Літоўскія старажытнасці

Літоўскія старажытнасці
Артыкул
Аўтар: Адам Кіркор
1854 (пераклад 2021)
Арыгінальная назва: Литовския древности
Пераклад: Nejrust
Крыніца: Адам Кіркор. Черты из истории и жизни литовского народа, стар. 7—20
Вялікі князь Вітаўт

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




(ТЛУМАЧЭННЕ ВІНЬЕТКІ)

правіць

У цяперашні час, калі Літоўскія старажытнасці звяртаюць на сябе асаблівую ўвагу навукоўцаў, думаю, небескарысна будзе прадставіць хоць некалькі агульных нарысаў з гісторыі і міфалогіі некалі магутнага Літоўскага Княства. З гэтаю мэтай адлюстраваныя на далучанай віньетцы руіны замкаў, якія існуюць дагэтуль, і некаторыя прадметы, здабытыя з нетраў зямлі, дзе праляжалі яны цэлыя стагоддзі.

Як гісторыя Літвы, так і помнікі яе старажытнасці амаль да паловы цяперашняга стагоддзя заставаліся неразгаданымі. Гісторыя – гэта храм, у якім павінны змоўкнуць жарсці, жаданні, жыццёвыя сувязі і стасункі. Гісторык – гэта жрэц ісціны, які кідае на яе алтар часам ня толькі ўласныя выгоды, але сам спакой. Суд сучаснасці рэдка бывае справядлівы для гісторыка свайго народа; фанатызм, прыхільнасць ганьбяць доблеснае імя, якому наканавана быць увянчаным будучым пакаленнем, калі падзеі і час суцішаць жарсці, знішчаць жаданні, якія адштурхоўваюць гістарычныя ісціны, ісціны неабвержныя, але растаптаныя недасведчанасцю ці памылковай думкай. І шчаслівы гісторык, калі пры жыцці знойдзе хоць нешматлікіх людзей, здольных ацаніць яго працу і самаахвярнасць.

Гісторыя Літвы і яе сталіцы, Вільні, абавязаная сваім быццём Тэадору Нарбуту[1] і Юзафу Ігнату Крашэўскаму[2]. Яны вызвалілі мінулае гэтай цікавай краіны з хаосу, у якім яно блукала датуль; вызвалілі ад кайданоў памылковых поглядаў і праклалі выдатную ніву будучым даследчыкам. Шмат навукоўцаў кінуліся ўжо на гэтую ніву, многіх працы прыносяць ужо некаторую карысць; але паўтараем, галоўная заслуга належыць бясспрэчна Нарбуту і Крашэўскаму, і належыць не толькі таму, што яны першыя прысвяцілі свае працы гэтаму прадмету, але і таму асабліва, што ў працах гэтых бачная асноўная мэта: увасобіць вялікае прызначэнне Гісторыка, г. зн. выказаць ісціну, заснаваную на фактах, крытыцы, меркаванні і чыстай бесстароннасці.

Колькі гісторыя Літвы абавязаная Нарбуту і Крашэўскаму, столькі ж археалогія гэтага цікавага краю абавязаная Графу Яўстаху Піевічу Тышкевічу[3]. Ён першы звярнуў увагу на гэты важны прадмет і шматгадовымі працамі паспеў зрабіць значна больш, чым колькі можна было чакаць ад адной прыватнай асобы. Да таго ж Граф Тышкевіч прыкладам сваім спарадзіў любоў да навукі, спарадзіў пераймальнікаў, што з карысцю працуюць на гэтай цудоўнай ніве.

Віленская губерня – цэнтр старажытнага Літоўскага Княства багацейшы за іншыя помнікі мінуўшчыны. Дзякуючы таленавітаму Віленскаму мастаку Вінцэнту Дмахоўскаму[4], нам удалося прадставіць хоць некалькі з гэтых помнікаў. Вось кароткае тлумачэнне кожнага з іх. Пачнем з Пяркунаса і дубоваго дрэва; але, каб растлумачыць думку мастака, мы павінны папярэдне хоць некалькі паглыбіцца ў Літоўскую міфалогію.

Паганская вера Літоўцаў паходжання Ўсходняга; у ёй выяўляюцца міфы Персідскія, Індыйскія, а таксама Рымскія і Скандынаўскія. З гэтых разнастайных пачаткаў час і абставіны ўтварылі адзінае цэлае, галоўны грунт якога – пакланенне сонцу, зоркам і агню. Вось некаторыя з філасафічна-рэлігійных паняццяў старажытных Літоўцаў. Свет, на думку іх, існаваў спрадвеку. Усё, што існавала ў свеце, было увасобленым боствам. Яно выяўлялася дваяка: як дабрадзейнае ці як пагібельнае – было дабром ці злом. Гэтыя два пачаткі, знаходзячыся ў пастаяннай барацьбе паміж сабою, засяроджваліся ў крыніцах дабра і зла. Паняцце аб вярхоўнай сіле выяўлялася ў сляпым вераваньні ў прадвызначэнне. Яно кіравала ўсім, ад пясчынкі да дзяржавы. Ад яго залежала доля не толькі людзей, але і багоў. Вярхоўная істота вызначала лёс сабе, людзям, зямлі, раслінам, ўсяму, і ніхто і нішто, самая гэтая істота не маглі пазбегнуць гэтага лёсу або перамяніць яе. Сам грэх быў вынікам не злой волі чалавека, але прадвызначэння, і хто зграшыў, той не мог не зграшыць.

Жыццё вынікае з двух пачаткаў – дабра і зла; – сілы стваральнай і сілы знішчальнай. Вось таму апошняй пераважна і пакланяліся Літоўцы як сіле грознай – уладарніцы жыцця.

