Маладая Беларусь (альманах)/3/Шчырае каханьне

Парабкі Шчырае каханьне
Апавяданьне
Аўтар: Уладзіслаў Галубок
1913 год
Вершы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ШЧЫРАЕ КАХАНЬНЕ.


Дарэзалі жнеі апошнюю гоню ярыны. Глуха шасталі сярпы, як бы шкляные, блішчэлі ад захадзячаго сонца чырванаватымі блескамі. Снапкі ў копах шэрэнгай стаялі на шырокім полю.

Чуваць было жарты, вясёлы сьмех, то заўнылые песьні. Сонцэ, як бы спішаючыся, ўжо збіралася схавацца за лесам, а ў старане над балотцам, засцілаўся белы туман і веяла халадом.

Сусім вечарэла. Але жнеі адна перэд другой завіхаліся, каб скончыць, бо бачылі, што ўжо ідзе сам гаспадар к ім сказаць, што пара пакінуць працу.

— «Э! зязюлькі мае любые», падыйшоўшы прабасаваў гаспадар, «праца — ня воўк, у лес ня пабяжыць, кідайце — пойдзім».

Але жнеі як пад каманду рэзалі і вязалі ў снапкі збажыну і нарэшце — праца ўся — марш дамоў.

Да вёскі не больш паўвярсты. Дарога па узлесьсі.

Ну, зязюлькі! Нудна неяк, песьню бы мне старому, ды вясёленькую, каб успомніў дзед, што калісь быў малады, весел, гуляў і піяў з маладымі дзеўчатамі».

Завялі дзеўчаты песьню, тую спагадную песьню, ў каторай так шмат жалю, ў каторай чуваць беду і горэ беларускаго народу. Так падыйшлі пад вёску, дзе іх чакалі сама гаспадыня і вясёлые хлапцы, што стаялі ля Язэпавай хаты.

Пашлі сьмехі, жарты і вясёлая гамонка на ўсю вёску. — «Марцін, кінь блазнаваць». — Звонкім голасом пірабіла белакурая Гапка на хлапца, што, як цялё, туліўся ля яе.

— «Ці не пара вам спаць? Куры ўжо даўно сьпяць, а яны яшчэ снуюць», жартавала Наста.

— «Праўду рэжыш, мая красачка», басаваў Ігнась. «Дзеж той сон каму пойдзе, не ўбачыўшы вас, зязюлек! Вось глянім на вас, кветачкі, і сон латвей пойдзе».

— «Можна і без пагляду,» — праскрыпела старая Базыліха, што атчыніўшы вакно, слухала вясёлую дружыну.

Але дзяцюкі як ня чулі размовы старой, і адзін перад другім завіхаліся як найдалі сцягнуць вясёлую гамонку.

«Стар! Стар!» Гукнуў нехта на Базыля, што ўзяўшыся ў бокі, гарцаваў пад гармоніку нейкі нявіданы дагэтуль танец. «Пакінь! Пакінь!» рагаталі хлапцы. «Пажалей атопкаў, пэўне новых лапцей не маіш». А Базыль аж захлёбываўся ад радасці, што патпаў трафунак разагнуць старые качэргі.

Так можэ на доўга зайшла-бы гулянка, каб сама гаспадыня не наважыла ісьці ў хату на вячэру, бо пачула, нейдзе пявун запяяў. Хоць і дужа не хацелася пакінуць ігрышча, раз’ахопіўшымся дзеўчаткам, але павінны былі паслухаць гаспадыню, ўсе пабеглі ў хату і паселі на доўгіх лаўках.

— «Эх, мае дзевачкі, зайздрую вам, як загляну ў вочы маладога жыцьця; надойдзе мысьль, Што і сам-жэ я калісь быў у гэтакім веку і так сама гуляў і піяў, і сэрцэ пры мыслі часьцей забьецца у збалелай старэцкай грудзі, а посьле, як жаніўся, крышка ўсяму. Але, дзякаваць Богу, жывём мы па людзку, хлеб і куток свой ёсь. «Вось, калі будзем жывы, то заўтра справім дажынкі і гульнём, каб земля задрыжала, забудземся пра гора і бяду; ніхай нам здасца — што жывём. Ну а «кажыце мне, дзевачкі: ці любіце вы мяне старага? Не, мусіць. Стар — і я кажу».

