Ліст да Юзафа Ігнацыя Крашэўскага (Дунін-Марцінкевіч/Зямкевіч)

Ліст да Юзафа Ігнацыя Крашэўскага
Ліст
Аўтар: Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
1861
Пераклад: Рамуальд Зямкевіч

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Жывучы сярод народу, які гаворыць беларускай гутаркай, зьвязаны целам і душою з яго спосабам думак, думаючы аб лепшай долі гэтага братняга народу, які застыў у дзяцінстве й цямноце, пастанавіў я, каб заахвоціць яго да прасьветы, у духу яго звычаяў, паданьняў-легенд і здольнасьці душэўнай, пісаць у яго роднай мове, і вось з радасьцю я хутка ўгледзіў, што выданыя мною „Сялянку“, „Гапона“, „Вечарніцы“, „Дудара“, „Купалу" народ прыняў з аграмадным упадабаньнем, а моладзь з запалам пачала вучыцца чытаць, з памяці паўтараць мае, гэтак для яе мілыя, творы. З гэтае прычыны распаўсюджываецца ўжо сягоньня ў часьці над Вяльлей і Нёмнам, над Сьвіслаччу, Бярэзінай, Дзьвіной, Дняпром і г. д. чытаньне беларускага друку, а калі ўжо ахвота й любоў да духовае стравы разбуджаны, знойдуцца з часам багатыя матэрыялы ў роднай мове.

Гэтую маю думку і імкненьне зразумелі й ацанілі людзі ў Польшчы, не зразумелі ў Літве і на Беларусі, і вось на літэратурным сходзе ў пана К... пачуў я словы: "што, пішучы ў беларускай мове, сярод сялянскага народу зашчэпліваю провінцыяналізмы"; на што я прымушаны адказаць:

Няшчасная прошласьць давяла сялянскі народ да ўпадку, ня думаючы саўсім аб духовай і маральнай адукацыі, хаця бы праз памяць на тое, што гэта дзеткі аднэй маткі, што гэта пакрыўджаныя браты і хрысьціяне, каторыя маюць права да навукі ў роднай мове так, як да нябеснага хлеба.

Калі ніводзін польскі ані расейскі орган друку не патрапіў, паміма намаганьняў у працягу амаль ня цэлага сталецьця, падняць наш народ, дык ці можна-ж гэтаму дзівіцца?... Ці мог якіколечы орган трапіць да вуха, да перакананьня селяніна, катораму спосабы навучаньня граматы ў роднай мове так былі утруднены, каторы, абліваючы крывавым потам гоні сваіх паноў, ня меў часу для духоўнага навучаньня? Калі часам голас матчынае мовы абіўся аб зацікаўленае вуха бедака, гэта была паводка пагроз ды лаянак, высказаных да пагарджанага сіраты.

Вось, дагледзіўшы благія намаганьні адарваць і зьняверыць да нас народ, пастанавіў я праз творы ў яго роднай мове, адпаведныя яго паняцьцям, што знаходзяцца яшчэ ў калысцы, і аблягчаючыя яму спосабы асваеньня з граматай, заахвоціць яго да роднага слова, да прасьветы і маральна паправіць. Які вызваляючы, збаўчы ўплыў аказалі гэтыя мае кніжкі на яго, трэба вывясьці і з гэтага, што кніжкі ў народнай мове ўжо саўсім разыйшліся, а новыя ня друкуюцца.

Вялікі час на тое, каб "абыватэлі" нашыя агледзіліся ўрэшце і праз аткрываньне школак, дамоў-ахронак, праз увядзеньне ў навучаньне народнай сялянскай мовы і праз другія магчымыя ахвяры стараліся гэтых маладых братоў сваіх, умеючых быць удзячнымі, прыгорнуць да сэрца і дзеля агульнага дабра цесна з імі злучыцца.

Наум Прыгаворка.