Душы не ведалі Літоўцы; але яны разумелі дух, іскру боства. Пасля смерці, дух вяртаўся ў нетры боства або заставаўся на зямлі і пераходзіў у іншае цела. Не гледзячы на безумоўнае вераванне ў прадвызначэнне, Літоўцы чакалі ўзнагароды і пакарання пасля смерці. Узнагарода чакала таго, хто пакорліва скараўся лёсу; пакаранне таго, хто адважваўся пярэчыць ёй. Грэх мог быць збаўлены прынясеньнем ў ахвяру сябе самога, або прадмета дарагога сэрцу. Самым страшным пакараннем лічылася асуджэнне духу пасля смерці на вечную нікчэмнасць. У адваротным выпадку дух, які ўляцеў у вышыню або пакінуты на зямлі, не пераставаў быць вечна.

Сіламі духу лічыліся розум, памяць, уяўленне, увага, досціп; апошні падпарадкоўваўся розуму. Здольнасці і схільнасці атрымліваліся з нараджэннем; у адваротным выпадку набыць іх не было магчымасці ні працай, ні намаганнямі, ні досведам жыцця.

Добрае, прыгожае, высакароднае вынікае з добраго пачатку. Праўда і закон значылі адно і тое ж. Закон, які спрадвеку існаваў, быў увасабленнай праўдай. Закона нельга было стварыць, але толькі адшукаць; бо ён быў праявай вечнай ісціны. Звычай быў паважаны, як памяць мінуўшчыны; ад гэтага нават загана, пад покрывам звычаю, была дапушчальнай.

Прадметы, якія не прыносяць сапраўднай карысці, падлягалі знішчэнню. Прыгнечаныя гадамі, невылечныя пакутнікі стогнамі сваімі абражалі Вярхоўную сілу, і таму іх прыносілі ў ахвяру.

Дарэмна думаюць некаторыя, што ўлада Крэва-Крывейты, г. зн. Вышэйшага жраца, была неабмежаванай. Яна падпарадкоўвалася закону. Крэва- Крывейта загадваў імем багоў; але гэтыя загады ўзгадняліся са звычаямі і старажытнымі паданнямі.

Літоўцы пакланяліся свяцілам нябесным. Сонца было крыніцай жыцця. З яго з'яўленнем, Літовец верыў у сваё існаванне; з яго заходам, трывожная думка ім авалодвала: ён баяўся, ці вернецца сонца, ці вернецца жыццё? Гэтае пакланенне найстаражытнае ў Літоўскай міфалогіі, спарадзіла пакланенне агню, званаму Зніч. Агонь ці Зніч быў нязгаслым; яго пільнавалі жрацы і жрыцы (Вайдалоты і Вайдалоткі). У далейшым, калі сталі пакланяцца ідалам і вераванне ў іх злучылася з вераванням у агонь, Зніч запальваўся перад ідаламі.

Адным з галоўных ідалаў Літвы ў апошні час паганства быў Пяркунас – бог маланкі (намаляваны ўнізе віньеткі). Балван ягоны ставілі пад дубам, а перад ідалам стаяў ахвярнік з непагасным Знічам.

Дуб быў прысвечаны выключна гэтаму ідалу. Дуб і Пяркунас зліваліся ва ўяўленні Літоўцаў; яны шанаваліся святымі і да іх звяртаўся Літовец ва ўсякім выпадку. Ўсялякі прадмет, у які ўдарыў гром, шанаваўся святым. Чалавек, забіты громам, шанаваўся шчаслівым ў будучым жыцці. На думку Літоўцаў, у шалупінні жалудоў, сасланае было багамі насенне хлеба; паданне таксама ўзгадвае, што старажытныя Літоўцы сілкаваліся жалудамі. Паданне і нават Прускія хронікі кажуць, быццам святыя дубы і зімою і летам былі зялёныя. Ня толькі дубовы лес, але і асобныя дрэвы, асабліва старыя, атрымлівалі боскую пашану; іх атачалі платамі, або каменнаю сцяною і пакланенне ім доўга яшчэ працягвалася нават пасля хрышчэння Літоўцаў, а падчас хросту, Літоўцы хутчэй згаджаліся знішчаць ідалаў, чым дакранацца да векавога дуба, сведкі мінулых пакаленняў. І доўга пасля хрышчэння дубовыя лясы лічыліся святымі, і сёньня яшчэ просты народ, асабліва ў Трокскім павеце, аказвае ім несвядомую, радавую павагу. Галоўныя храмы Пяркунас і свяшчэнныя дубовыя гаі былі ў Крэве, Ромаве, у Вільні і ў іншых месцах. У Вільні, дзе цяпер Р. К. Сабор і плошча, - распасціраўся дубовы лес. Даліна гэтая называлася далінаю Світарога, прах якога быў тут спалены сынам яго Гермундам[5]. Апошні ў 1265 году заснаваў тут храм Пяркунаса. Храм меў у даўжыню каля 150 аршын, у шырыню 100, вышыня сцен распасціралася да 15 аршын. Храм быў без даху, з адным уваходам з заходняга боку, з супрацьлеглага боку якога была капліца з рознымі пасудзінамі і святымі прадметамі, а пад ёю пячора, дзе захоўваліся змеі, жабы і іншыя гады. Вось у гэтым храме стаяў ідал бога маланкі Пяркунаса, прывезены з Палангена. Тут было ўзвышэнне накшталт галерэі, у 16 аршын над сцяною. У галерэі змяшчаўся галоўны ахвярнік на п'едэстале з 12 прыступак, з якіх кожная была паўаршына вышынёю і 3 аршыны шырынёю; ахвярнік або алтар быў вышынёю 3 аршыны, а шырынёю 9 аршын. На гэтым алтары гарэў непагасны Зніч. Агонь палаў ва ўнутраным паглыбленні ў сцяне, зробленым так умела, што яго не маглі пагасіць ні вецер, ні дождж, а наадварот яшчэ павялічвалі полымя. На прыступках пазначаны быў бег Месяцу.