— «Любім, бацька, любім. Хочыш, — пацалуем, крычалі дзеўчаты. — «Добра, калі так». І дзед устаўшы з лаўкі падыйшоў з раскрытымі рукамі к Мілцэ.

Мілка зачырванеўшыся, як брусьнічка, схавала свой маленькі, як рэпка, нос ў зякрастую хустку і пасунулася ў куток, каб не так блізка сядзець ля вясёлага старца.

Кончылася вячэра.

—«Ну, мае дарагіе дзеткі, сказаў гаспадар, шчыра дзякую Вам за спагадную працу. Дай Божэ, каб вы спаткалі на сваім жыцьцю ўсяго, чаго толькі жадаіце! На сягодня будзе дось; а заўтра дзень сьвятковы, прыдзіце, калі ласка, на дажынкі».

Гаспадар ужо было сеў, але яго практычны пагляд нечаго нібы шукаў памеж дзеўчат а посьле запытаўся:

— «А дзеж мая Гапачка? Нешта я яе не бачу тут». І сказаўшы гэта, выбег на двор, і пачаў клікаць Гапку.

Перад тым, як дзеўчаты пайшлі ў хату, Гапку пераняў прыгожы хлапец (Сымон, так ёмка аттопываў казачка, і ўгаварыў яе хоць на хвілю застацца з ім.

І вось, пакуль дзеўчаты вячэралі і гутарылі з гаспадаром, Гапка с Сымонам вялі размову а каханьні.

— «Што-ж, Гапачка, і сягодня нешта нудная? Няўжо мой вясёлы казак не разагнаў тваіх нудных думак? Я гляджу на цябе і ня ведаю, чаго нудзіцца. Бацька — хоць ня родны — ёсь, маці — такжэ, хата, хлеб, а ў мяне што? Адзін — як бізун. І бедзен бязконца. Вось маю хлеб і той ня пэўны. А там, там — пеўне ў службу возьмуць».

Пры гэтай размове расчыніліся дзьверы і на парозе — як вырас — сам гаспадар. Дужа не прыгожа было ісьці ў хату, але Гапка мусіла паслухаць.

Тут, вядома, зараз пасыпаліся сьмешкі і кпінкі. Кожны плёў што ўмеў, усіх прыходзілася слухаць.

— «Ну дык дзеж была, Гапачка?» спытаўся сам гаспадар. «Скажы, не саромся. Мусіць, хлапца аблюбавала? Каго-ж такі, каго?»

Не далі скончыць пытаньня дзеўчаты, і зашчэгеталі, як сарокі:

— Яна, мусіць Гаўрылу Гарбатага ўпадабала. Глядзі, бяды з гарбом набярэшся. Ідзі лепш за Марку Струкача!»

І гэткіе кпінкі сусім збілі с панталыку дзяўчынку. На тым скончылася. Дзеўчаты гуртом усталі, падзякавалі за вячэру і скорынька пабеглі дамоў ў суседнюю вёску.

Як быў сьветлы дзень, так стаў цёмны вечор. Прабавалі было завясьці песьню, але не ладзілася яна ў іх; так і замоўклі.

Апутаная думкамі, Гапка і не агледзілася, як далёка засталася ат сваіх і, не уважаючы на ноч, мерным крокам ішла меж алешніку. Там прайшла нядужа далёка, аж пачула, што быццам нешта, шастае, і чыясь цень паўзе па дарожцэ. Акамянела са страху Гапка, але страх адразу зьмяніўся на радасьць, і ей стала відаць, што цень знаёмая.

Пірад ей, як вырас, Сымон.

