Літаратурна-выдавецкая праца ў 1921 годзе
Літаратурна-выдавецкая праца ў 1921 годзе Артыкул Аўтар: Антон Луцкевіч 1922 Крыніца: Беларускія Ведамасьці, 1922. 1 студз. |
Мінулы год — гэта, з боку выдавецкага, год школьнае кнігі.
За шэсьць гадоў існаваньня беларускіх пачаткавых школ апошнія былі болейменей поўна забясьпечаны падручнікамі ў беларускай мове. Але, побач з пачаткавымі, ад канца 1918 году існуюць і беларускія сярэднія школы — гімназіі, ці, кажучы па-савецку, школы другой ступені. Вось тут справа беларускіх падручнікаў увесь час стаяла блага: паскольку ніжэйшыя клясы мелі кніжку ў роднай мове, пастольку старшыя былі прымушаны карыстацца і чужымі падручнікамі, і —дзеля некаторых прадметаў — чужой выкладовай мовай.
З гэтай балячкай трэба было энэргічна змагацца. Беларускае арганізованае грамадзянства ўжо ад пачатку году пачало гуртаваць сілы дзеля стварэньня беларускіх падручнікаў для ўсіх клясаў гімназіі. Да работы былі прыцягнены лепшыя нашы пісьменьнікі. Забясьпечаньне сярэдняй школы кнігай сталася «ўдарнай» задачай.
Канец году даў багаты плён гэтае працы. Галоўная ўвага была зьвернена на матэматычныя і гістарычныя падручнікі. I вось увосені выйшла з друку альгэбра ў дзьвюх часьцінах (апрацавана паводле Кісялёва А. Луцкевічам); за ей сьледам пачала друкавацца фізыка А. Гурэнкі, выйшла з друку тэрміналёгія па геамэтрыі, распачата апрацаваньне падручнікаў геамэтрыі і трыганамэтрыі. Далей надрукованы або друкуюцца падручнікі па гісторыі Беларусі Ігнатоўскага, па сусьветнай гісторыі (сярэднія вякі ў апрацаваньні А. Луцкевіча — надрукована, навейшыя часы ў апрацав. Я. Станкевіча і А. Смоліча — друкуецца). Урэшце надрукованы першыя геаграфічныя карты (паўкулі). Апрача таго, прыгатаўляюцца да друку падручнікі па прыродазнаўству, арытмэтыцы (I часьць у апрацав. Я. Станкевіча ўжо ў друку), гісторыі Каталіцкае і Праваслаўнае Царквы, літаратурная хрыстаматыя М. Гарэцкага і др., якія павінны дапоўніць лічбу падручнікаў усіх клясаў гімназіі.
Для пачаткавых школ зроблена багата перадрукаў з даўней выдадзеных падручнікау і надрукованы новыя, як «Родны край», ч. ІІІ і ІV, Л. Гарэцкай, беларуская правапісь з практыкаваньнямі Я. Станкевіча і др. Друкуецца пераробленая аўтаркай «Зорка», I ч., А. Смолічыхі.
Як бачым, зроблена вялізарная работа — работа не на адзін год, а для цэлых пакаленьняў! Затое ж з боку чыстае літаратуры мінулы год не багаты. У асобных выданьнях выходзілі, бадай, выключна сцэнічныя творы, як Аляхновіча «Заручыны Паўлінкі», «Птушка шчасьця» і «Няскончаная драма» (апошнія дзьве так-такі запраўды ня скончаны!), ды невялічкія зборнічкі п’ес Л. Родзевіча. Перадрукаваны быў «Снапок» А. Паўловіча. Урэшце, выйшаў «Мутэрка» М. Гарэцкага і чатыры зборныя кніжачкі літаратурных твораў (проза і паэзія), друкаваных у «Беларускіх Ведамасьцях». Вось блізу ўсё: школьная кніга адсунула на задні плян усе другія справы.
З кніжак грамадзкага значэньня і літаратурнай крытыкі адзначым тут «Адвечным шляхам» Ігната Абдзіраловіча, «Клясавае, нацыянальнае і рэлігійнае змаганьне на Беларусі» Канчара (перадрук), «Пуцяводныя ідэі беларускае літаратуры» і «Жыдоўскае пытаньне ў беларускай літаратуры» А. Навіны.
З другіх галін адзначым яшчэ выхад кніжак «Niadzielaљnija Ewanhelii» ks. Ildefonsa Bobiиa, «Lakarskija ziolki» d-ra Kraskouskaha і др.
