Ліст да маці
Аўтар: Мікола Сурначоў
1943

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ля хаціны тваёй сасновай
Скрозь байцы ў шынялях, бушлатах,
Маці!
Стрэнь іх там добрым словам,
Пачастуй, чым наш край багаты.
Ведай, родная маці, — Дзеці
Пакідаюць свае дубровы,
Сенам пахнучыя павеці,
Водар пасек сваіх ліпнёвых,
Недаспелую канюшыну,
І жыты, як чарот, густыя,
І адзіную ў свеце дзяўчыну,
І юнацтва сны залатыя.
Можа стацца,
Ад кулі злое
Злягуць многія ў час атакі,
На акопах, на буераках
Адцвіце іх жыццё маладое.
Ты прыкрый іх павекі,
Мятай
Усцялі іх магілы-курганы
І паплач, як над сынам чаканым,
Майскай раніцай сіняватай.

1943

Запарожжа