— «Не пужайся, Гапачка! Гэта я! Бег, дух не зьменяючы, каб як небудзь перэняць цябе і давясьці да дому. Німашыка мейсца, як успомню, што будзе са мной, калі прыдзіцца разлучыцца; хоць жывы ў магілу лезь! даецца, ніколі-б не разставаўся с табой. І вось думаю сабе, даганю цябе і яшчэ разок гляну ў вочы табе; нехай твой пекны вырыс твару на векі адабьецца ў сэрцы маім. Але вось і хата твая. Пэўне будуць бацькі грызьці; мяне то ўжо даўно грызуць. Такой бяды. І ўсё нічога — толькі вось марные думкі не пакідаюць мяне, і на сэрцу такі цяжар, нібы штось яно прачувае». «Кінь, любая! Гэта так штось здаецца, ніхто нам ніякой перашкоды не павінен зрабіць — бо пакуль не застыла кроў, і не перэстала біцца моё сэрцэ — сіла і адвага на нашай старане».

— «Ну, будзь здароў, Сымон! Да заўтра! — сказала Гапка і працягнула рукі. Сымон моцна сьціснуў рукі Гапкі, абняў сваімі каменнымі рукамі і шчыра пацалаваў яе. Так і разыйшліся яны.

Не раз абарачываўся Сымон і ўзглядываўся на хатку, што згорбіўшыся і пахіліўшыся к зямлі пры блеску месяца зіхацела, як залатая, і дзе ў маленькім ваконцы, нібы прыплюшчэным воўчым воку, бліснуў агонь; але мусіў ісці, бо сабак паднялі брахню.

Доўга бубнелі бацькі, што ў ночы вярнулася Гапка, а больш усяго стараўся даняць войчым, каторы і сам толькі што вярнуўся с шынка, добра патпіты. Але Гапка мала слухала, што плёў пьяны, бо, спрацаваўшыся за дзень, хацелася аддыхнуць.

Ноч прайшла ў дрэнных снах. Бачыць, бытцам — лес, балота нісканчонае, і яна ў гэтай пушчы адна — адзінокая жыве. Страх агартаваў яе. Затым сон меняўся другім страшней першаго, і так настала рання.

Як сьвятковы дзень прабег — і не агледзілася Гапка. Толькі пад вечар зьбегаліся дзеўчаты і, забраўшы с сабой Гапку, пашлі ў суседняю вёску на дажынкі. Бягучы, Гапка толькі і жадала, каб убачыцца с Сымонам, што як сьцень стаяў ў вачах.

Сьцямнела, як дзеўчаты падбеглі к хаці, дзе іх чэкалі маладые хлапцы. Гапку сьцярог Сымон. І як толькі згледзіў, адразу падбег к ёй.

— «Ну, штож, родная? здаецца і сягоньня сьлёзы; эх, баба-баба! выкінь з галавы мыслі! Тыж толькі пачынаеш жыць, шчыра любяць цябе. Пойдзім ў хату. Чуеш, як смаляць ў скрыпку і гуляюць дзяцюкі з дзеўчатамі?

Не пашла Гапка, а засталася с Сымонам стаяць для пярэплаці. Месяц з высака сьвяціў і якбы вартаўнік, сьцярог раскінутую ў пушчы вёску і людзей. Прыпёршыся на плячо Сымона, Гапка штось мысліла і глядзела ў даль, і ей у гэту хвілю жадалася вытлумачыць Сымону пра шчырае каханьне, але трудна было распачаць.

— «Гапка, скажы, родная, якая можэ быць твая думка, можэ я як нібудзь растлумачыў бы яе?» — адазваўся Сымон.

— «Не, мой родны, я тут заўсёды адна, ты — толькі сягоньня і може яшчэ колькі дзён і — па ўсім! І гарачые сьлезы пацяклі па твару Гапкі. «Ох, хвіля, хвіля! — Прачувае маё сэрцэ штось ня добрые.

— «Ды кінь-жэ! — без часу зьвядзеш у магілу сябе і мяне».

Так далёка за поўнач гаманілі Гапка с Сымонам і нарэшце пайшлі знаёмай дарогай дамоў…

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

Не агледзіліся, як надыйшла восень.

У будні дзень прышоў Сымон к Гапцэ, калі не было бацькоў ў хаці. І, хоць вельмі стараўся не падаць адразу віду, што прынёс цяжкую вядомасьць, — але сумны пагляд вачэй, зрадзіў яго. Гапка пазнала.

