Мае ўспаміны (Бядуля)

Мае ўспаміны (Да вечара памяці М. Багдановіча)
Успаміны
Аўтар: Змітрок Бядуля
1923
Крыніца: https://knihi.com/Zmitrok_Biadula/Maje_uspaminy_Da_viecara_pamiaci_M_Bahdanovica.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ёсць песняры, якія, нягледзячы на свае высокамастацкія творы, на ўтончаную далікатнасць і нежнасць тонаў у перажываннях, адмалёваных у лірычных вершах, — аднак у звычайным штодзённым жыцці, у адносінах да людзей, гэтыя песняры бываюць з сухімі, неадзыўчывымі натурамі, бываюць праз меру празаічнымі.

А ёсць такія песняры, у якіх паэтычныя творы гарманіруюць з іх уласным жыццём. Яны з’яўляюцца паэтамі і ў звычайным жыцці.

Да ліку апошніх і належыць загінуўшы на 20 годзе жыцця наш пясняр Максім Багдановіч.

Пазнаёміўся я з М. Багдановічам увосень 1916 г., калі ён прыехаў з цэнтра Расіі ў беларускі Мінск на працу. Гэта быў першы раз, калі наш паэт парашыў працаваць у цеснай сям’і беларускіх адраджэнцаў.

Беларускія адраджэнцы перажывалі тады ў Мінску цяжкі час царскай рэакцыі. Беларускае друкаванае слова, як «небяспечнае» на лініі фронту, было забаронена. Беларускія культурныя дзеячы групаваліся каля Беларускага камітэта дапамогі пацярпеўшым ад вайны, які быў заложаны ў 1915 г. Працы было шмат: трэба было даваць прытулак і яду тысячам сялян-уцекачоў, якія вялікай хваляй рынулі з Віленшчыны, Гродзеншчыны і часткі Міншчыны.

Беларуская культурная праца тады зусім заглохла. Гэта значыць, што абставіны працы былі для беларускага песняра неспрыяючыя.

Пры гэтым яшчэ трэба заўважыць, што М. Багдановіч быў тады ўжо моцна хворы на сухоты, і тэмпература ў яго была пастаянна павышаная.

Я тады жыў на Мала-Георгіеўскай вуліцы і прапанаваў Максіму перабрацца да мяне на кватэру. Каля шасці месяцаў да самага выезду ў Ялту М. Багдановіч жыў у мяне.

Нягледзячы на слабае здароўе, М. Багдановіч прыняў службу ў земстве, дзе надта шмат працаваў. У вольны ад службы час ён або сядзеў у Пушкінскай бібліятэцы, або сядзеў дома і займаўся літаратурнай працай. Сядзеў пры керасінавай лямпе штодня да гадзіны 3—4 уночы. Галоўным чынам ён тады студ’яваў тэхніку вершаў. Па гэтай галіне ён здабыў сабе шмат кніг як на расійскай, так і на іншых мовах. Ён меў спецыяльны тоўсты сшытак, які цалкам быў запоўнены матэматычнымі вылічэннямі і іерогліфамі — узорамі розных размераў верша.

Гэтыя іерогліфы ён час ад часу ілюстраваў пробнымі вершамі, якія часам чытаў мне. Памятаю — чытаў ён тады вершы з японскай паэзіі, якія сваёй арыгінальнай формай вельмі зграбна выходзілі на беларускай мове.

Рабіў ён тады доследы метрыкі і рытмікі беларускіх народных песень, аб якіх зноў жа пісаў таемныя іерагліфічныя знакі.

Ён страшна захопліваўся тады беларускай народнай творчасцю. Чытаў ён мне тады цэлы цыкл сваіх вершаў на народныя матывы, паміж іншымі і верш «Страцім лебедзь».

Яго рабочы стол быў праўдзівай лабараторыяй яго паэтычнай творчасці. Ён мог папраўдзе свядома гартаваць і шліфаваць свае паэтычныя перлы, бо быў чалавекам з еўрапейскім выхаваннем: ведаў старакласічныя і новыя еўрапейскія мовы і меў з чаго браць прыклады для маладой беларускай паэзіі.

Але пры гэтым смутна было глядзець, як побач з кіпамі рукапісаў на яго рабочым стале былі расстаўлены бутэлечкі з мікстурамі, якія ён часта прымаў, а ў час працы ўночы дык па некалькі разоў мерыў сваю тэмпературу, якая павышалася ў яго болей 38 градусаў.

Раз на тыдзень у адной з беларускіх для ўцекачоў сталовак ладзіліся нелегальныя вечарынкі-суботнікі, дзе збіралася наша моладзь. На гэтых вечарах Багдановіч заўсёды выступаў з рэфератамі і дэкламацыямі сваіх вершаў. Гаварыў ён заўсёды натхнёна, з пад’ёмам і вельмі красамоўна.

Трэба адзначыць, што здароўя свайго М. Багдановіч не шкадаваў, не зварачваў увагу на яду і вопраткі. Заўсёды хадзіў у студэнцкай старой вопратцы, а гарбату піў без цукру.

«Як я магу дазволіць сабе такую роскаш і ўжываць цукар, — гаварыў ён, — калі ў гэты самы час нашы ўцекачы хлеба не маюць...»

І, сапраўды, ён быў ідэалістам-фанатыкам, чалавекам надзвычайна добрым і ўважлівым да людзей, хаця на першы выгляд ён здаваўся суровым і замкнутым. Невялікую казённую пенсію сваю раздаваў направа і налева, а для самога сябе быў бездапаможным, як малое дзіця.

За шэсць месяцаў сумеснага жыцця з М. Багдановічам я не прыкмячаў, каб ён, нягледзячы на сваю хворасць, сядзеў хоць хвіліну без працы. Калі часам я скардзіўся яму на сваю нудную працу ў камітэце, ён знаходзіў для мяне адно лякарства — з памяці дэкламаваць вершы вялікіх сусветных паэтаў, тады адразу на сэрцы палягчэе...

Вось да чаго даходзіла ў яго любоў да паэзіі і красы!..

Паэзія была найлепшай уцехай яго жыцця. Пры ёй забываўся ён аб сваёй хваробе, забываўся аб тым, што дні яго жыцця злічаны...

У Ялту на лекі выправілі яго гвалтам — не хацеў ехаць з бацькаўшчыны...

З асаблівым смуткам успамінаю я апошнія месяцы сумеснага жыцця з М. Багдановічам, калі ён гарэў на сваім уласным агні, з асаблівай радасцю ўспамінаю знаёмства з ім. Яго светлы вобраз не выходзіць з памяці тых, хто яго блізка знаў.