Малады араты (часопіс)/1925/12/Гораду
Гораду Верш Аўтар: Валеры Маракоў 1925 Крыніца: Малады араты. — 1925. — №12 |
Ад курчавых i радасных нiвак,
Ад вясковых сялiб дарагiх
Я прыйшоў сёння ў горад бурлiвы,
Хлопец срэбра-сталёвай сахi.
Я прыйшоў малады i тужлiвы,
Грохат вулiц мяне ап’янiў;
Гэты грохат, як мора, бурлiвы,
Як палац старадаўнi ў агнi.
Я прыйшоў, патануўшы у хвалях
Гарадскiх разнаколерных дзён...
Мае родныя нiўкi сказалi
Перадаць табе нiзкi паклон.
Ну, дык песняй юнацкага слова
Ад вясковых сялiб дарагiх
Я прынёс прывiтанне дубровы,
Прывiтанне сталёвай сахi.