— «Гапачка, роднінькая! Горэ вялікае. Як ні клапатаў — нічога. Пайду. Калі ласка Боская — вырвуся, спаткаімся ў радасьці».

Крыкнула нямым голасам Гапка, прыпаўшы на грудзі Сымона, а тым часам скрыпнулі дзьверы і на парозе, як вырас, вайчым, добра падпіты.

— «Гэта што за дружба? Ты чаго, вужака, праступаеш парог, калі я цябе раз выгнаў і прыказаў не тлуміць дзіцяці галаву? Ды ты, здаецца, плачыш?» — зьвярнуўся ён да Гапкі. «Пасьпеў ўжо ўпрэгчы ў ваглоблі. Вон! Вон! кажу, пакуль мешалку не ўзяў. Для Гапкі ў мяне ёсь дзяцюк, сусім не раўня табе».

Глянуў Сымон на Гапку, а ў самага і вочы кроўю набеглі. Няўжо, памысліў ён, што гэты кат, паставіць на сваім, і выдась яе за нялюбаго чэлавека.

А Гапка тым часам наўзрыд плакала, уздрыгіваючы ўсім целам.

— «Татка!» адазваўся Сымон. «Я ўжо апошні раз тут. Праз колькі гадзін мяне тут ня будзе: пакідаю усё, с кім зжыўся і зрадніўся. С тымі горачкамі і прыгорачкамі, кусьцікамі і хмызьнячкамі, з усім разстаюся… на доўга… Бог ведае, ці вярнуся. Прасіў бы вас, будзьце ласкавы, пажалейце мяне ні ў чым не павіннага чэлавека. Я пакляўся легчы касцьмі…»

— «Дарэмная фатыга», перапыніў стары. «Як ужо сам кажэш, што не маеш часу, радзіў-бы выходзіць самому, бо можэ выйсьці ня добрая справа».

— «Іду», скрыгануўшы зубамі, — сказаў Сымон.

Як выбег на вуліцу і як апынуўся ўжо ў канцы вёскі, ня помніў ён, толкі — глянуў, шапкі на галаве не было, дзесь у Гапкі ў хаце засталася.

— «Эх! Шапку запомніў, апамятаваўся Сымон. «Можэ вярнуцца? Але не! Не пайду». І так ідучы дарогай дамоў, не раз горка заплакаў, як успомніў, што з ім так не палюдзку абыйшліся, і за што — спытацца.


На заўтра машына шпарка везла маладых ваяк далёка ў чужы край.

У той вечар, як у Гапкі быў Сымон, — пьяны айчым далёка за поўнач шумеў, радзіў забыцца пра Сымона, а не, — абецаў выбіць мыслі з галавы.

Так прабег тыдзень — другі. Гапка вельмі схудала. Бацька валіў усякую непраўду на Сымона і, стукаючы кулаччам па стале, гразіў, што прыбье.

Гапка, каб не слухаць непрытомные рэчы дзікаго чалавека, найчасьцей выхадзіла с хаты ў сенцы, гдзе прасіджывала, цэлые ночы. Нарэшце злегла. Кашэль рваў грудзі. Жар прыліваў к галаве. Маці ўжо праканалася, што дзіця яе хвора, але не магла перад старым нічога казаць, бо ведала, што за натуру меў ён; і к таму — вечар у вечар — пьяны.

А тым часам хвароба жадна накінулася на маладое жыцьцё. Дзень праходзіў лягчэй, а ноч ў непрытомных рэчах у слёзах.

Лежучы, здавалася ёй, што яна топіцца, і ўсё кругом топіцца, а то чуіцца заўнылая песьня, голас Сымон… І вось пачынае яго клікаць, піраймаць, і водзючы пальцамі па сьцяне, нібы бачэ яго перад сабой, вобмацкам шукае яго

Прачувала маці, што можэ выйсці з гэтаго дрэнная справа і нават фэльчара паклікаць мелася, але трафілася іначэй.

