Літаратурны плягіят
Літаратурны плягіят Артыкул Аўтар: Антон Луцкевіч 1924 Крыніца: Сын Беларуса. 1924. 5 верас. |
Сярод беларускіх пісьменьнікаў 40—50-х гадоў мінулага сталецьця бачым дзьве групы, якія розьняцца міжы сабой адбіцьцём на іх двух розных культурных уплываў: польскага і маскоўскага. Пераважаюць пісьменьнікі, узгадаваныя ў польскай культуры, — і гэта зусім зразумела: польскім уплывам падлягала вялізарная большасьць краёвае шляхоцкае інтэлігенцыі, зь якое рэкрутаваліся нашыя першыя аўтары; да таго ж высокаразьвітае ў палякаў нацыянальнае пачуцьцё прабуджала такое ж пачуцьцё ў беларусаў, хоць і ўзросшых пад чужацкімі ўплывамі, пад той час як для нашай абмаскоўленай інтэлігенцыі, прадстаўляўшай меншасьць, нацыянальныя пытаньні блізу не існавалі, як не існавалі яны для «дзяржаўнай» маскоўскай нацыянальнасьці, не адчуваўшай, што такое нацыянальны ўціск.
У «Гісторыі беларускае літаратуры» Максіма Гарэцкага пісьменьнікам нашым з польскай культурай і адводзіцца шмат больш месца, чым пісьменьнікам, узгадаваным пад маскоўскімі ўплывамі і пісаўшым пераважна па-расейску. Спасярод апошніх разгледжана творчасьць адно толькі Паўлы Шпілеўскага, у якім, паводле характарыстыкі Гарэцкага, «пастаянна змагаўся этнограф з бэлетрыстам» — заўсёды з шкодай і для этнаграфіі, і для бэлетрыстыкі.
Але і агляд твораў П. М. Шпілеўскага ў Гарэцкага — далёка ня поўны. Наш паважаны гісторык роднае літаратуры ўспамінае адзін толькі твор Шпілеўскага: «Падарожу па Палесьсю і Беларускаму Краю», надрукаваны ў журнале «Современник» за 1853, [185]4 і [185]5 гг. і выпушчаны ў 1858 годзе асобнай кніжкай. Затое Гарэцкаму невядома «спроба пяра» Шпілеўскага на грунце драматычнае творчасьці, якую прадстаўляе кніжачка «Дожинки. Белорусский народный обычай. Сценическое представление в двух действиях, с хорами, песнями, хороводами и плясками белорусскими. Соч. П. М. Шпилевского. Санкт-Петербург, 1857 г.» — з прадмовай, Х і 60 стр. іn 16о. А іменна гэты твор найлепш і пацьвярджае пагляд Гарэцкага на творчасьць Шпілеўскага.
Дый Шпілеўскі ня гоніцца за славай паэта-драматурга: у прадмове сваей да «Дажынак» аўтар кажа, што «назваўшы твор свой сцэнічным прадстаўленьнем, а ня драмаю ці камэдыяй», ён «ужо гэтым самым абазначыў зьмест яго, які, безь ніякіх пасяганьняў на драматызм ці камізм, зьмяшчае нарыс народнага жніўнага сьвята ў форме сцэнічнага твору». Пісаў ён гэты твор дзеля таго, каб пазнаёміць расейскае грамадзянства (твор напісаны мяшанай мовай — беларускай, зь перакладамі на расейскую, і расейскай) зь Беларусьсю. «А ў нас, — кажа ён у вынасцы на 1-ай страніцы, — так мала ведаюць аб Беларусі (для многіх яна terra incognita), нягледзячы на тое, што яна становіць значную паласу нашае айчызны і да таго паласу першапачатнае старадаўнае племянное Русі».
Прадмова Шпілеўскага, пасьвячоная пытаньню аб паходжаньні беларускіх дажынак, мо зьяўляецца найбольш цэннай часткай кніжкі, а гэта затым, што самыя «Дажынкі» як «сцэнічнае прадстаўленьне», коратка кажучы, сьпісаны зь «Сялянкі»В. Дуніна-Марцінкевіча!
Ужо самы замысел «Дажынак» з пераадзяваньнем паненкі Веры Палескай за сялянку ўзяты жыўцом у Марцінкевіча. Розьніца толькі ў тым, што Вера Шпілеўскага, пераадзеўшыся за сялянку, ідзе жаць на дажынках у свайго жаніха Пётры Драўлянскага, проста, каб зрабіць апошняму сюрпрыз, — а Юлія Марцінкевіча робіць свой маскарад зь ідэйнай мэтай: каб прывабіць прыехаўшага з падарожы па Эўропе свайго кузэна Кароля Лятальскага да беларускага сялянства і гэтак удзяржаць яго ў ягоным сямейным гнязьдзе, дый даць сялянам добрага гаспадара і апекуна.
Але асабліва ярка кідаецца ў вочы «запазычаньне» ў Марцінкевіча, калі пачнем чытаць твор Шпілеўскага ад першае сцэны. Як і ў «Сялянцы», рэч дзеецца перад карчмой, куды войт Навум (той самы, што і ў Марцінкевіча, бо таксама сыпле прыгаворкамі!) загадаў сялянам сабрацца, каб выслухаць панскі прыказ. Зьяўляецца сярод сялян і марцінкевічаўскі Ціт. Як у «Сялянцы», сабраўшыяся робяць розныя дагадкі аб прычыне войтаўскага загаду ды кажуць аб камэце, — так і Ціт у Шпілеўскага, пачуўшы, што войт Навум сядзіць у карчме, кажа: «Ну, дык пойдзем туды да яго... што ж ён за камэта гэткая?»
