Маладая Беларусь (альманах)/1/Zamiesta pradmowy/кірыліца

Zamiesta pradmowy
Публіцыстыка

1912 год
Заместа прадмовы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДА ЧЫТАЧОУ.

Сучасная беларуская мысль выліваецца на паперы у „Нашай Ніве“, календары і беларускіх кніжках.

З гэтых выданьняў кожнае мае сваю вядомую мэту і да гэтае мэты нагібаецца і яе істота.

Аднак усё больш і больш знаходзіцца між прабудзіўшыміся беларусамі такіх думак і твораў, которым для рожных прычын німа мейсца у сучасных выданьнях беларускіх, і шмат знаходзіцца, такіх людзей, каторых сучасные выданьня беларускіе не здаволіваюць зусім. Вось дзеля тагото чуецца патрэба такога выданьня, дзе бы магла падзяліцца думкамі ўся Маладая Беларусь.

Такім выданьнем мы бы з ахвотаю віталі месячнік, ці адным словам часопіс.

Але сягоньня мы можэм пачаць толькі ад зборніка: хрысьцім яго — „Маладая Беларусь“.

„Маладая Беларусь“ будзе выхадзіць кнігамі у 160 стр. кніжкі будуць выхадзіць адна за аднэй, як толькі набярэцца матэр’ял.

Ідучы да сваей мэты, „Маладая Беларусь“ будзе мець:

1) Аддзел грамадзянскі, дзе будзем разбіраць неадложные для беларускаго грамадзянства, справы:

2) Аддзел навучны з асаблівай увагай на навучнае пазнаньне Беларусі:

3) Аддзел прыгожаго пісьменетва і штукі.

Хаця ўсім была ясна даўно патрэба: падобнаго выдавецтва — першы сшытак (томік) пушчаем у сьвет не без трывогі. А крыніца гэтае трывогі вечна тая самая: калі толькі німа сіл выдаваць якой небудзь беларускай кнігі дваякімі літэрамі зразу — гэта значыць друкаваць тую самую кнігу два разы — заўсёды з’яўляецца страх, што гэту кнігу прачытае толькі часьць беларусаў.

Ці доўга вісецьме над намі двойчы-літэрнае пракляцьце — ніхто ня ведае цяпер. — Адно толькі добра ведаем у вадно крэпка верым: сьведомаму беларусу ўсе літэры роўны — для яго важна не форма — а сама істота, не чым напісана, а што напісана. Аднак пры цяперашнім стане беларускаго руху, болі сьведомых беларусаў мы можэм палічыць сотнямі, а ўсіх беларусаў да дзевяці мільёнаў і мы ніколі ня можэм забыцца, што гэтые дзевяць (без неколькіх соцен мільёнаў) — гэта цяпер матэр’ял, с каторага ешчэ будуць сведомые беларусы. І вось уся найбліжшая мэта — патрапіць першы раз да сэрца несьведомаго беларуса, каб умацаваўшы ў ім сьведомые адносіны да нашай справы мець у ім беларуса-грамадзяніна. Адна з завад на дарозі шырэння такіх сьведомых паглядаў — гэта пагляд на беларускую справу не як на справу саму па сабе, а як на інтрыгу чужую ці то з Масквы, ці з Варшавы. І згодна з гэтым паглядам адные бачаць у лацінскіх літэрах інтрыгу варшаўскую, у рускіх — інтрыгу маскоўскую. Мы ад пачатку нашаго трываньня ваевалі с такімі паглядамі не словам, але жывою работай: выдавалі, што магчыма, і такімі і сякімі літэрамі; і гэтым паказывалі, што справа літэр для нас гэта справа не прынцыпіальная, але справа практычная.

Цяпер перад намі ляжыць пачатая новая работа — „Маладая Беларусь“. Жадаючы ей як найбольшаго развіцьця, як найбольшай лічбы чытачоў, а з другога боку не здалеўшы выдаваць яе зразу двума выданьнямі: рускім і лацінскім, мы пастанавілі выдаваць яе не аднымі толькі літэрамі, а зразу

дваякімі. Гэта значыць палавіна кожнаго сшытка будзе друкавацца аднымі літэрамі, другая палавіна другімі. Гэтым мы думаем ясна паказаць, што справа літэр — справа толькі формы, гэта справа малаважная, і гэтым думаем памагчы згодзе між прыхільнікамі рожных літэр.

Напасьледак выказываем надзею, што ўсе сьведомые беларусы аднясуцца прыхільна да нашае труднае працы, будуць выбачаць тые абмылкі, што заўсягды могуць быць пры пачатку усякай справы, — і памогуць нам сваімі сіламі.

Беларуская выдавецкая суполка
„Загляне сонце і і ў нашэ ваконцэ“.