Пяркун (на віньетцы) пастаўлены на каменным молаце. Такія ж два молаты, толькі ў меншым памеры намаляваныя уверсе віньеткі побач з партрэтамі. Вялікі молат знойдзены пад Слуцкам, меншыя знойдзены былі пад Вільняй, у Мінскай губерні і ў іншых месцах. Малаты гэтыя знаходзяцца ў рэдкім зборы Літоўскіх старажытнасцяў у Гр. Я. П. Тышкевіча. Наогул знойдзеныя ў зямлі малаты можна падзяліць на тры роды: 1. Молаты з адтулінай ўнутры, куды укладвалася дрэўка. 2. Без адтулін, пляскатыя, з аднаго канца завостраныя без усякага следу, каб мелі аправу, і 3. ад паловы звужаныя для аправы ў дрэўка. Даўжыня іх бывае ад 2 да 10 вяршкоў. Думаюць, што яны ўведзены ва ўжытак Скандынавіяй падчас іх перасялення ў гэтую краіну, таму што такія менавіта малаты пераважна знаходзяць у Нарвегіі, а таксама і таму, што род каменя, з котораго яны зроблены, паўночны, у тутэйшых краінах невядомы. Якое менавіта было прызначэнне гэтых молатаў з дакладнасцю вызначыць немагчыма. Некаторыя мяркуюць, што яны служылі зброяй, перш чым сталі для гэтага ўжываць жалеза. Але хутчэй меркаваць можна, што яны, як зброя, ўжываліся толькі начальнікамі войскаў і іншымі прывілеяванымі ваярамі, ці ж служылі прыладай для забойства ахвяраў, якія прыносіліся багам, а гэта апошняе тым верагодней, што некаторыя малаты такія вялікія, што імі з цяжкасцю можна было валодаць у бітве. Сякіры і Сякеры (намаляваныя па правую руку ад Пяркунаса і ў самым версе віньеткі) былі большай часткай бронзавыя. Іх знаходзяць у курганах, дзе іх зарывалі разам з попелам памерлага. Падобным жа чынам знаходзяць і розныя жаночыя ўборы як напр.: прадстаўленая тут жаночая шпілька з ланцужком (па левую руку ад Пяркунаса) і нешта накшталт караляў (уверсе на дрэве, паміж партрэтамі). Шпілька гэтая з бронзы служыла для валасоў; ад яе ішоў у тры рады ланцужок, які абвіваў галаву, кожны ланцужок меў у даўжыню паўтара аршыны і кожны завяршаўся завостранымі паўмесяцамі, верагодна, для прымацавання да ўбору на шыі ці на грудзях. Шпілька гэтая знойдзена ў Ковенскай губерні ў маёнтку Падубіс, памешчыка Клета Бурбы. Шыйны ўбор, таксама бронзавы, знойдзены ў Палангене.

Дзве фігуркі (з кампазіцыі, накшталт звонавага металу) з адсечаных рукамі, выяўляюць абодва бакі ідала, знойдзенага ў зямлі ў Ковенскай губерні. Гр. Я. П. Тышкевіч мяркуе, што гэта бог вайны Кавас, ад імя якога Літоўцы называюць месяц Сакавік Кавасам, падобна таму, як і Рымляне называлі гэты месяц Мартам ад Марса.

Пад дубам прадстаўлена баявое адзенне літоўскага ваяра – начальніка. У глыбокай старажытнасці, Літоўцы, замест латаў і панцыраў, насілі мядзведжыя шкуры поўсцю ўверх. Шкура з галавы звера і ягоная сківіца, з зубамі, служылі замест шалома. Але з часу нападаў і безупыннай барацьбы з Рыцарамі, яны пазнаёміліся з шаломам і панцырам, хоць мядзведжая шкура доўга яшчэ складала прыналежнасць адзення літоўскага воіна.

Паміж партрэтамі змешчана вензельная выява імя Вітаўта A.W., г.зн. Аляксандр-Вітаўт[6]; яно было вышыта на сцягах яго войскаў.

Аб'ём артыкула не дазваляе нам уваходзіць у большыя падрабязнасці Літоўскіх старажытнасцяў, здабытых з нетраў зямлі. Пяройдзем да помнікаў, якія да гэтага часу яшчэ існуюць на яе паверхні.

РУІНЫ ЛІДСКАГА ЗАМКА[7]

