Маладняк (часопіс)/1928/12/Адноўленая зямля

Адноўленая зямля
Паэма
Аўтар: Валеры Маракоў
1928
Крыніца: Маладняк. — 1928. — № 12. — С. 59—69.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




I
Быў вечар палкіх парыванняў…
Цвіла зара маёй душы.
Быў я ўстрывожаны дазвання,
Я з новай песняй падружыў.

Ў палях успыхвалі зарніцы,
Ў палях праз хмары
І туман
Жывыя песні-чараўніцы
На даўні клікалі курган…

На гонях волі,
На прасторы,
Дзе новы свет жыцця гарыць,
Другія песні,
Смех
І зоры
Прыйшла нам доля падарыць…

Спявай, душа,— крыніца песні,
Жывы узмах арліных крыл.
Ў блакітным ганку
Паднябесся
Ўздымай агонь
Жывых свяціл…

Руйнуй мінулых дзён галгофу,
Дзе сэрца краю Мураўёў
На жах,
На крыўду ўсёй Еўропы
Мячом Расіі пракалоў.

Пракляцце, кат, табе, і злодзей.
Цябе пракляў
Мой родны край.
Такім, як ты, сказаў ён:
— Годзе,
Даволі сэрца надрываць!..

Так я стаяў,
Так марыў ў нівах
Маіх прастораў залатых,
І ў глыбіні душы шчаслівай
Знікаў туман, праходзіў дым…

II

— Куды ідзеш ты, дзеду любы?
Сядзь-пасядзі, тут родны край…
— О так, сынок,—
Шапталі дзеда губы,—
Прыйшла і наская вясёлая пара.

Прыйшла пара мужычаму разгону.
Ну, што ж, сынок,
То хочаш, пасядзім…
Стары ўжо я…
Зямля старога клоніць,
Зямля дае прасторы маладым.

І пад бярозкай белай на кургане
Мы селі ўдвох:
Я — юны,
Ён — стары…
Закат крывавымі і тонкімі рукамі
Матаў істужку сонечнай зары.

Устрос дзядок сівымі валасамі,
А мне здалося —
Гэта хваль разбег.
— Глядзі сюды, на гэты даўні камень,
Пад ім жыццё,
Пад ім мінулы век…

 — Ах, так, дзядок!..
Кажы, кажы, мой любы,
Я рад падслухаць сэрцам маладым,
Аб чым раскажуць ласкавыя губы,
Аб чым раскажаш
З захапленнем ты…

Ты многа жыў…
Ты многа ў свеце бачыў,
Ты знаў прасторы дальніх берагоў…
Ах, што з табой?
Ты сціх.
Ты плачаш:
Аб чым?.. Чаго?..
Скажы, скажы, чаго?..

І ён казаў нек глуха, нек забыта:
— Ты малады:
І мо не ўцяміш ты
Усё, што сэрцам гордым перажыта…
І расказаў жыццё сваё стары.

III

Меў я панурую хату,
Ў хаце ж —
Нядолю вякоў.
І з ёю быў лёсам закляты…
Звалі мяне мужыком.

Хворая жонка…
А дзеці,
Дзеці па свету пайшлі.
Лёсу чужога іх вецер
Ў дальнія кінуў палі.

Дзе яны, кветкі краіны,
Кветкі жыцця і вясны?
Вецер хаўтурыць ў даліне,—
Значыць, памерлі яны!

Я не сумую.
Я — горды.
Толькі душа, як арган…
Лье ў мае думы акорды —
Смерці…
Нядолі
І ран.

Сёння табе раскажу я,
Што не стварыць,
Не вярнуць
Повесць змагання жывую,
Дзіўную повесць адну.

Быў мой Антось на заводзе.
Сын мой —
Рабочы-гарбар.
Меў ён пашану
Ў народзе,
Як правадыр і бунтар.

IV

Як цяпер я помню — хмуры быў завод…
А благі дырэктар
Ў сотні раз хмурнейшы.
Быў ён кат-зладзюга
І нягоднік першы,—
Пра яго казаў так будаўнік-народ.

Горкі і нікчэмны
Быў там хлеб рабочы…
Быў абмыт крывёю й горкімі слязьмі.
І прыйшло другое,—
Хтось сказаў аднойчы:
— Досыць мы цярпелі,
Гнулі спіны мы.

Паўставайце, брацці…
У пустэльні свету,
У пустэльні свету дзікай і глухой
Адшукаць павінны
Мы жывую мэту
Дарагіх і блізкіх, светлых берагоў.

Гудзеў завод, рамні спявалі,
І пад машынны
Дзікі шум
Жывыя словы заміралі,
Віхурай ранілі душу…

Кіпела сэрца бурна,
Ўпарта,
І вось дырэктар увайшоў
І пад агонь насмешак-жартаў
Ён гаварыў,
Як кат,
Як воўк…

— Чаго сышліся, чэрці-гады?!
Пайшлі адсюль!
А ты, а ты…
Ты зноў бунтарыць?!
Ух, пракляты!
Ты што ж — іх бацька,
Іх святы?

Не сцярпеў Антось мой…
Размахнуўся горда,
Размахнуўся горда і, што стала сіл,
Садануў дырэктару
У свіную морду
Ўсю агіду й крыўду, што ў грудзях
Насіў…

V

Прыйшлі душакрывы. Забралі яго.
Забралі яго і з сабой павялі.
Кляліся навек пазнаёміць з тайгой,
З сцюдзёным прасторам
Сібірскай зямлі…

І білі,
І строілі кпіны над ім.
І горка так сэрцу рабілася, горка.
Хацелася
Здзекі пусціць іх на дым,
Парваць
І парушыць іх злую гаворку…

І вось пасадзілі…
За белай сцяной,
Дзе крыўду з маной называлі братамі,
Ён віў
Беларусі любімай вянок,
Ён цвёрды быў сэрцам, як камень.