Неяк позна, ў вечар, як ні было ў хаці старой, прывалокся пьяны айчым і, як ўжо за звычай меў, пачаў чапляцца да хворай Гапкі, кажучы, што тут здаровым німашака мейсца, а хворым с каханьня і пад паветкай будзе добра і, не уважаючы, што хворая толькі піраводзіла дух, сьцягнуў за руку з ложка і выпхнуў с хаты, сказаўшы ў сьлед, што цяпер як раз падыйшла пара пашукаць Сымона, — і зачыніў дзьверы.

Халодны сіверны вецер, растрасаючы па мёрзлай дарозе сьнег, ледзьве ня збіў з ног хворую. Ногі сусім не служылі, сілы пакідалі яе. Сланяючыся з боку ў бок вобмацкам ля сьцяны, падыйшла Гапка к дзьверам сваей хаты, увыйшоўшы у сенцы, нешта там ўзяла і выйшла на вуліцу.

Усе ўжо спалі. Дзесь на краю вёскі цяўкнуў сабака. Гарачые слезы цяклі па абмёрзламу твару Гапкі, і чым далей яна ішла, тым больш дзервянелі яе ногі. Мінуўшы апошніе хаціны, перэд вачыма развярнулася шырокае поле. Дарога крута паварачывала, ў бок. Ідучы босымі нагамі па мёрзлай зямлі, часта яна спатыкалася і, сабраўшыся с сіламі, адыходзіла далей.

Абразы адзін за адным мітусіліся ў вачах. Перад ёй, як вырас, яе бацька, яе родны бацька, той, што маленькую пакінуў яе. Бачыць, бытцам ён сьмяецца, і туліцца к яе пахаладзеўшаму твару, затым бярэ за руку і яны бягуць і бягуць.

Прыбеглі. Лес. Аж смаліць, грэе сонцэ. І здаецца ёй, што ўсякі кусьцік, усякая травінка, ўсе радуюцца іх прыходу, манюць і клікаюць к сабе. Дуб шапасьціць: хадзі, аддыхні пад маю засень.

— «Не!» атказывае яна, — «Мы яшчэ не змардаваліся. Вось крышку пабегаім, можэ — тады». — Тут красачка здаецца шэпчэ: Глянь-тку на маё хараство… Бачу. Бачу, атказывае яна. «Я цябе зараз сарву для таткі свайго».

І так выбеглі на палянку. Сонцэ грэе; цёплінька і нават душна. Тут зьявіліся магілкі. Крыжы, бярозкі, помнікі. І тут усе радуюцца, усе сьмяюцца. Вось раскрываецца магіла, зазіяў жоўцінькі пясочэк і пацягнула сырасьцяй.

Бацька, ўбачыўшы магілу, вырваўся і кінуўся ў яму. Яна за ім. Сьцямнела. Прыкрылася дамавіна. Чутна, як залязгала жалеза, забухала камамі земля, пасыпаліся дробные каменьчыкі, і ўсё сьціхла…

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

Прышоўшы да хаты, маці зразу агледзілася, што німашака дачкі, і накінулася на старога, дзе падзеў хворую. Але як не дабівалася ачуніць пьянога, аніяк не змагла. Той толькі марматаў праз сон, уткнуўшыся носам у салому…

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

Сымон ў войску ні на хвілю не пакідаў думкі аб Гапцэ.

Памяці жаднай не было, апроч таго яечка, каторае падаравала яна яму, як хрыстосаваліся. І мілы вырыс твару Гапкі цэлымі днямі стаяў у ваччу.

— «Усё гэта прапала без паварота!» — Глыбокі стогн вырываўся з яго грудзі. Затым у вачах зьяўляўся той агарод, дзе ён працаваў, тые чырвоные макі, на каторые часта заглядаўся, і тая цэркаўка, дзе так шчыра маліўся, і тые званы, каторые сваім працяжным рэхам краталі яго чуткую душу.

— «Божэ мой! Няўжо ніколі не ўбачу яе?» І затым сам сабе атказываў: «Ніколі!.. Яе ня пусьцюць да мяне і думкі выкалаяюць з галавы. І Сымону станавілося горка — горка, і вочы напаўняліся слезамі.