правіць

Горад Ліда пабудаваны на самым рубяжы старажытнай Літвы і плямёнаў Славянскіх. Заснаванне яго адносяць да другой паловы XIII стагоддзя, калі ўдзельнае Дайноўскае Княства было заваявана Літоўцамі. З таго часу Дайнова, сталіца Княства[8], саступіла месца Лідзе, якая ў пачатку, верагодна, была невялікім паселішчам Літоўскім[9]. 1) Замак пабудаваны ў 1326 годзе В. Кн. Гедымінам. Будавалі яго Кіеўскія муляры і Рускія палонныя з Валыні. Замак акружаны з трох бакоў вадою, а ад горада глыбокім ровам. Кожная з чатырох яго сцен мае даўжыні 32 саж. таўшчыні 2 саж. і вышыні 5 саж. і 2 арш .; на супрацьлеглых кутах знаходзяцца руіны дзвюх высокіх вежаў; каля паўночна-усходняй вежы – брама. У адной з вежаў замка з самага яго заснавання знаходзілася дамавая царква. Ягайла аддаў Ліду ў валоданне свайму улюбёнцу Вайдылу.[10] Зрэшты, да 1392 года, нягледзячы на міжусобныя і знешнія войны і розныя палітычныя перавароты, якія адбываліся ў Лідзе, гісторыя маўчыць пра мясцовы замак. У гэтым годзе Князь Вітаўт з Крыжакамі пад кіраўніцтвам Гросмайстра Конрада Валенрода, выгнаўшы ў Ліды Князя Карыбута, пакінутага ў замку з Северскім войскам для абароны краю, узяў замак і спустошыў горад. Вялікая колькасць зброі і іншых вайсковых рыштункаў засталіся ў руках непрыяцеля. У 1394 годзе Крыжакі, падбухтораныя Князем Свідрыгайлам пад правадырствам Гросмайстра Конрада-Юнгінгена, уварваўшыся ў Літву і спусташыўшы яе прастору паміж Гародняй, Коўняй і Вільняй, паўторна напалі на замак і разрабавалі яго. З 1396 па 1399 год з дазволу В. Кн. Вітаўта, Хан Кіпчакскай Арды Тахтамыш, пасля сваіх ўцёкаў з Арды, жыў у гэтым замку са шматлікай сваёй світай. У 1406 годзе Смаленскі Князь Юрый Святаславіч, жадаючы вызваліць сваю жонку, якая была ў палоне ў Лідзе, нападаў на замак; але Лідскі Стараста Якаў Сяліцкі адбіў яго і выгнаў. У 1434 годзе зрынуты з трона Жыгімонтам Князь Свідрыгайла, ідучы са значнымі сіламі да Вільні, абрабаваў і спаліў Ліду, але замак не мог узяць. Неўзабаве пасля таго, паводле загаду Жыгімонта, былы Хан Кіпчакскай Арды Хаджы Гірай прызначаны Лідскім Старастаю і жыў стала ў замку да 1443 года, калі, паводле просьбы Крымскіх Татараў, узведзены Каралём зноў на Ханскую годнасць. У гэтым жа годзе жыў летам у Лідскім замку Князь Казімір, ці доўга, невядома; у 1553 г. Праваслаўная Царква перанесена з Замку ў нанава пабудаваную сярод гораду ў імя Св. Георгія. У 1659 г., пад час вайны з Расіяй Замак быў узяты Князям Хаванскім і апустошаны, а горад спалены і разбураны дарэшты. У пачатку XVIII стагоддзя Шведы, падчас бесперапынных паходаў праз Літву, разбурылі ў многіх месцах замак і зусім разрабавалі яго. Архіў з замка пасля быў вывезены Расейцамі ў Смаленск, дзе згарэў у 1812 годзе. На працягу мінулага стагоддзя замак яшчэ падтрымліваўся лідскімі старастамі, якія ў ім знаходзіліся; але з 1794 году, цалкам разбураны і спустошаны, і дагэтуль, не гледзячы на усескрышальны час, стаіць, як нямы пяцісотгадовы сведка ўсіх падзей і пераменаў, якія адбыліся на Літоўскай зямлі.

БЕРНАРДЫНСКАЯ ВЕЖА[11]

правіць

У Вільні ўсе захапляюцца гатычным касцёлам Св. Ганны, забываючы пра існаванне яшчэ адной цудоўнай вежы ззаду касцёла Бернардынаў, выдатнай, як помнік гатычнага стылю ў гэтым краі, так і таму, што дае нам разуменне аб ранейшым касцёле Бернардынаў, шмат разоў спустошаным пажарамі. Столькі ўжо было відаў касцёла Св. Ганны, а ніхто не згадаў пра гэтую вежу. Вось чаму мы вырашыліся прадставіць яе на віньетцы. Палова цяперашняга франтона Бернадынскага касцёла дабудаваная ў пачатку цяперашняга стагоддзя, пасля пажару ў час вайны 1794 году; дабудова гэтая вельмі прыкметная на першы погляд. Дакладна таксама дабудаваны і галоўны прастол, але ацалела яшчэ адна вежа, па правым баку, менавіта тая, пра якую мы гаворым. З вуліцы бачная толькі яе вяршыня, але, каб добра разглядзець гэтую цікавую вежу, трэба ўзысці на двор Бернардынскага манастыра, ззаду касцёла; адтуль яна велічна ўзносіцца з камяніц, якімі занесена. Яна васьмікутовая, значна вышэй крайніх вежаў Св. Ганны, і да гэтага часу ацалела ў такім выглядзе, як была пабудавана ў 1469 годзе Казімірам Ягелонам. Такая ж дакладна вежа знаходзілася і па левым баку галоўнага прастола, але цяпер і слядоў яе не відаць.

РУІНЫ МЕДНІЦКАГА ЗАМКА[12]

правіць

Гэта адны з самых вартых увагі руінаў у тутэйшай краіне. Меднікі (у крыжакоў Medeniken) былі загараднай рэзідэнцыяй Князёў Літоўскіх, куды прыязджалі яны пераважна летам для палявання. Час заснавання замка невядомы; але старажытнасць яго даказваецца тым, што тут не рэдка знаходзіўся В. Кн. Альгерд са сваёю жонкаю Юльяніяй. Дарога, якая вядзе з Вільні ў гэты замак, а потым гарадская брама, цяпер Вострая, зваліся Медніцкімі. У 1385 годзе Вялікі Магістр Конрад Цольнер 4 тыдні прастаяў пад Меднікамі, ладзячы вучэнні і манеўры ў гонар Св. Георгія і адбіваючы напады Літоўцаў[13]. Тут часта жыў вядомы Летапісец Длугаш з сынамі Казіміра IV, якіх быў настаўнікам; тут жа знаходзілася хатняя капліца, у якой некалькі гадоў спачывалі мошчы Св.Казіміра да перанясення іх у Вільню ў пабудаваную Жыгімонтам III і Уладзіславам IV капліцу, г. зн. да 14 верасня 1636. Капліца гэтая дагэтуль ацалела[14].

Цяперашнія руіны складаюць чатырохкутную каменную сцяну з цэглы і камянёў, даўжынёю каля 249 аршын, шырынёю 195, вышынёю 16. Усярэдзіне шырокі пляц, які змяшчаў усе будынкі замка, якія, верагодна, былі драўлянымі. На паўночна-ўсходнім куце была чатырохкутная ў тры паверхі вежа, з якіх у кожным магло быць па два вялікія пакоі. Яшчэ ў мінулым годзе я бачыў дубовую лесвіцу, якая вядзе ў другі паверх. Увесь замак акружаны глыбокім ровам.

Меднікі знаходзяцца на адлегласці ад Вільні ў 28 вёрстах па Ашмянскім тракце.

