Ліст патрыярха Ціхана да Вацлава Ластоўскага (1922)

Пісьмо Патрыарха Ціхана
Ліст
Аўтар: Ціхан (патрыярх Маскоўскі)
1922 год
Крыніца: Часопіс «Белаурскі Сьцяг», № 1, красавік-травень 1922 г., б. 27-28

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пісьмо Патрыарха Ціхана

Старшыне Рады Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі

З прычыны Вашага ліста ад 14 студзеня г. г. за № 104, маю гонар паведаміць следуючае:

Мэморандум Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі „аб палажэньні Праваслаўнай цэрквы у Беларусі і, галоўным чынам, пад польскай окупацыей“, высланный 27 студзеня мінулага году, у свой час мною атрыманы.

Дзеля асаблівай вагі паднятых у гэтым мэморандуме пытаньняў, ён перададзен быў мною на абмяркаваньне Сьвяшчэннага Сыноду і Вышэйшай Царкоўнай Рады, складаючых пад маім старшынствам і представіцельствуючых увесь біскупат, клір і верных Праваслаўнай Цэрквы.

Пасьля самых сьціслых абмяркаваньняў, Вышэйшым Царкоўным Упраўленьнем постаноўлена:

1) пазволіць Прэасьвяшчэнным Беларускіх эпархій (Літоўскай, Гарадзенскай, Менскай, Магілеўскай, Полацкай і др.), у выпадку паступленьня ад большасьці парахіян прозьбаў аб ужываньні беларускай мовы у так званым дадатковым богаслужэньні, ў пропаведзях, катэхізацыі і др., пазваляць у тых храмах карыстацца беларускай мовай.

і 2) прапанаваць Прэасьвяшчэнным тых-жа эпархій прыступіць, калі акажацца магчымым, да выданьня на беларускай мове пропаведзяў, богагласьнікаў і Новага Завету.

Што датычэ пажаданьня Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі аб замешчаньні біскупскіх катэдраў у Беларусі асобамі, валадаючымі беларускай мовай, то ўцелаісьціць даннае пажаданьня ўжо цяпер не прадстаўляецца магчымым, бо прышлося-бы без павінных прычын змесціць некаторых біскупаў, якія, хоць і не валадаюць беларускай мовай, але з пажыткам працуюць дзеля праваслаўнай справы у Беларусі. Але у той-жа час, прызнаючы паказанае пажаданьне справядлівым, Вышэйшае Цэркоўнае Упраўленьне пастанавіла мець гэтае пажаданьне на ўвазе пры ўсіх пасьледуючых зьмешчэньнях архірэйскіх катэдр у Беларускіх эпархіях.

Павядомленьня вышэйназваным эпархіяльным Прэасьвяшчэнным па вышейпісаных двох пастановах Вышэйшага Царкоўнага Упраўленьня разасланы былі тады-ж гэтым Прэасьвяшчэнным. Прыгатавана была і адповедзь Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі, але, за нестачай аказіі, ўчарод ня магла быць адаслана, а пасьля трапіла у лік дакумантаў, апечатаных цывільнай ўладай у быўшым памешканьні Канцэлярыі Вышэйшага Цэркоўнага Упраўленьня.

Прызываю на ўвесь Беларускі Народ благаслаўленьне Божае і малітвенна жадаю, каб Господь узмацаваў яго сілы у абароне інтэрасаў роднай для яго Праваслаўнай Цэрквы.

Прызываю благаслаўленьне Божае і на Вашу працу і на працу ўсяго Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі.

Тіхон, Патрыарха Маскоўскі і усяе Русі.