Ліс і казёл
Ліс і казёл Жан дэ Лафантэн, Адам Міцкевіч 1832 Арыгінальная назва: Lis i kozioł Пераклад: Уладзімір Корбан Крыніца: Міцкевіч, А. Гражына [Текст] : вершы і паэмы : з польскай / Адам Міцкевіч. - Мінск : Мастацкая літаратура, 2003. - 254 с. - с. 159-161 |
Ужо ў гародзе быў і з гускаю пачаў вітацца,
Але няўдала скокнуў ліс
І паляцеў у студню, ўніз.
А вылезці няма чаго і спадзявацца.
Нават кіпця ўсадзіць у зруб не змог.
Хоць вады няма і нават не гразка,
Але сядзі вось цяпер, калі ласка, -
Завысокі парог
Для лісіных ног.
Вось і ўявіце сябе ў становішчы ліса!
Іншы звер пэўна б лапы ламаў,
Ды дзёр бы дурную пысу,
Ды клікаў гром, каб яго дабіваў.
Але ліс не з такіх, ён не гараваў,
Бо ведаў, што роспач - падвойванне зла.
Спакойна сядзеў, не разгубіўся
І раптам убачыў казла,
Які над студняй схіліўся,
Вылупіўшы вочы свае.
Ліс прыкінуўся тут жа, што п'е.
Прагавіта і голасна хлебча
І нібы сам сабе шэпча:
"Ну і вада, браткі мае!
П'еш, і нельга адарвацца.
Ажно цягне купацца,
Толькі ваду каламуціць шкада.
Вось гэта дык вада!"
Казёл, якому дужа хацелася піць,
Пачуўшы гэта, як закрычыць:
"Гэй, рыжы кудла! Чуеш ты? -
Прэч ад вады!"
І ў студню скок. А ліс яму на рогі,
Потым на зруб і - дай бог ногі.