ЗАМКАВАЯ ГАРА Ў ВІЛЬНІ[15]

правіць

Тут прадстаўлена толькі частка Замкавай гары насупраць Кафедральнага Р. К. Сабору, з вежаю старажытнага замка, ператвораную ў 1839 г. з драўлянай прыбудовай у тэлеграф. Гара гэтая грае важную ролю ў гісторыі Вільні; каб распавесці яе гісторыю, трэба хіба распавядаць цэлую гісторыю горада. На ёй забіты знакаміты тур Гедымінам, тут першы падмурак Вял. Княжацкага жытла з паганскім храмам, ператвораным пры Альгердзе ў праваслаўную царкву[16], а пры Ягайлу ў Р. К. касцёл Св. Марціна, разбураны пажарам, але яго сляды яшчэ да сёння бачныя. У 1396, 1513, 1520 1538, 1542 г. замак вынішчаўся пажарам. У часы Жыгімонта Аўгуста [19] тут разьмяшчалася багатая яго бібліятэка, пакінутая ім Езуітам, а яшчэ раней быў Арсенал, заснаваны В. Кн. Аляксандрам і які называўся Александрыйскім. Касцёл Св. Марціна ўжо пад канец XVI ст. быў у руінах. З часоў Яна Казіміра (1655-1661) разбураны падчас вайны з Расіяй, не паўстаў болей. Навуковец Нарбут сцвярджае, што замак гэты меў падземны ход або тунэль з лесвіцаю, што вядзе да ракі Вяллі. Тунэль гэты мог быць зроблены як для дастаўкі вады ў верхні замак, так і для ўцёкаў падчас небяспекі. Падобным чынам бег В. Князь Яўнут, калі, пасля смерці маці ягонай Евы, Трокскі Князь Кейстут з адным з прыдворных Яўнута, Іванам, які перабег на бок Кейстута, хацеў неспадзявана схапіць яго ноччу. Паводле тагачаснага звычаю ўсе замкі, пабудаваныя на высокіх гарах, мелі падобныя падземныя хады.

РУІНЫ ПАЛАЦА БАРБАРЫ[17]

правіць

Гэта былі палаты Князёў Радзівілаў і называліся Багуслаўскімі (ад Багуслава), а потым перайшлі ў валоданне Княжны Барбары Радзівіл, дачкі Юрыя Радзівіла, Гетмана Вял. Кн. Літ. і віленскага Кашталяна, удавы пасля Гаштольда, Ваяводы Трокскага, а потым Вялікай Княгіні Літоўска-Рускай і Каралевы Польскай, жонкі Жыгімонта Аўгуста. Тут жыла яна, калі яшчэ была ўдавою і калі да яе заляцаўся Жыг. Аўгуст. Шырокі сад гэтага палаца злучаўся з дапамогай галерэі з садам палацавым Каралеўскім. Вокны выходзілі з аднаго боку на выспачку на рацэ Вяллі; Жыгімонт Аўгуст для яе забавы загадаў развесці на ім лебедзяў, ад чаго выспачка гэтая, што цяпер змяніла свой выгляд, да гэтага часу захавала назву Лебядзінай. Руіны гэтага палаца (у такім выглядзе, як прадстаўлены на віньетцы) існавалі да пачатку гэтага стагоддзя. З абваленай цэглы узведзены прыгожы і вялікі дом за Вострай Брамай Касабудскіх. Ацалела яшчэ на беразе Вяллі (ідучы з Антокаля да Зялёнага маста) невялікая частка іх у выглядзе вежы.[18]

АБ ПЯТНІЦКАЙ ЦАРКВЕ [19]

правіць

Ацалелыя сцены яе існуюць да гэтага часу ў завулку, што вядзе з Вялікай вуліцы ў Латочак, ззаду хаты Махнауэра. Царква гэтая была заснавана Марыяй Князёўнай Віцебскай, жонкай В. Кн. Альгерда, дзе яна і пахавана. Нарбут мяркуе, што яна пабудавана ў імя Св. Параскевы на тым месцы, дзе знаходзіўся храм паганскага ідала Рагуціса (бога п'янства), жрацы якога зваліся Пяцінамі, Пяціоннікі або Пацінікай; зрэшты больш верагодна, што яна названая Пятніцкай, бо сярод простага люду Сьв. Параскеву (па-грэцку Παρασκεύη) завуць Пятніцай. Царква гэтая існавала да 1796 года. Найстаражытны гэты храм у Вільні варты ўвагі не толькі таму, што тут спачывае першая жонка Альгерда Марыя, Князёўна Віцебская, але і па многіх гістарычных падзеях. Тут Пётр В. прыносіў удзячныя маленні Госпаду за атрыманыя перамогі над шведамі і пакінуў штандар, адабраны ў іх; тут жа хрысціў ён улюбёнца свайго Афрыканца Ганібала, дзеда з матчынага боку А. С. Пушкіна.

Цяпер бачныя руіны складаюцца з чатырох сцен, без даху. Каменныя сцены іх вышынёю ў 15 футаў, носяць сляды глыбокай старажытнасці; у даўжыню каля 23 аршын. Паўночная сцяна ад завулка крыху крывая і няправільная; усходняя ж, дзе быў прастол, мае паглыбленне ўглыб. У вокнах яшчэ існуюць драўляныя рамы, з чаго зразумела, што час, а не пажар спустошылі гэты храм. Прыкметныя яшчэ сляды галерэі ў версе трох сцен, акрамя ўсходняй. Калі ўнутры руінаў сякуць дровы, рэха адгукаецца пад зямлёю, таму няма ніякага сумневу, што там існуе склеп, хоць ўваходу ў яго гэты нідзе не відаць. Археолагі нашыя ўпэўненыя, што сцены гэтыя, а асабліва паўднёвая адносяцца яшчэ да часоў паганскіх.[20]

КАСЦЁЛ СВ. МІКАЛАЯ [21]

