Маладняк за пяць гадоў (1928)/IX/Янка Ліманоўскі

Васіль Каваль Янка Ліманоўскі
Манаграфія
Аўтар: Максім Гарэцкі
1928 год
Міхась Лынькоў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Янка Ліманоўскі. Нарадзіўся 23 сакавіка (ст. ст.) 1896 г. ў в. Доўгія, тры вярсты ад м. Відзы, на ўзьмежках Беларусі з Літвою. Сын вясковага каваля. Да 19 год працаваў на гаспадарцы і вучыўся. У 1915—1917 г. г. быў у старой арміі, у 1919—1920 г. г — у Чырвонай арміі. Пазьнейшым часам працаваў на розных політыка-асьветных пасадах. Рэдагаваў газэты. З Бел. дзярж. унів. вышаў, ня маючы ахвоты працаваць у судовай галіне (вучыўся на юрыдычным аддзеле). Цяпер Ліманоўскі — адзін з кіраўнікоў „Маладняка“.

Друкуецца ён з 1925 году. За гэты час у „Полымі“ былі надрукаваны яго аповесьці „Адшуканы скарб“ (1925 г.) і „Дзьве пуціны“ (1926 г.), а цяпер (1928 г.) друкуецца там яго роман „Над абрывам“. Апрача таго, друкаваліся яго драбнейшыя рэчы, у прыгодніцка-героічным жанры з жыцьця на фронце (у „Сав. Беларусі“ і інш. выд.).

У апов. „Адшуканы скарб“ апавядаецца аб тым, як загадчык народнае асьветы Міхась Дуброўка, партыец-комуністы, пашоў на фронт змагацца з белапалякамі, трапіў у палон, цярпеў страшэнныя зьдзекі і мукі, быў засуджаны на кару сьмерці, уцёк, быў ранены пры гэтым, доўга хаваўся ў лясьніка, а потым, прост нейкім дзівам, перайшоў мяжу і трапіў у свой родны горад якраз тады, калі там сьвяткавалі гадавіну вызваленьня ад белапалякаў. Дуброўка прышоў у залю, калі яго памяць шанавалі ўставаньнем. Рэдкі па драматызму, але радасны для ўсіх момант! Тут і яго каханая Галя. Потым яны пажаніліся. Ён знаходзіць скарб, адбіты ім у часе вайны ў белапалякаў і схаваны ў мазырскіх лясох, і перадае яго савецкай дзяржаве. Ідэолёгічная тэма гэтай аповесьці — вялікая адданасьць комуністага сваёй справе ў змаганьні рабочых і сялян з клясавым ворагам.

У апов. „Дзьве пуціны“ апавядаецца аб тым, як нейкі Янка Пралеска, яшчэ быўшы пісарам у штабе на імпэрыялістычнай вайне, пакахаўся з шляхцянкаю Алесяю Ліпкоўскаю, потым быў у гасьцёх на іхным хутары, далей жыў у Ленінградзе ў сястры Марыны, гэта якраз пасьля Кастрычніка, зблізіўся там з адным сваім земляком — бальшавіком Язэпам, пашоў на чырвоны фронт, дадей — змагаўся з бандытызмам, перажыў жудасную Язэпаву сьмерць ад рукі бандытаў і г. д. Янка Пралеска ўсё больш уваходзіў у рэволюцыйнае змаганьне і партыйную працу, і яго пуціна ўсё далей адыходзіла ад Алесінай пуціны, хоць праз увесь час кахаў ён Алесю моцна. Нарэшце, ён даведваецца, што Алесю аддалі замуж. Пуціны канчаткова разышліся. ідэолёгічная тэма аповесьці — грамадзкая павіннасьць у комуністага стаіць вышэй за асабістае шчасьце.