Але ў войску — гэта ня дома: для навічка праца і муштры па цэлых днях, паказаліся непамерна цяжкімі. Прайшоў тыдзень — другі. Сымон злёг. Твар схудаў. Вочы глыбака ўваліліся.

«Ты хвор?» Спытаўся доктор. Сымон, у знак таго, кіўнуў галавой. Сымона палажылі у сьветлы пакой пры вялікім вакне. Тут ён бачыў, як уставала і захадзіла сонцэ, як плылі воблакі, і тых вясёлых птушачэк, каторые с крыкам перэлеталі у самога вакна.

Гледзючы на небо, ў вачах яго рысавалася вёска, поле, агарод, чырвоные макі і Гапка… І мысліў ён, ці памятуе яна, і ці сьнілася ей, што я тут, закінуты ў чужы край, угледаюся ў вочы сьмерці.

Яшчэ раз, другі, зайшоў доктор к Сымону, а посьле, вызваўшы на сабраньне, атправілі дамоў.

Як ехаў і як прыехаў — смутна помніў Сымон.

Прышоўшы ў вёску, ня меўшы нікога с сваякоў, зайшоў к чужым селянам і перш-на-перш спытаўся, Як і дзе яго Гапачка.

Не было чаго скрывацца чужым людзям, ня ведалі якая рана аткрыта ў сэрцу бедака, і зразу сказалі праўду, што чулі, бытцам, даўно ўжо німа яе, шукалі, шукалі і пакінулі; с таго часу, як войчым выгнаў с хаты, ў ноччы як ў ваду знікла,

Закружылася галава Сымона, замітусіліся ў вачах аганькі, і ён асунуўся на землю. Як прачнуўся ён, то ўбачыў знаёмых яму селян, і пачуў родную гамонку, але ніяк ня мог апомніцца ад навіны.

Перамогшы сябе, крыху аддыхнуўшы, Сымон наважыў ісьці шукаць і, ўзяўшы армяк, ён выбраўся ў далёкую дарогу.

Ідучы, Сымон праве ў кажнага пытаўся, ці ня чулі, ці не бачылі яго Гапкі, але ўсе, як адзін, атказывалі, што у вочы не бачылі.

Так Сымон далёка адыйшоў ад роднай вёскі, пытаючыся ў мужыкоў, у баб з чужых вёсак, і вось нейкі чэлавек растлумачыў яму, што чуў ад некага, бытцам у воўчай пушчы нехта бачыў непрытомную дзяўчынку, але ў гэткай глушы, што і патступу цяпер німашыка туды.

Заныла ад болю сэрцэ Сымона, цяжка было перанесьці такую вядомасьць, ведаючы, што бедная Гапка, згінула праз яго і праз дзеі шалёнага айчыма, але сабраўшы апошніе сілы, кінуўся к той пушчы, дзе бачылі Гапку.

І гукаў Сымон і клікаў па імені, нічога не было чуваць. Гэтак ён зайшоў у такую пушчу, што страх агарнуў яго, але вочы яго прыцягам глядзелі ў даль і ў даль…

Толькі неяк зірнуў Сымон ў старану, аж, бачэ, нейчая торба, падняў ён і глянуў, што у ёй ёсь, аж разам аслупеў ат страху — у ёй была яго шапка, каторую ён забыўся, ўцекаючы ад Гапкі, як надыйшоў войчым.

Сьлёзы пацяклі па твару Сымона. Здушэны крык прабудзіў дзікую пушчу: «Гапачка! Гапачка!.. галасіў ён, — «тут твая сходзе дарога, прычувае маё сэрцэ. Сьмерць вырвала дарагую для цябе памятку…»

Вокліку не было, толькі рэха сумысьле насьмехалася над ім, горш надрывала душу.

Хацеў Сымон павярнуць у другі бок, аж замітусілася ў вачах і ён як патпіленное дрэва застагнаў і паваліўся на зямлю, крычучы нямым голасам.

Пры купіне лежала груда касьцей, аб’едзеных ваўкамі…

Мінск.

Галубок.