Ліст да старшыні французкай Лігі Абароны правоў Чалавека і Грамадзяніна (Ластоўскі)

Ліст да старшыні французкай Лігі Абароны правоў Чалавека і Грамадзяніна (Ластоўскі)
Ліст
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
25 студзеня 1927 году
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 12, ліпень 1926-сакавік 1927 г., б. 98-100

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ліст да старшыні французкай Лігі Абароны правоў Чалавека і Грамадзяніна, высланы В. Ластоўскім:
Пане Прэзыдэнт.

На Заходна-Беларускіх (крывічанскіх) землях, заваяваных Польшчай у 1917—1921 г. г., адбываецца цяпер жорская расправа польскіх заваёўнікаў над паняволенай беларускай народнасьцю. Арыштаваны беларускія паслы ў польскі сойм: Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Мятла і др., нават бяз згоды Сойму; арыштаваны дырэктары беларускага банку і яго аддзелаў, пісьменнікі, вучыцялі, грамадзкія і культурныя дзеячы, члены соціялістычнай арганізаці—Грамады, ўсяго больш 1500 чалавек. У Віленшчыне і Горадзеншчыне пануе цяпер тэрор і паліцэйская расправа. Кожды нямілы польскай окупаціі грамадзянін вінаваціцца, ў яка-бы прыналежнасьці да камуністычнай парціі, як роўна і ўвесь лік заарыштаваных дзеячоў.

Беларускія землі, якія ўвайшлі ў склад Польшчы па Рыжскай умове 18. III. 1921, згодна афіціяльнай польскай даваеннай статыстыкі („Rocznik Polski. Tablice statystyczne“. E. Romer i I. Weinfeld. Kraków 1919. Выданьне кракоўскай польскай Акадэміі Навук), мелі да вайны нязначны процант польскага жыхарства.

У Віленшчыне: гор. Вільна 43%, Дзісенскі пав. 2%, Лідзкі 6%, Ашмянскі 2%, Сьвянцянскі 3%, Троцкі 22%, Вілейскі 3%.

У Горадзеншчыне: горад Горадня і павет 5%, Бельскі пав. 9%, Берасьцейскі 2%, Пружанскі 1%, Слонімскі менш 1%, Ваўкавыскі 1%, Беластоцкі 18%.

Высокі працэнт палякаў у Вільне і Троках, тлумачыцца ня іх этнографічным складам, а сільным уплывам польскай культуры на мясцовае каталіцкае жыхарства. Толькі ў Беластоцкім павеце заходная часьць павету заселена польскім этнографічным элемэнтам; гэтым і тлумачыцца параўнаўча высокі склад палякаў у гэтым павеце. На рэшце тэрыторыі палякі не перавышалі, ў сярэднім, 4-х% жыхарства.

На гэтых землях, дзеля гістарычных прычын, беларусы становяць выключна сялянскую массу з невялікім працэнтам гарадзкога работніцкага элемэнту. Палякі-ж становяць тут выключна клясу памешчыкаў, якая выдзяляе з сябе каталіцкае духавенства для ўсяго краю і польскае мяшчанства ў гарады.

У часе ўсесьветнай вайны значная часьць (звыш мільёна) беларускага сялянства была вывезена ў глыб Расіі. З прыходам польскай окупаціі ў Горадзеншчыну і Віленшчыну першай мысьлю палякоў было не пусьціць назад беларускіх уцекачоў, але на аснове рыжскай умовы уцекачы былі ўпушчаны, але пастаўлены былі палякамі ў вельмі цяжкое палажэньне. У польскіх концэнтраційных лагерах і ізоляційных пунктах былі ўладжаны фармальныя зборнікі заразы, дзе массамі гінулі беларусы, пазбаўленыя санітарнай помачы. У гэты-ж самы час, на землі Заходнай Беларусі былі ськіраваны польскія каланісты, якія атрымлівалі землі і дзяржаўную грашавую дапамогу. Беларускія сяляне, вярнуўшыся пасьля ўсякіх труднасьцяў, знайшлі свае сялібы або аддадзенымі польскім каланістам, або выданымі ў арэнду, або спаленымі і зруйнаванымі. Туляючыся па акопах і зямлянках яны, ў дадатку, прымушаны былі вазіць лес для будаваньня сяліб польскім каланістам.

Польская палітыка імкнулася вынішчыць або выжыць з краю беларускае жыхарства. Дзеля гэтага сталася правілам, што кожды, хто назаве сябе беларусам, то ўжо гэтым самым ёсьць чалавек ня добранадзейны, а кожды хто абараняе правы беларусаў—дзяржаўны праступнік. У выніку—тысячы беларусаў, арыштаваных адміністратыўным парадкам годамі мадзелі ў польскіх турмах. Быў праведзены цэлы рад беларускіх палітычных працэссаў, на каторых фігуравалі дзясеткі і соткі абвінавачаных беларусаў. Цэлы рад беларускіх дэпутатаў у польскі сойм, падлягалі тэйжа долі (пасол Баран засуджаны на 4 годы катаргі за палітычную дзейнасьць, якая вялася ім яшчэ да ўмацаваньня польскай улады ў краю). Другія беларускія дэпутаты павінны былі пакінуць тэрыторыю Польшчы (Каліноўскі, Кахановіч, Якавюк).

