру Ўкраінскай Партыі Сацыял-Рэвалюцыянэраў Шапавалу
Ліст
Аўтар: Тамаш Грыб
1921
Крыніца: [1]

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Дарагі таварыш!

Прыехаўшы ў Берлін, атрымаў я дужа непрыемныя весткі — у Менску бальшавікі заарыштавалі Ц. К. нашай партыі, а разам з гэтым каля 1500 актыўных працаўнікоў партыі ў каапэрацыі ды іншых. Заарыштаваны, між іншым, і старшыня цэнтральнага ўраду каапэратыўнага аб’яднаньня Беларусі, сябра Ц. К. нашай партыі тав. Трахімаў. Падрабязных зьвестак яшчэ не атрымаў. Думаю, што ўсё гэта ў зьвязку з апошнімі падзеямі на Беларусі, а таксама і ў Расеі. Сялянскі паўстанцкі рух на Беларусі расьце і пашыраецца пад агульным лёзунгам: «Ні паноў, ні бальшавікоў, за Незалежнасьць Беларускай Рэспублікі». Нашая партыя легальнай была, Цэнтральны Камітэт зусім легальна выдаваў свой орган газэту «Змаганьне» і стаяў на грунце Радавай Незалежнай Беларускай Рэспублікі. Бальшавікам зусім легка было адным разам напасьці на нашыя партыйныя арганізацыі і спыніць усю партыйную дзейнасьць. Дапускаю нават і такую думку, што ў іх быў пэўны плян — легалізаваць партыю эсэраў, каб потым лягчэй было зь ёй расправіцца. Ад бальшавікоў усяго можна спадзявацца.

Бачыце, якая наша доля — паўтара месяца таму нашу партыю грунтоўна паграмілі польскія акупанты ў Горадзеншчыне і Віленшчыне: заарыштавана каля 50-ці нашых таварышаў, а цяпер бальшавікі. Але гэты бальшавіцкі ўдар для нас найбольш балючы. Ня так скора можна будзе яго загаіць.

Як бачыце, таварышы, з усіх бакоў нас скубуць. Але нічога, выжывем як-небудзь. Мы радзіліся і ўзмацаваліся ў рэвалюцыйным змаганьні, прывыклі ўжо цярпець удары за ўдарам — аднак сілы нашы ў полымі змаганьня ўзмацоўваюцца, загартоўваецца дух нашага змаганьня да новых ахвяр. Мы верым у перамогу нашай ідэі, у зьдзяйсьненьне нашых лёзунгаў.

З гарачым прывітаньнем (Т. Грыб).

9 сакавіка 1921 г. Берлін.