правіць

Гэта адзіны ў Вільні храм, які захаваўся ў тым выглядзе, як быў пабудаваны у 1440 годзе. Паводле падання ён лічыцца першым Р. К. Касцёлам у Вільні. Калі менавіта заснаваны, фактычна даказаць нельга; пэўна аднак, што яшчэ ў XIV ст., на гэтым месцы, выпісаныя Вял. Князямі з розных краін купцы і рамеснікі, а ў тым ліку і каталіцкія вернікі, асабліва з ганзейскіх гарадоў, пабудавалі сабе капліцу. Гэта даказваецца некаторым чынам самою мясцовасцю, бо частка горада, дзе і цяпер стаіць гэты касцёл, была адведзена для нямецкіх перасяленцаў. Капліца гэтая была драўляная і мела свайго пробашча. У 1434 годзе Віленскі Намесьнік, а потым Ваявода Трокскі Еўна на Кенах (г. зн. уладальнік Кенаў), які ў 1382 годзе здрадзіў Кейстуту, даў сродкі Ягайлу авалодаць Вільняй і потым разам з ім у Кракаве прыняў Р. Кат. веравызнанне і названы Ганулам, перад смерцю, што напаткала яго ў тым жа годзе, адпісаў суму на пабудову каменнага касцёла ў імя Св. Мікалая. Асвячэнне адбылося ў 1440, іншыя мяркуюць у 1464. У такім выглядзе існуе ён да гэтага часу, міжволі здзіўляючы кожнага сваёю старажытнасцю.

РУІНЫ КРЭЎСКАГА ЗАМКА[22]

правіць

Крэва, цяпер мястэчка, некалі сталіца ўдельнага Княства, знаходзіцца ў 35 вёрстах ад г. Ашмяны. Вялікі Князь Гедымін, падзяляючы валоданні свае на ўдзелы паміж сынамі, Крэўскае Княства аддаў Альгерду (1338). Потым яно перайшло ва ўладанне Ягайлы; сюды збег ён разам з маці Князёўнай Юльяніяй, калі быў выгнаны з Вільні у 1381 г. У наступным годзе абставіны перамяніліся, Ягайла вярнуўся ў Вільню, а ў Крэва прывезены быў закаваным ў ланцугі Князь Кейстут. Тады разгулялася тут крывавая драма, пра якую мы падрабязна распавядзем у нарысе жыцця сына яго слаўнага Вітаўта. У 1383 годзе ў Крэве заключыў Ягайла дамову з пасланцамі Каралевы Польскай Ядвігі аб уступленні з ёю ў шлюб. У 1387 годзе Крэўскае Княства аддадзена было брату Ягайлы Вігунту, атручанаму тут жа у 1391 г. Пасля чаго ўдзельнае гэта Княства ўвайшло ў склад агульнага Вялікага Княства Літоўскага[23].

Заснаванне Крэўскага замку адносіцца да часоў Гедыміна ці Альгерда. Руіны яго існуюць дагэтуль і ўзвышаюцца ў даліне, якая абмываецца з поўначы ручаём, з усходу сажалкай. Сцены іх з каменю і чырвонай цэглы (без тынкоўкі), вышынёю каля 20 аршын, займаюць у даўжыні сваёй 150 крокаў. Дзве брамы з пад'ёмнымі некалі мастамі вялі ў замак, пасярэдзіне якога былі сажалка і драўляныя будынкі. На паўночным куце ўзвышалася чатырохпавярховая квадратная вежа, якая служыла для абароны падчас нападу і змяшчала жытло. Да гэтага часу бачныя гатычныя вокны ў трох паверхах, але ў ранейшы час вежа гэтая была яшчэ вышэй, бо з трэцяга паверху прыкметная лесвіца, якая вяла яшчэ ўверх. Падмурак вежы, вышынёю 5 аршын, і пад ёю падзямелле, у якім была ўладкаваная вязніца з невялікім акенцам уверсе, зроблена з вялікіх камянёў. Вось у гэтым падзямеллі пакутна забіты Князь Кейстут. Замак гэты быў разбураны татарамі ў часы Аляксандра, так што ў 1518 году вядомы падарожнік Герберштэйн, які быў пасланцом у Маскве, на зваротным шляху праязджаючы праз Крэва, бачыў яго ўжо спустошаным. У часы Жыгімонта Аўгуста жыў у Крэве некаторы час Расейскі выхадзец, вядомы Князь Курбскі. У 2-х вёрстах ад Крэва знаходзіцца курган, да гэтага часу званы гарадзішчам, вышынёю 11 сажняў. Вяршыня яго займае 1,600 сажняў прасторы, а ў самой сярэдзіне прыкметна авальнае паглыбленне на 2 сажні. Паводле падання Гарадзішча гэта злучалася з замкам падземным ходам, у якім будтобы можна было ехаць шасцёрку коней, запрэжаных побач. Без сумневу Гарадзішча гэтае ўваходзіла ў склад ўмацаванняў Крэўскіх і ўладкавана было яшчэ раней Крэўскага замка. У вярсце ад гэтага Гарадзішча паказваюць 4 старажытныя магілы, якія тут называюць курганамі.

РУІНЫ ТРОКСКАГА ЗАМКА[24]

правіць

Хто хоча аднавіць у памяці мінулыя стагоддзя Літвы, хто захоча ўбачыць яе руіны, курганы, яе святыя некалі дубы, дрымучыя лясы, безлічнае мноства азёраў, чуць цяперашнюю Літоўскую загадкавую гаворку і бачыць тып Літоўскага племя; той павінен наведаць Трокі, Стоклішкі, Езна, Пуне, Аліту, Мерач і ўсе месцы па беразе Нёмана. Вас ўразяць і здзівяць чароўныя краявіды, бесперапынна зменлівыя, што не даюць адпачынку зроку, так што, здаецца, усё гэта бачым у панараме. Дубовы лес, раскошныя палі, усыпаныя курганамі і пагоркамі, мноства азёраў, шырокія лугі цудоўна абмалёўваюць гэты аазіс Літоўскага краю[25].