Нядоўга яму давялося сядзець…
Зямля аблілася
Крывёю навалаў:
Ў агні захаплення
І творчых надзей
Бунтарная сіла паўстала.

Ён выйшаў на волю…
Эх, воля…
Эх, свет,—
Жаданая мара стагоддзяў.
Ўжо тысячы год табе верыў сусвет.
Была ты і чыстай, і светлай
Ў народзе…

VI

Неба пажарам фарбована.
Панству, нядолі —
Капут.
Усё, што струхнела,— зруйнована,
Усё, што душыла,—
Не тут.

Час навальніц і пажараў.
Г-гэх!
Разыдзіся, душа!
Чорная ноч і варожыя хмары.
Нейчы прыдушаны шаг.

Мерзнуць пад плотам
Мінулага цені.
Плот пахіліўся,
Прылёг…
Неба адзета ў пажараў адзенне,
Новы пяройдзен парог.

— Пана павесіць! — крычалі сяляне.—
Панскі маёнтак —
Спаліць.
Смерць і праклён
На жыццёвым экране,
Вечная крыўда зямлі…

Вогненнай лавай кранулася вёска.
— Зрушым маёнтак! —
Буяніў Тамаш…
— Стойце!
Хвіліну…
Вы п’яныя ў дошку!
Пана павесіць, маёнтак жа наш!

Гэта здабыта рукамі працоўных.
Гэта сваё,—
Гаварыў так Антось…
— Што ж, за маёнтак ты?..
— Так, безумоўна!
Нам ён патрэбен…
— Досыць іржавых атос!..

Вогненнай лавай кранулі сяляне,
Выбухнуў крыўды вулкан.
Смерць і праклён на жыццёвым
Экране…
Усе, хто пакрыўджан,— ўзніміся!
Паўстань!..

VII

Ляцелі дні… Прыйшлі чужыя людзі
Ўчыніць апошні суд,
Суд не на смех.
— Хто бальшавік у вас тут будзе,
Хто супраць нас, скажы,
Паўстаць пасмеў?

— Адкуль мне ведаць, любы мой паночку,
Ўжо, мабыць, той,
Ну, як яго… Антось…
— Дзе ён жыве?
— За мною.
— Точка!
Вядзі, скажы, што сябра,
Госць…

Прыйшлі і вось — абшарылі ўсю хату…
— Скажы, стары, дзе сын твой?
— Тут няма.
— Ах, вось як!
Ўзяць яго!
Ах, чорт пракляты!..
Спаліць усё, ў сівы пусціць туман!..

І занялася хата дзіка й палахліва…
Упала жонка ў ногі к падляцом.
— Даруй, панок.
— Ўставай, халера!..
Жыва!
Не то цябе услаўлю бізуном.

З журбой вачэй —
З глухой пустэльнай,
Дзе не было ні кветак,
Ні травы,
Яна пайшла, як з горкага пахмелля,
Схіліўшы сумна ружу галавы.

Я быў ў экстазе помсты
І адплаты…
Ў душы магіла…
Сэрца, як арган…
Ў руках крывавага і дзікага заката
Сачыўся лёс рабочых і сялян!

VIII

Быў вечар дзікі, расстраляны…
А лес шумеў.
А лес шумеў.
Здушыўшы смерць ў душы нагана,
Стаяў паўстанец —
Сам, як смерць.

…Сюды прыйшлі шукаць ратунку
Сыны лясоў,
Сыны балот.
І вецер ўзяў іх пацалункі
Аддаць зары ў чырвоны рот.

І раптам —
Крыкі,
Плач
І стогны.
У небе дым, агонь і кроў.
Хвіліна —
Й лес адзет трывогай…
— Браты, нас паляць! Марш ўпярод!..

І вось сышліся… Рвалі… білі…
На момант месяц выйшаў з хмар…
І я пабачыў —
Сын мой мілы,
Ад кулі ўпаўшы, паміраў.

Рвануўся я душой з-за кратаў.
Душы няма ніякіх крат!
І я адчуў
Ў той дзень пракляты,
Аб чым шаптаў і пеў закат.

Мінулі дні…
Прыйшло другое…
Краіна стала ажываць…
Адным,
Бунтуючым прыбоем
Мы выйшлі край свой вартаваць!..

Зямля не скрыўдзіць,
Не пакіне,
Зямля — наш дом, з нас кожан госць
У новай
Сонечнай краіне,—
Шкада — не можа жыць Антось.

IX

Схіліўся дзед, і срэбра кудраў
Упала хваляй
На плячо.
Ў яго вачах сталеццяў мудрасць…
Агонь і сум
Ў яго вачох.

— Табе шкада, дзядок, памершых?
— Як не шкада?
Шкада, сынок.
Бывае,
Сэрца ў шчасце верыць
І веры тухне аганёк!

Ну, мне пара…
Мяне чакаюць…
Пагас за лесам водбліск дня…
І ён пайшоў…
Ўдалі змаўкалі
Яго шагі.
Ён патанаў
У змроку ночы.

Ўдалі за гаем
Загучала
Няйначай песня — рос уздым…
І ўсё тут
Мэту абуджала
Быць вечна чыстым, маладым!

І я пайшоў…
Дрыжалі цені…
Ўставаў над возерам туман…
Ў агні
Бунтоўнага натхнення
Душа спявала, як арган…

І я пайшоў — палёў бяскрайніх,
Вясны бяскрайняй
Ўзяць агонь…
Вітанне ж, родны край, вітанне
З жывых і родных берагоў.