Арандар панскае карчмы Янкель — гэта ў «Дажынках» двайнік Марцінкевічаўскага арандатара Іцкі. — Шпілеўскі паўтарыў навет выведзены Марцінкевічам эпізод зь мелам, на канцы раздвоеным: пры запісваньні на дошцы доўгу за выпітую гарэлку — Навум, пацягнуўшы мелам раз, сам робіць дзьве рыскі...
Аднак у трахтоўцы выведзенага жыда ў Марцінкевіча і Шпілеўскага ёсьць вялікая розьніца. Марцінкевіч — далёкі ад усякага антысэмітызму і малюе свайго Іцку безь ніякае злоснае тэндэнцыі: проста, як бытавы абразок. І адносіны паміж сялянамі і жыдом пазбаўлены ў Марцінкевіча і ценю варожасьці, нацыянальнае нянавісьці. Ня тое ў Шпілеўскага: ён ужо ў прадмове гаворыць, што аднэй зь яго мэт зьяўляецца, па магчымасьці, адмаляваць адносіны сялян да жыдоў і наадварот, і адносіны гэтыя —злосныя, грубыя, з узаемнымі лаянкамі, пракляцьцямі, выражэньнямі ўзаемнае пагарды...
Затое «мілых беларускіх мужычкоў», аб якіх з такім захопленьнем гаворыць Вера ў «Дажынках», Шпілеўскі ідэалізуе на ўзор Марцінкевіча. Таксама і паны яго наскрозь пранікнуты марцінкевічаўскай патрыярхальнасьцяй, айцоўскімі адносінамі да «мілых мужычкоў».
З боку чыста мастацкага «Дажынкі» шмат уступаюць творам Марцінкевіча. Тут запраўды не прыходзіцца шукаць «ані драматызму, ані камізму», як папярэдзіў у сваей прадмове сам Шпілеўскі.
З боку этнаграфічнага — цікаўныя песьні беларускіх сялян, сьпяваныя ў часе дажынак, пры сьплятаньні вянка, пры аддачы яго пану і т. п. (усяго 8 нумароў). Хаця беларускія тэксты пісаны паводле расейскага правапісу, але ўсё ж такі запісаны з боку вымовы даволі правільна, з захаваньнем аканьня. Цікава такжа імя «Талака», даванае дзяўчыне, якая нясе пану вянок і сноп жыта наперадзе грамады жней. На жаль, — і тут якраз выяўляецца дылетантызм у этнаграфічнай працы Шпілеўскага! — аўтар ані ў прадмове, ані ў п’се не выясьняе, зь якіх ваколіц Беларусі ўзята апісаньне дажынак. Толькі паходжаньне Шпілеўскага зь Меншчыны, «у глухіх куткох якое прайшло яго маленства» (гл. Гарэцкага), дае аснову думаць, што Шпілеўскі апісуе звычай з сваей, бліжэй не азначанай, бацькаўшчыны.
Мо ў каго ўзьнімецца пытаньне: з чаго ж відаць, што плягіят зрабіў іменна Шпілеўскі, а не Марцінкевіч? Вось жа на гэта перш-наперш паказуюць даты выхаду ў сьвет памянёных двух твораў Марцінкевіча і Шпілеўскага: «Сялянка» надрукавана ў 1846 годзе[1], «Дажынкі» — у 1857. Дый паміма таго даволі ўчытацца ў адзін і другі твор, каб пераканацца, каторы зь іх — арыгінал.
Чым жа можна вытлумачыць тую сьмеласьць, зь якой Шпілеўскі «запазычыў» гэтак многа ў Марцінкевіча? І на гэта лёгка знайсьці адказ: абодва пісьменьнікі належалі да дзьвюх розных па культурных уплывах груп, і пад той час, як Марцінкевіч пісаў «Сялянку» мяшанай мовай польскай і беларускай, прызначаючы яе пераважна для краёвае спольшчанае інтэлігенцыі, — Шпілеўскі пісаў па-расейску і па беларуску, разьлічаючы на расейскае грамадзянства, меўшае вельмі мала стычнасьці з краёвымі «палякамі» (— «палякамі» па мове). Дык і вялікае рызыкі не было, што «пазыка» можа выкрыцца. Ды яна, відаць, і ня выкрылася пры жыцьці абодвух аўтараў, з каторых адзін, Шпілеўскі, быў безумоўна пад уплывам свайго земляка Марцінкевіча. Плягіят выявіўся толькі сяньня, калі мо ўжо не захаваўся і сьлед ад магілы яго аўтара...
- ↑ Напісана «Сялянка» не пазьней пачатку 1844 году, бо на друкаваным экзэмпляры ёсьць дзьве даты: дазвол цэнзуры на друкаваньне — 5 мая 1844 г. і «адабрэньне» дзеля прадстаўленьня — 27 студня 1845 г. Надрукаваная ж у Вільні (друк. Завадзкага) у 1846 г.