Ня трэба змешваць Старых Трокаў з Новымі Трокамі. Старыя Трокі – адно з самых старажытных паселішчаў у тутэйшай старонцы – зваліся Гургані. Тут была рэзідэнцыя ўдзельных Князёў з роду Даўшпрунга, сучасніка Палямона ў X стагоддзі. У IX ст. калі Кіеўскія Князі распаўсюдзілі сваё валадаранне да берагоў Вяллі, умацаванне Гургані было разбурана і пабудаваны горад, названы Трокі. Тут жылі намеснікі В.Кн. Кіеўскага для збору даніны [26]. Ад чаго пайшла назва Трокаў? Балінскі выводзіць ад Літоўскага слова Trakas, што значыць месца, дзе рос бярозавы лес, вырублены[27]. Крашэўскі падзяляе тое ж меркаванне[28]. Але Нарбут не зусім з ім згодны, бо не знаходзіць такога слова ў Літоўскай мове.[29] Калі Літва пасталела і ўмацавалася і ў сваю чаргу пачала набегамі сваімі турбаваць Рускія Княствы; Трокі заставаліся Літоўскім умацаваннем і да часоў Віценеса, магчыма, месцам знаходжання Князёў Літоўскіх. У пачатку XIV ст. Трокі былі разбураны і амаль зьнішчаны крыжакамі. Гедымін (каля 1320) у 3 ½ вёрстах ад Трокаў на беразе возера Гальва заснаваў новы горад і пабудаваў тут два замкі. Такі пачатак Новых Трокаў. Цяпер гэта павятовы горад Віленскай губерні, знаходзіцца пад 22 ° 35 даўгаты ад Парыжа 54 ° 38 ' 7 паўночнай шыраты. Вітаўт ў 1397 годзе пасяліў тут Караімаў або Караітаў[30], пераселеных ім з Крыму ў ліку 383 сямействаў. Цяпер яны прывілеяваныя жыхары гэтага горада, бо на падставе прывілеяў Казіміра Ягелончыка (1411) і іншых Князёў Літоўскіх, пацверджаных цяпер шчасна Царуючым ГАСУДАРАМ ІМПЕРАТАРАМ, Караімам нададзена выключнае права жыць тут, а Габрэям зусім забаронена. Прайшоўшы доўгую вуліцу, забудаваную трухлявымі дамамі, вы набліжаецеся да вялізнага возера, і на ім на выспе бачыце руіны некалі велічнага замку. Паслужлівы Караім прапануе вам сваю ладдзю. Прыгледзьцеся ў гэтыя бліскучыя, чорныя вочы, чорныя валасы, аліўкавы колер твару, правільныя прыгожыя рысы і ўсю фізіяномію, якая дыхае поўднем, жыццём, гэтым кіпенем паўдзённага неба. Ён чыста гаворыць па-расейску і па-польску, але ён не забыўся роднай мовы, якой ягоны продак гаварыў у царстве Гірэя. Дзіцё поўдня, ён любіць ляноту, але ён сумленны, і вось прайшло шостае стагоддзе з часу перасялення, а яшчэ не было прыкладу, каб Караім быў заўважаны ў крадзяжы, рабаванні або забойстве. Вы садзіцеся ў ладдзю; хвалі разгінабцца, і вы разлегла плывяце па цёмна-блакітным, глыбокім возеры, часам лавіруеце, кружыцеся, робіце далёкія аб'езды, каб не патрапіць на векавыя палі, сляды былога некалі пад’ёмнага маста, які з’ядноўваў два замкі, гарадскі з выспавым. Ладдзя прыстала і вы вітаеце жытло адважнага Кейстута, якога прастадушны Стрыйкоўскі называў Улісам і Нестарам Літоўскім. Вам паказваецца яшчэ не знішчаны часам найчысты след гатычнага стылю XIV стагоддзя. Дагэтуль ацалелі толькі дзве велічныя, круглыя вежы з усходняга боку, якія грозна ўзвышаюць свае галовы над астатнімі руінамі; трэцяя вежа, што ўваходзіла ў склад умацаванняў замка, напаўразбурана і зраўнялася з каменным валам, што атачаў замак. На поўначы, з улоння водаў, як прывід выходзіць сам замак. Жалезная рука часу не паспела яшчэ разбурыць двух ягоных ярусаў; ён аброс мохам, у іншых месцах дрэвамі, усыпаны расколінамі, а ў сярэдзіне (з поўдня), як волат, узвышаецца галоўная вежа з мноствам вузенькіх вокнаў, адтулін і крутою лесвіцаю ў сярэдзіне. З унутраных пакояў вы ўваходзіце ў капліцу, або, магчыма, урачыстую залю, і тут ці паверыце, яшчэ бачныя сляды жывапісу, сучаснага Кестуту, Альгерду, Вітаўту! У адной нішы вельмі выразна выява нейкага Князя, а магчыма, Святога, па баках цэлая група, месцамі сляды твараў або маленькіх дзіўных ручак, з узнятымі паказальнічкамі. У вокнах яшчэ і цяпер аршыны тры ўпоперак, так што вы зручна можаце ляжаць і прыслухоўвацца, як спакойная Гальва лашчыць сваімі хвалямі векавыя камяні замку.

У адзін час з гэтым замкам пабудаваны быў іншы замак у самім горадзе, на беразе возера, і тут бачныя яшчэ разваліны, дзве вежы, якія даволі добра захаваліся, і ўваход у падзямелле. Тут жа высіцца крутая гара, аточаная ровам, з прыкметнымі слядамі былых умацаванняў. Гэтая гара, верагодна, уваходзіла ў агульны склад крэпасці; сярод гэтых руін пабудаваны манастыр і касцёл ксяндзоў Дамінікан.

У 1655 годзе, у нешчаслівыя часы Яна Казіміра, Трокскія замкі былі разбураныя і знішчаныя пажарам і з тых часоў не паўсталі.

