Маладняк за пяць гадоў (1928)/IX/Алесь Салагуб

Ізраіль Плаўнік Алесь Салагуб
Манаграфія
Аўтар: Максім Гарэцкі
1928 год
Паўлюк Трус

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Алесь Салагуб. Нарадзіўся 5 кастрычніка 1906 г. ў в. Зарудзічы, Маладзечынскага павету, на Віленшчыне. У 1915 г. ўцякаў з бацькамі ад вайны. Пажылі нейкі час у Ратамцы пад Менскам. Потым, не зварачаючы ўвагі ні на кулі, ні на газы, вярнуліся ў родную вёску, дзе бачылі ўсе жахі імпэрыялістычнае вайны, перажылі окупацыю нямецкую і польскую.

У 1922 г. Салагуб паступіў у III клясу Віленскае беларускае гімназіі. Скончыў гімназію ў 1927 г. Польская поліцыя часта адрывала яго ад кніжак і кідала ў вастрог.

Першага траўня 1924 году ў вёску Зарудзічы налятае поліцыя і арыштоўвае Салагуба пад закідам, што ён у сваім павеце і ў Смаргонях раскідаў комуністычную „бібулу“.

У дэфэнзыве спачатку дапытваліся досыць ласкава і запрапанавалі зрабіцца провокатарам. Але гэтая пропозыцыя так яго перапалохала, што ён расплакаўся. Тады дэфэнзыўшчык ударыў яго пад бараду так, што ён і слова вымавіць ня мог. Нічога яны ад яго не даведаліся. Потым, завеўшы ў падвал, білі па вушах, у грудзі і зусім няпрытомнага падпісаць протокол, у якім ён ні слова ня цяміў. Калі сядзеў на „Лукішках“, добрыя людзі праз сьцяну параілі яму адмовіцца ад протоколу. Сядзеў ён у камеры-адзіночцы. Два месяцы не давалі яму паперы і адбіралі шпільку, калі пісаў на сьцяне, Віленскі акруговы суд даў яму два гады крэпасьці, абвінавачваючы ў прыналежнасьці да КПЗБ.

Праз чатыры месяцы яго былі вызвалілі пад заклад (3.000 польскіх злотых), потым неўзабаве зноў пасадзілі, зноў выпусьцілі пад заклад…

У часе стыхійнага росту Беларускае Грамады Салагуб быў актыўным організатарам яе гурткоў у сваім павеце. Там яго поліцыя не чапала. Але калі ён перакінуўся на Ашмяншчыну, зараз яго схапілі і ўкінулі ў Стафанаўскі вастрог у Вільні. Там сядзець было горш, чым на Лукішках. Пасадзілі яго ў камэры з „інтэлігэнтамі“. Але „інтэлігенты“ гэтыя былі: скарбовыя зладзеі, шпегі, якія сваімі „баданьнямі“ забівалі людзей насьмерць, афіцэры-гвалтаўнікі, якія перабралі крайнюю мерку сваімі гвалтамі. Салагуба яны цкавалі, як грамадаўца. Прасядзеў ён там два месяцы, і вельмі яны здаліся яму даўгімі, бо ня мог ні з кім словам перакінуцца, хоць вастрог быў бітма-набіты грамадаўцамі і часта ён чуў гукі сьпеву „Ад веку мы спалі“.

Вышаўшы з Стафанаўкі, Салагуб канчаў ужо гімназію, здаў быў ужо колькі экзаменаў, каб атрымаць матуру (атэстат сьпеласьці), аж зноў яго кідаюць у вастрог на Лукішках. Сядзеў ён гэтым разам дзевяць месяцаў, да вясны 1928 г.

Цяпер Салагуб — у Менску, студэнт Беларускага дзярж. унівэрс.

Вастрожнае жыцьцё ў сучаснай Польшчы Салагуб яскрава апісаў у нарысе Галадоўка" („Маладняк“, № 7, 1928 г.).

Вершы пачаў пісаць даўно, у гімназіі. Шмат напісаў іх, седзячы ў вастрогах. Друкаваліся яны ў розных заходня-беларускіх выданьнях (пеэўдонім — Лявон Чачотка). Цяпер Салагуб пачаў друкавацца ў „Маладняку“ і ў „Полымі“. Падрыхтаваў да друку зборнік вершаў з вастрожнага жыцьця „На хвалях змаганьня“.

У вершах, якія друкаваліся ў менскіх выданьнях, Салагуб выяўляе свае вастрожныя настроі. У вершы „Два другі“ („Полымя“, № 5, 1928 г.) ён параўноўвае сваю долю з жыцьцём кустка малачаю:

Ў мурох, на цэманце глухім
Кусток разросьея малачаю,
І ён, як я, сарваны з краю
Віхуры посьвістам глухім;
Дзянькі юнацтва каратаю
На грунце чахлым і скупым…

Але ён верыць у прыход вялікіх, сьветлых дзён“.

У вершы „У турме“ („Маладняк“, № 6, 1928 г.) ён, між іншым, піша:

У чорнае неба праз краты
Расчулены кідаю зірк,
Туды, дзе раскінулісь хаты,
Дзе сонечны плёскае вір.
.......
І жудасна ціха навокал —
Маўчыць, як магіла, турма,
А хвілі паўзуць так павольна,
Як з багны вячэрняя ймгла.
З сусьветам зьліваюцца думкі.
І рытм я сусьвету лаўлю.
І цёмнае ночкі лятункі
Падслухаць з-за кратаў магу.
Я чую, як зоркі гавораць
Аб дзецях нікчэмных зямлі.
Я чую сарказмы прастору
Над зацьвільлю вузкай турмы