Роман „Над абрывам“ яшчэ ня скончаны друкам, але, як можна меркаваць, і тут галоўная ідэолёгічная тэма — гэта выяўленьне героізму эпохі і яе людзей — героізму змаганьня, толькі ўжо больш у абставінах соцыялістычнага будаўніцтва, калі яно яшчэ толькі пачыналася. Асяродкам сюжэту мае быць каханьне Карпіцкага з Таісаю.

Магчыма, у залежнасьці ад формальна-мастацкіх асаблівасьцяй маладога аўтара, ідэолёгічны зьмест у Ліманоўскага не заўсёды яшчэ выяўляецца досыць поўна, а часам мае ня зусім вытрыманы характар. Напрыклад, аб жыцьці і соцыяльным становішчы Янкі Пралескі да імпэрыялістычнае вайны мала гаворыцца, а ў сюжэце апов. „Адшуканы скарб“ шматмомантаў, якія маюць на мэце падкрэсьліць героізм эпохі, але яны бяруцца ў вельмі прыгодніцкім і не заўсёды праўдападобным пляне.

Апов. „Адшуканы скарб“ і апов. „Дзьве пуціны“ збудаваны болей-меней аднакава: каля гісторыі галоўнага героя, апісанай у хронолёгічным парадку даюцца зарысоўкі і малюнкі навакольнага жыцьця і ўводзяцца навакольныя пэрсонажы, з якімі галоўны герой чым-небудзь зьвязаны ці мае якую справу. Перажываньні пабочных асоб выяўляюцца мала. Некаторыя месцы ў аповесьцях дадзены лішне каротка, схэматычна і нават без закончанага апрацаваньня. Але чытаюцца аповесьці з нязьменшанаю цікавасьцю ад пачатку да канца, асабліва аповесьць „Адшуканы скарб“, бо ў ёй шмат драматычных момантаў і ёсьць пэўны элемэнт прыгодніцкіх твораў (ужыты, на жаль, як было казана, часам без належнае вытрыманасьці). Лепшыя месцы ў гэтай аповесьці — апісаньні тых расстрэлаў, катаваньняў, зьдзекаў, зьняваг і дзікай барбарскай лютасьці і жорсткасьці, якую дапушчалі белапалякі ў адносінах да палонных чырвонаармейцаў. У апов. „Дзьве пуціны“ не асабліва добра захована сюжэтная цэльнасьць і няма патрэбнае пропорцыянальнасьш частак. Спачатку шмат пішацца пра каханьне і вельмі мала пра політычныя падзеі, потым — якраз наадварот, і Алеся зусім зьнікае з аповесьці. Выходзіць як-бы нейкі дзеньнік Янкі Пралескі. Пабочныя падзеі ня зусім шчыльна ўвязаны з сюжэтам. Апрача таго, шмат гутарак на агітацыйна-пропагандыцкія тэмы, прычым гутаркі гэтыя часам ня толькі не характарызуюць асобу, якая гаворыць, але нават зьяўляюцца штучна ўкладзенымі ў яе вусны (размовы сястры Марыны з Янкам у Ленінградзе пасьля Кастрычніка і г. д.). Тымчасам, пры ўсіх гэтых недахопах, аповесьць пакідае значнае ўражаньне. Дасягае гэтага ўражаньня аўтар тым, што апавядае пра Янку і Алесю з вялікаю любасьцю, а пра ўсё наогул апавядае проста, шчыра, цікава і лёгка.

Ліманоўскі — апісальнік і апавядальнік з праўдзівым і мяккім пачуцьцём, з пісьменьніцкаю наглядальнасьцю, з любасьцю да хараства, а, галоўнае, з імкненьнем да прышчэпліваньня чытачу комуністычных ідэй. Творчасьць яго ўсё болей разьвіваецца, аб чым сьведчыць роман „Над абрывам“. У романе лепшая пабудова, больш выступае жыцьцё колектыву, чым у ранейшых творах, даюцца мастацкія тыпы шмат якіх партыйцаў і савецкіх служачых, менш расьцягнутых уставак і няма голае агітацыі, лепшыя дыялёгі, больш дагледжаная мова.