Зноскі

правіць
  1. Тэадор Нарбут (Фёдар Яўхімавіч Нарбут, Teodor Narbutt; 1784-1864) - ваенны інжынер і архітэктар, гісторык, публіцыст, даследчык літоўскай міфалогіі, аўтар 9-томнай «Гісторыі літоўскага народа»; пісаў на польскай мове.
  2. Юзаф Ігнацы Крашэўскі (Józef Ignacy Kraszewski; 1812-1887) - польскі пісьменнік, публіцыст, выдавец, аўтар кніг па гісторыі і этнаграфіі, у тым ліку па гісторыі Вільні.
  3. Яўстах Тышкевіч (Eustachy Tyszkiewicz, 1814-1873) - граф, археолаг, ініцыятар стварэння і старшыня Віленскай археалагічнай камісіі (1855 - 1865) і Музея старажытнасцяў пры ёй.
  4. Вінцэнт Дмахоўскі (Wincenty Dmochowski; 1805 або 1807-1862) - мастак, вучань Яна Рустэма і Казіміра Ельскага, удзельнік паўстання 1831 года, у 1837 - 1854 г. i з 1858 г. жыў у Вільні, па замове Я. Тышкевіча напісаў серыю краявідаў руінаў літоўскіх замкаў.
  5. Гермунд лічыўся сынам легендарнага літоўскага князя Свінтарога, бацькам Даўмонта, князя пскоўскага (у святым хрышчэнні Цімафей); час кіравання Гермунда адносіцца да 1270-1275 гг.); паводле летапісных паданняў, яшчэ пры жыцці свайго бацькі Свінтарога пабудаваў кумірню ў гонар Пяркуна пры ўпадзенні ракі Вільні ў Вяллю ў мясцовасці, аточанай гарамі і званай «далінаю Свінтарога».
  6. Вітаўт (у хрышчэнні каталіцкім і праваслаўным Аляксандр; 1350-1430), вялікі князь (з 1392 года), сын Кейстута, стрыечны брат Ягайлы.
  7. гл. №1 на віньетцы
  8. Дайнова на захадзе ад Ліды ў 10 вёрстах, паблізу ракі Дзітвы, цяпер маёнтак. Тут існаваў замак, сляды якога бачныя і цяпер у розных паглыбленнях сажалак, адгалінаваннях граба, які нідзе побач не расце, і камяні велізарнай велічыні, на якім паводле падання пакаралі смерцю злачынцаў. Камень гэты завецца і цяпер у народзе Кабылай і, мяркуючы па месцазнаходжанні, верагодна, знаходзіўся на плошчы насупраць палаца. Княства Дайноўскае межавала з Гарадзенскім Княствам па р. Котра, з цяперашнім паветамі Ваўкавыскім, Навагрудскім і Ашмянскім.
  9. Слова Ліда па літоўску азначае пчальнік, або поле, вычышчанае ад лесу.
  10. У маёнтку Дамброўні, які знаходзіцца ў Лідскім павеце, у 5 вёрстах (на ўсход) ад Ліды, паказваюць месца і каменныя падмуркі палаца Вайдылоўскага. Вайдыла, паходзячы з нізкага звання, дамогся высокіх пашанаў пры двары Альгерда і быў улюбёнцам Ягайлы, які выдаў за яго сястру сваю Марыю. У 1381 годзе, калі Князь Кейстут узяў Вільню і прагнаў з яе Ягайлу ў Віцебск, Вайдыла, як віноўнік сямейнай варажнечы, быў павешаны.
  11. гл. №2 на віньетцы
  12. гл. №3 на віньетцы
  13. Хроніка Віганда, 298.
  14. Так запэўнівае Балінскі (St. Pol. III, 213); але факт гэты бярэцца пад сумнеў, бо з прамовы Ксяндза Мацвея Казіміра Сарбеўскага, прамоўленай пры перанясенні мошчаў Св. Казіміра ў 1636 г. бачым, што мошчы гэтыя знаходзяцца ў Вільні, а не ў Медніках.
  15. гл. №4 на віньетцы
  16. Нарбут
  17. гл. №5 на віньетцы
  18. гл. Артыкул у гэтай кнізе п.з. Варвара
  19. гл. №6 на віньетцы
  20. Акты і Грам. 1843. LX. LXVI. Нарбут I, 231. Крашэўскі, III., 67. Wiz. i Roz. Nauk. т. 60., 37 і 57, т. 61., 12, 52 і 54, т. 62., 241.
  21. гл. №7 на віньетцы
  22. гл. №8 на віньетцы
  23. У Крэве быў Магістрат да 1795 года, а жыхары яго лічыліся мяшчанамі да 1816 года. У веданні Магістрата знаходзіліся бліжэйшыя вёскі Вавукі, Лелексы, Мазалі, Стрыгі і Рэўкі. Прывілеі, нададзеныя Крэўскім мяшчанам, наступныя: Жыгімонта III. - 9 жніўня 1601 і 7 студзеня 1602; Уладзіслава IV. 20 Жніўня 1634.
  24. Выняткі з майго артыкула пра Трокі, надрукаванага у Паўн. пчале 31 Верасня 1852 г у N 244. Глядзі. N 9 на віньетцы.
  25. У Трокскім павеце, з ліку 685,374 дзесяцін зямлі, занята палямі і гародамі 167,876, лугамі 29,174, лесам 447,800, вадою 50,524 дзесяціны, а астатняя прастора балотамі, выганамі, хмызнякамі. Насельніцтва выключна літоўскага племені, 136,350 аб. п. д.
  26. Нарбут
  27. St.Pol. III, 296
  28. Litwa, II., 188
  29. I., 232., магчыма ад славянскага слова торак?
  30. Кара значыць запавет. Караімы - Габрэі, вернікі толькі ў Стары Запавет, г. зн. якія адрынаюць Талмуд, або тлумачэнне рабінаў. Прыкметная рыса караімаў, што, з’яўляючыся Габрэямі, яны не маюць варожага стаўлення да Хрысціянаў.
 

Гэты твор пашыраецца на умовах ліцэнзіі Creative Commons Attribution-ShareAlike 4.0 Unported, якая дазваляе вольнае карыстаньне, пашырэньне й стварэньне вытворных з гэтага твораў згодна з умовамі прытрымліваньня і пазнакі ліцэнзіі ды аўтара арыгінальнага твора. Усе вытворныя творы будуць абараняцца той жа самай ліцэнзіяй, што й гэты.