Маладняк (Гарэцкі)

Маладняк
Артыкул
Аўтар: Максім Гарэцкі
1925
Крыніца: Савецкая Беларусь, 1925, 7 студз. Цыт. паводле: Творы - Мн. : Маст.літ., 1990

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Надоечы ў Менску быў дужа цікаўны і мнагалюдны літаратурны вечар аб’яднання паэтаў «Маладняк». Спачатку выступалі самі маладнякоўцы, а тады і літаратурныя крытыкі з прысутнай публікі.

У кароткай пярэдняй прамове паэт-маладняковец т. Анатоль Вольны адзначыў, што «Маладняк» дае ў сваёй творчасці новы змест і новую форму, па-новаму выяўляе жыццё пралетарыяту і беднага сялянства Беларусі. Ён паказаў і па значны рост «Маладняка» за апошні год, бо цяпер у аб’яднанні налічваецца ўжо 50 паэтаў, есць у яго аддзелы па ўсіх большых местах Беларусі і ў Маскве, наладжаны зносіны з беларускімі паэтамі-маладнякоўцамі ў Чэхаславаччыне, Польшчы і аж Італіі.

Далей маладнякоўскі паэт і крытык т. Бабарэка прачытаў даклад аб ідэалогіі, заданнях і метадах працы «Маладняка». Ён сказаў, што «Маладняк» ідзе шляхам матэрыялізму, марксізму і ленінізму, у залежнасці ад чаго і знаходзіцца яго творчасць і праца. Прачытаўшы колькі выімак з Пляханава і інш., т. Бабарэка высветліў, як трэба ў сучасны момант глядзець на мастацтва, на літаратурную крытыку, на паэтычны вобраз і форму. На жаль, ён не падмацаваў сваіх слоў маладнякоўскімі прыкладамі і наогул крытычным разглядам творчасці самога «Маладняка», а ўжыў іншы спосаб, які завецца «доказам ад супраціўнага». Ён паказваў, як не памысен для нашых дзён «сімвалізм» Я. Купалы, «рэалізм і рамантызм» Я. Коласа, «імпрэсіянізм» М. Багдановіча, «вобразная містычнасць» З. Бядулі і як мала для нас цяпер той даўнейшай «пралетарскасці», якую некалі далі ў сваіх творах Цётка, Ц. Гартны і цяперашні маладняковец А. Гурло. Прызнаўшы, што ўся сучасная беларуская літаратура прадстаўляецца, з аднаго боку, Я. Купалам, Я. Коласам, Ц. Гартным, З. Бядулем, М. Грамыкам, а з другога боку — «Маладняком» лектар аддаў безумоўную перавагу «Маладняку». І ізноў, на жаль, ён і гэты свой погляд падмацаваў толькі параўнаннем назоваў, як «Безназоўнае» Я. Купалы (яшчэ друкуецца) або «Трэскі на хвалях» Ц. Гартнага — з «старога» боку і «Веснаход» М. Чарота — з маладнякоўскага боку і г. д. Там назовы — «старыя», а тут — «маладыя».

За ім паэт-маладняковец Пушча тлумачыў, як трэба разумець вобраз у мастацкай творчасці, і, між іншым, зазначыў, што нашы старыя паэты, як Я. Купала, Я. Колас і інш., яшчэ толькі «гутаюцца ў калысках», што «балота іхнае творчасці зацягнулася цінаю», а «Маладняк» дае «новае» і «вечнае».

Вечар надта ажывіўся чытаннем маладнякоўскіх твораў. Чыталі: А. Вольны, Я. Пушча, А. Дудар, М. Зарэцкі і інш. Найбольш воплескаў было вершу А. Вольнага «Мікола» (на смерць чырвонаармейца).

Выступаўшыя з публікі крытыкі: старшыня камсамола Беларусі т. Самахвалаў, М. Грамыка, Ц. Гартны і інш. паказалі маладнякоўцам на некаторыя іхныя памылкі ў творчасці і ва ўсёй працы. Якія ж вывады можна зрабіць з усяго, што казалася маладнякоўцамі і тымі, хто іх крытыкаваў па вечары?

Найперш трэба прызнаць, безумоўна, што маладнякоўцы—новая і ўжо значная літаратурная беларуская сіла. Яны — у цэлым — ёсць тое маладое, здаровае, поўнае жыццяздольнасці зерне, з якога вырасце ў будучыні наша новая, праўдзіва пралетарска-сялянская літаратура. Паміж іх ёсць і вельмі здольныя паэты (У. Дубоўка, М. Чарот, А. Вольны, Александровіч), і навелісты (М. Зарэцкі, Кузьма Чорны), і вельмі здольныя крытыкі (Бабарэка), публіцысты і наогул працаўнікі друку. Паміж іх ёсць і праўдзівыя дзеці пралетарыяту і беднага сялянства, і не толькі па сваім паходжанні, але і па сваёй ідэалёгіі, на сваёй псіхіцы, па сваёй маладнякоўскай працы.

І за памыснымі буйніцамі, як той казаў, зусім хаваюцца і некаторыя благенькія драбніцы...

