Маладняк за пяць гадоў (1928)/IX/Сяргей Фамін
← Паўлюк Трус | Сяргей Фамін Манаграфія Аўтар: Максім Гарэцкі 1928 год |
Уладзімер Хадыка → |
Сяргей Фамін. Нарадзіўся 16 красавіка (ст. ст.) 1906 г. ў в. Пепелеўцы, б. Магілеўскае губ., Мсьціслаўскага павету, Любавіцкае воласьці (цяпер гэта — за межамі БССР). Бацька — настаўнік у расійскай школе, родам селянін. Маці — сялянка, няпісьменная і гаварыла з сынам пабеларуску. Скончыў Сяргей Фамін педтэхнікум у Магілеве. Цяпер ён — студэнт Беларуск. дзярж. унівэрс.
Пачаў друкавацца з корэспондэнцый у „Красной газете“, „Бедноте“. Пабеларуску друкуецца з 1925 г. ў „Маладняку“ і ў розных беларускіх выданьнях.
У 1926 г. вышла яго поэма „Балота“. У поэме новы зьмест і новая форма. Вольны верш, гармонік, песенны склад, народны размах пачуцьця, патос новага будаўніцтва, радасьць, што „на балоце грае маем сталь“, успаміны аб нядобрым мінулым дзеля параўнаньня яго з новым жыцьцём: голад, рэлігійны дурнап‘ян, а пяпер — „начамі сьвеціць Ленін“, „вечарамі перазвон антэны“ і г. д. Скрозь — вялікая любоў да роднага балота, але нязломнае жаданьне бачыць яго новым, мэліораваць яго… Потым — сюжэт: пастух Мікола, ён пабыў у Маскве, прышоў назад у вёску комуністым, адчыніў школу, організаваў з хлопцаў комсамол, паставіў радыё, адчыніў чытальню, адбіў людзей ад царквы, завёў на палёх жняярку, асушыў балота… Да гэтага далучаецца ідэалізаваньне аўтарам Ганны, яго сяброўства з Ганнаю. Ганна — дэлегатка, Ганна — бязбожніца… Праўда, каханьне тут уплецена ня зусім удала, бо мала зьвязана з першым ходам дзеяньня ў поэме.
Такім чынам, у поэме галоўныя мотывы: клясавае змаганьне, соцыялістычнае будаўніцтва і каханьне. Гэтыя мотывы зьмяшчаюцца і ва ўсіх вершах Сяргея Фаміна.
Вершы ў яго — плаўныя, мілагучныя, у апошніх вершах — адшліфованыя. Вобразнасьць — прыгожая і эмоцыянальная. У яго вершах — выразны ўхіл у навізну, у модэрнізацыю старых клясычных форм. Поэма „Балота“ напісана вольным вершам, як „Босыя на вогнішчы“ і некаторыя іншыя поэмы М. Чарота. Часам, аднак, вольная форма вершу, падмацованая графічна, пэўнаю расстаноўкаю радкоў, не адыходзіць далёка ад старых канонічных форм. Напрыклад, напісана:
Раніцою |
Можна было-б напісаць:
Раніцою пухавым туманам |
Шмат было ў Фаміна агульнай маладнякоўскай поэтычнай бутафорыі з першага пэрыоду ў творчасьці Маладняка („сінь“, „пунсавела раньне“ і г. д.). Цяпер ён узыходзіць на самабытны шлях. У першых вершах шмат было ў яго расіянізмаў і некаторых няправільнасьцяй наогул. Цяпер ён — адзін з тых маладнякоўцаў, што зьвярнулі сур‘ёзную ўвагу на культуру мовы.