Малой сястрычцы (Таўлай)

Малой сястрычцы
Верш
Аўтар: Валянцін Таўлай
Крыніца: pawet.net

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Пакуль, сястрычка, падрасцеш
І шлях пратопчаш свой жыццёвы, -
Напамяць вывуч гэты верш,
Які складаю шчырым словам.
Не зразумееш мо мяне -
Пішу табе яго навыраст,
Я знаю: гэты дзень міне,
З якога верш сягоння вырас.
Магчыма, толькі ён адзін
І астанецца жыць на памяць,
Як рэха дальняе гадзін,
Што сэрца мне гнятуць і раняць.
Тады, сястрычка, успамяні
Ўсіх, хто з бою не вярнуўся,
Каб намі высненыя дні
Зноў паплылі над Беларуссю.

(1943)