Але самі ж маладнякоўцы павінны звярнуць пільную ўвагу, а іх старэйшыя таварышы павінны памагчы ім, каб не было і тых драбніц, якія могуць пашкодзіць у далейшым.

Вось жа, пачнём з самае формы аб’яднання: што такое «Маладняк»? Дагэтуль мы думалі, што гэта ёсць аб’яднанне паэтаў пралетарскіх і бядняцка-сялянскіх, а прынамсі — блізкіх да гэтага па сваёй ідэалёгіі, аб’яднанне людзей, якія ў сваёй творчасці выходзяць ад Кастрычніка і яго шляхам ідуць і да зместу і да формы творчасці. Так прыблізна і казаў у сваёй лекцыі т. Бабарэка. Аб старанні так ісці нам сведчыць і большасць лепшых маладнякоўскіх твораў.

А тым часам адкуль жа нанясло ліха «Маладняку» панскую хваробу — імажынізм? Бо іначай, як панскаю хваробаю ў нашай мужыцкай дагэтуль паэзіі назваць праявы імажынізму ў нашых маладнякоўцаў і няможна. Калі хочаце ажыўляць «балоты» новымі самабытнымі, класава і нацыяпальна наскімі, як у вуснай народнай паэзіі, вобразамі — калі ласка! Але нашто мазгі круціць і сабе і добрым людзям, выціскаючы з сябе гэты самы незвычайны вобраз? Можа, у Я. Пушчы на гэта і ёсць час, можа, нават яму хто і плоціць за гэты час, але я раіў бы «Маладняку» зрабіць запытанне ў нашых пралетарскіх і сялянскіх мас, якія ўмеюць самі чытаць і якія ўмеюць пакуль што толькі слухаць, як другія ім чытаюць,— ці ёсць у іх час і ці аплоціцца ім гэты час мастацкаю насалодаю, пашырэннем светагляду і г. д., калі б яны мелі шчасце пасмакаваць такіх «новых» і «вечных» перлаў маладнякоўскага песняра Я. Пушчы: «Хай выбрыкуе рытм сівагрывы»; «І зарою аўсяніўся песень наліў»; «Заплаканы праменя вырыс»... і г. д.

Можа, думаеце, што і да гэтага ж можна прызвычаіцца чытачу? Думаеце, што і гэта ж зусім як у народнай загадцы на гром: «Крыкнуў вол на сто гор»? Ахвотна згаджаюся: і можна, і зусім! Усё ж гэта не такая хітрая механіка, як прыдумаць машыну плесці лапці або заахвоціць польскага пана да чытання «Диалектического материализма» праф. С. Я. Вальфсона.

Але не буду гэтак жа падрабязна разглядаць усе іншыя хворыя ўхілы «Маладняка». Я прост каротка выпішу свае вывады. З аднаго боку:

1. Аб'яднанне «Маладняк» мае важную палітычную і культурную ролю ў жыцці беларускіх мас.

2. Праца яго сябе ўжо паказала ў вельмі памысных выніках (супрацоўніцтва з камсамолам і ўсёю пралетарскаю і сялянскаю моладдзю, пашырэнне камуністычных ідэй праз друкаванае і вуснае слова, ажыўленне «балота», накіраванне літаратуры на пралетарскі шлях, агітацыйна-мастацкае выяўленне барацьбы з польскімі панамі і г. д.).

3. «Маладняк» — школа, у якой маладыя пісьменнікі, праз супрацоўніцтва з сваімі ж дужэйшымі сябрамі-маладнякоўцамі, праз усю маладнякоўскую працу, належна развіваюцца і рыхтуюць сябе для далейшай творчасці і працы.

З другога боку:

1. У «Маладняку» няма яшчэ цвёрдай і выразнай арганізацыйнай формы.

2. «Маладняк», у асобе некаторых сяброў, не мае цвёрдай пралетарскай ідэалогіі, не пазбыўся дробнамяшчанскай, шкоднай сялянскай і нікчэмнай інтэлігенцкай псіхікі. Гэта адбіваецца часам на змесце, але найболей на фармальна-мастацкіх асаблівасцях твораў, цесна звязаных, аднак, з зместам. Некаторыя маладнякоўцы пішуць не столькі для мас, колькі для «літаратурнасці». У іх, у некаторых, лішне многа індывідуалізму, інтэлігенцкага літаратурнага вырабляння, вузкага (у залежнасці ад псіхікі) падходу да тэм, асабліва ў лірычных вершах і г. д.

3. «Маладняку» мала аддаецца належна-крытычнай увагі і з боку ідэалагічнага і з боку фармальна-мастацкага, і ў яго самога мала самакрытыкі. І Бабарэка і Пушча ў сваёй крытыцы старога, патрэбнай і непатрэбнай, больш бываюць падобны да тых ваякаў, што сядзяць на кані тварам назад, конь шалела імчыцца наперад, а яны з усяе моцы махаюць мечам... назад. Самавіта, але нікому не страшна. Старых трэба крытыкаваць, ідучы не ад вобраза, не ад фармальна-мастацкага боку (бо ў гэтым якраз «Маладняку» з імі яшчэ няма што і думаць раўнавацца), а разглядаючы іх з боку ідэалагічнага, наколькі яны «папутчыкі» і наколькі добрыя «папутчыкі».