Марш адраджэнца
Марш адраджэнца (На музыку «Варшавянкі») Верш Аўтар: Кастусь Езавітаў 10 лютага 1925 году |
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/2542 |
На пяць кавалкаў Народ наш пабіты,
Падзёрта зямля на шматкі-берагі!
Права, Братэрства і Гонар – забыты!
Зьніклі сябры, а наўкол варагі!
Дык не чакай жа ніскуль дапамогі,
Ўласным натугам да долі ідзі!
Зубы сьціскай! Хай у крыві будуць ногі!
Падай!.. ўставай!.. Абясьсілеў – паўзі!
Блізка ўжо, блізка надзеяў спаўненьне!
Зара прадрасьветная полымем б'е.
Сонца ўстае. А для ран загаеньня
Воду жывую нам Воля нясе.
Дык не чакай жа ніскуль дапамогі,
Ўласным натугам да долі ідзі!
Зубы сьціскай! Хай ў крыві будуць ногі!
Падай!.. Уставай!.. Абясьсілеў – паўзі!
(10 лютага 1925 г. Рыская турма)