Гэткая сытуація злажылася дзякуючы прыходу польскага панаваньня на тэрыторыі з нязначным, але экономічна і культурна сільным польскім элемэнтам. Паміж польскай пануючай культурна-экономічна—дзяржаўна меншасьцю і беларускай, пераважна сялянскай большасьцю, завязалася народнае і экономічнае змаганьне, комплікаваная рэлігійным і культурна-адраджэнчым момантамі.

Польскі націск выклікаў адпор: між беларусамі хутка пачала ўзрастаць народная самасьвядомасьць. Беларусы пачалі арганізавацца.

Не глядзя на ўсе агранічэньні і забароны, накладаныя на беларусаў у дзедзіне культуры, беларускія школы разрасталіся пры помачы тайнага навучаньня і ўтрымліваньня школ на прыватныя сродкі. Беларуская прэсса, не глядзя ледзь не на штодзенныя конфіскаты і арышты рэдактароў і пісьменнікаў, сыстэматычна расла, сеючы народную самасьвядомасьць і выносячы на публічны суд безпраўныя паступкі польскай улады. Коопэрація ў экономічнай дзедзіне дала шпаркі разрост беларускіх банкаў, каторыя пачалі ад абяднеўшых польскіх памешчыкаў выкупляць землі для беларускіх сялян.

І, от, спярша на грунце культурнага змаганьня, супроць сілай навязыванай беларусом польскай школы, а пасьля на грунце палітычнага і экономічнага змаганьня з зямельнымі і фінансавымі польскімі магнатамі і польскай окупаціяй, пачала хутка расьці „Беларуская Соціялістычная Сялянска-Работніцкая Грамада, каторая мела ў апошнія часы ў краю звыж 600 аддзелаў і каля 80.000 членаў. Дзякуючы чаму палажэньне ў Заходнай Беларусі ўтварылася такое, што на выпадак выбараў у новы польскі Сойм, каторыя павінны былі наступіць у 1927 годзе, польскія арганізаціі, магчыма, не правялі-бы, ад гэтага краю, ніводнага дэпутата.

І, от, наступіў разгром беларускіх арганізацій і беларускія дзеячы знаходзяцца ў польскіх турмах,— дзе пануюць сарэднявекавыя тортуры,—пад цэлай массай дзікіх і безпадстаўных абвінавачальняў.

Усе вышэйпаказаныя моманты, палажэньня беларускай большасьці ў Зах. Беларусі, былі ўзяты пад увагу пры бягучай новай спробе палякаў ліквідаваць беларускі адраджэнчы рух на захопленых імі беларускіх землях. У выніку—звыш паўтары тысячы заарыштаваных па абвінавачаньнях, змайстраваных польскай адміністраціяй для апраўданьня свайго дзікага паступку перад культурнай Эўропай.

Апошнія падзеі паказалі, што Польшча, імкнучыся да ўмацаваньня польскага элемэнту ў Зах. Беларусі і стаўляючы сабе палітычным заданьнем поўную дэнаціоналізацію окупаванага ей беларускага жыхарства, ігноруе яго самыя аснаўныя як народна-культурныя, так і палітычна-экономічныя правы і не дае магчымасьці змагацца нормальнымі спосабамі за ўцелаішчаньне сваіх правоў.

Беларусы, як недзяржаўны народ могуць апэляваць на міжнародным форуме толькі да добрародных пачуцьцяў грамадзкіх дзеячоў Зах. Эўропы. Гэта ў цяперашні момант адзіная інстытуція, якая раз ужо, ў травені 1924 г., ў асобе лепшых сваіх прадстаўнікоў, апублікаваўшы была Пратэст супроць белага тэрору ў Польшчы.

Сучаснае міжнароднае права, пабудаванае на прынцыпе „non intervention“, ня ўмешываньнеся ў унутранныя справы дзяржаў, выключае анэктаваныя народы з пад сваей апекі.

Але гуманныя пачуцьці лепшых людзей пакуль што не аддадзены пад сувэрэннасьць націй пануючых над паняволенымі народамі; яны зьяўляюцца сумленьнем сучаснага чалавецтва і я, ад імені беларускага народу, апэлюю к добрародным і свабодалюбівым пачуцьцям лепшых людзей французкай націі, арганізаваным ў Лігу Абароны Правоў Чалавека і Грамадзяніна, просячы высказацца з прычыны падзей у Заходнай Беларусі. Польшча сваімі гвалтамі на беларускіх землях папіхае беларусаў да новых мэтадаў у справе абароны сваіх правоў. Няхай-жа яна пачуе Ваша справядлівае і міралюбівае слова.

Прыміце запэўненьне ў праўдзівай і глыбокай ла Вас пашане.

25. I. 1927

В. Ластоўскі.