Праглядаючы нумары газэт, якія ў мінулым годзе зьмяшчалі літаратурны матэрыял («Наша Думка», «Беларускі Звон», «Беларускія Ведамасьці»), мы сустракаем тут пераважна старыя знаёмыя імёны з М. Гарэцкім на чале. Вітаем нанова паяўленьне і доўга маўчаўшага Пётры Простага. На творстве нашых пісьменьнікаў відаць сьляды таго цяжкога палітычнага палажэньня, таго нечуванага ўціску, пад якім пакутуе наш народ. Але на гэтым сумным фоне тым ярчэй пачынае выдзяляцца новы паэтыцкі талент, зь якім мы першы раз пазнаёміліся ў друку на страніцах «Нашае Нівы» (1920 г.). Мы маем на думцы маладзенькую пясьнярку нашу Наталю Арсеньневу. Ужо зь першых вершаў яе, пісаных пераважна пад уплывам Максіма Багдановіча і Канстанцыі Буйло, веець глыбокім пачуцьцём красы, відаць багата абдораную ад прыроды душу, якой даводзілася пэўне ўжо многа злыбедаў перацярпець за нядоўгі век. Мо затым, што навокал нас усё так шэра і сумна, яна рвецца да той чыстае красы, якую найлепш уявіў у нас Багдановіч, яна паддаецца настроям чыста індывідуальнага характару, супольным з Буйлянкай. Цяжка ўлавіць істоту яе індывідуальнасьці, бо сваей, індывідуальнай дарогі ў творстве Арсеньнева йшчэ ня выявіла. Але ўжо зусім пэўна можам суліць маладой пясьнярцы сьветлую будучыну ў беларускай паэзіі.
Не затрымліваючыся на другіх імёнах, якія яшчэ не далі даволі матэрыялу дзеля іх ацэнкі, мы пяройдзем да нашае прэсы за 1920 год.
Пасьля таго, як адноўленая ў 1920 годзе «Наша Ніва» была прымушана прыпыніцца з прычыны немагчымых адносін да яе ваеннае цэнзуры, як штадзенная беларуская газэта ў Горадні «Беларускае Слова» была безь ніякае прычыны зачынена польскаю ўладаю, лепшыя публіцыстычныя сілы гуртуюцца ў «Нашай Думцы», а пасьля зачыненьня яе — у «Беларускім Звоне», «Кrynісy» і «Беларускіх Ведамасьцях». Ведама, ненармальныя палітычныя варункі вельмі абмежавалі магчымасьць свабоднага выяўленьня думак і настрояў грамадзянства («Кrynica» зачынена ў канцы году). Усё ж у публіцыстыцы прыбыло вельмі многа новых іменьняў. Асабліва горача адгукнулася вёска: лічба карэспандэнцый зь вёскі ўва ўсіх названых часопісях надта вялікая. Немагчымасьць вольна пісаць аб сучаснасьці прымушала нашых публіцыстаў шукаць тэмаў у нядаўнай нашай палітычнай мінуўшчыне, у жыцьці эканамічным (каапэрацыя) і т. п. Зьяўляецца і доўгі сьцяг прац, якія стараюцца аналізаваць і паглыбляць самую беларускую ідэю, займаюцца дасьледамі ў розных галінах нашае культуры (асабліва «Наша Думка»).
Мы тут гаворым аб беларускіх ідэйных часопісях: аднак дзеля паўнаты абраза трэба адзначыць і тыя часопісі ў беларускай мове, якія служаць чужым багом і беларускімі зьяўляюцца толькі па мове. Да такіх належыць тыднявік «Jednaњж», памершая пасьля некалькіх нумараў ад бяскроўнасьці, «Родная Страха» і пачаўшая надовічы выхадзіць штадзенная «Раніца», якая становіць агітацыйны лісток за выбары ў Віленскі Сойм. З гэтай прэсай чыста служэбнага характару немагчыма лічыцца як з голасам грамадзянства, а выключна як з мамэнтам барацьбы польскае ўлады з арганізованай беларускай грамадзкасьцю.
Патрэба даваць адпор гэтай прэсе, варожай беларускай справе, выклікала да жыцьця новы тып выданьняў: гэта — палітычныя аднаднёўкі, якія, не баючыся рэпрэсій з боку ўлады і зачыненьня, выкрываюць ўвесь бруд так званай алексюкоўшчыны (— ад імя Алексюка, каторы зьяўляецца арганізатарам гэнае прадажнае, «услужаючай» прэсы).