Марына
Паэма
Аўтар: Міхась Чарот
1926 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Марына (Чарот).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАРЫНА

(Поэма)

Можа песьняй будзе,
Можа казкай
Гэты сказ аб мінулай праўдзе,
Як па сьвеце вякамі паблудзіць…
Але вось —
Няхай ведаюць людзі
Пра Марыну,
Дзяўчыну-краску…
Няхай ведаюць людзі,
Як забранай краіне жылося…
Народ сам пра гэта
Зложыць песьню…
Народ сам поэта…
Ён у сваіх сьпевах
Мае веру,
Што жыцьцё яго — завесьніць…
I цяпер —
Каля плоту i ноч, і дзень
Стары старац-жабрак
Песьню гудзе…
Як-жа ён, як
Апявае мінулыя дні?..
Яго струны — нібы авадні —
Жаласна енчаць…
Гэта — сьпеў сівой старасьветчыны.
Я пяю — што рабілася ўчора…
Нават там, дзе плач і гора —
Мой сьпеў вясёлы…
Жыцьцё цяпер — бурлівы вір…
Даўно разьбіў жабрацку ліру…
Ужо ня сёньня
Плакаць кінуў…
Мой сьпеў вясёлы, —
Я сьпяваю
Пра красуню-дзяўчыну
Пра паўстанку Марыну.

I

Ні ў палацах маляваных,
Ні ў белых харомах
Вырасла дзяўчына — Марына…
Маці яе ўзгадавала
Ў клеці, на саломе…
Ды прыгожым тварам надарыла…
Цьвіце кветкай…
Маладзенька, румяная
Ды стройная станам…
Погляд вочак іскрынкі лучыны.
Цьвіце кветкай,
Цьвіце і ня вяне…
Пакахала сэрданькам дзяўчыны,
Пакахала Марына Івана.
Іване, Іване…
Няхай толькі гляне
На тварык бяленькі,
На хвартух навенькі…
Паглядзеў Іванка на Марыну,
Паглядзеў-ды годзе…
На вайну забралі з хаты…
Які лёс пракляты! —
Нарадзіўся ў няшчасну гадзіну.
А Марына рутай-мятай
Расьце на выгодзе.
Ой, куды там дзяўчыне выгода:
Бягуць яе лецейкі і годы, —
А каханак на вайне
Ды на чужой старане…
Вернецца ці не?..
A у полі жыта сьпелае
Каласамі шуміць-шастае…
Жне Марынка,
Жне са сьпевамі
Да Іванку ўспамінае часта.
Знашла яна спарышы у жыце,
Захавала у падоле,
Каб тайком у ночы зваражыці
Пра свайго мілога долю.

II

Як абрусам двор засланы —
Сьнегам заімжыла…
Едзе ў госьці ён, каханы,
А за ім — дружына…
Зіхацяць на сонцы востры пікі,
Мітусяцца чырвоныя йстужкі…
Іванка Марыну
Голасна паклікаў…
Марына да Іванкі
Вылецела птушкай.
Іван — ваявода
Чырвонай дружыны,
Шэпча ён лагодна
Словы да дзяўчыны…
Тупае нагою конь буланы, —
Стаяці ня хоча.
Слухае Марына ды ня гляне, —
Заплаканы вочы.
А з паўночы вецер
Дыхае сьцюдзёны…
Не баіцца сьмерці
Іванка-Будзёны.
Ён з каня саскочыў,
Выцер мілай вочы,
Прыгарнуў з пацехай
Ды далей паехаў…
А Марына — доўжанька стаяла
На сьнягу
Ды на марозе…
Міламу свайму жадала —
Сустрэць шчасьцейка ў дарозе…

III

Не ад ветру бары гамоняць,
Не ад буры заскрыпелі сосны…
Іван-ваявода
З дружынаю едзе…
Ой, ня едзе, — яго вораг гоніць…
А у хаце ня стукаюць кросны.
Іван-ваявода
З дружынаю едзе,
Каб Марыну яшчэ раз угледзець…
А Марына ўжо даўно паткала
Ручнікі-намёты
Ды Івана ля варот спаткала, —
Думала — залёты.
Два дні і дзьве ночкі
Быў Іван ў гасьціне, —
У тузе-сумоце
Пакінуў дзяўчыну…
— О, якая жальба агартае:
Я цяпер Марына — ды ня тая…
А што — калі буду я матуляй?..
Ні да скокаў Марыне,
Ні да гуляў…
У садку сядзіць паміж півоні…
„Адна я ўчора,
Ды адна і сёньня“…
Так штодня і позьненька, і рана
Думала Марына пра Івана.
А Іванка — ліхі ваяка —
За ракою за Бярозаю…
Уцякаў Іванка — ня плакаў.
Стаіць для паноў ён пагрозаю —

За ракою за Бярозаю.

IV

Наехалі уланы-палякі
Ды сталі на пастой…
Ды забралі ў палон краіну…
А праз тое —
Людзі як плакалі!..
Плакала Марына…
Браты уцяклі — бо чырвоны,
За сыноў — бацька ў астрозе…
Каго помста не агорне
На такім шляху-дарозе!..
Наста — маці
Плакала ня мала…
Як-бы дочку захаваці
Ад панскай навалы?..
Ой, улане,
Ліхі пане,
Згубіш ты Марыну!
А дзяўчына
Цьвет-Маліна
Шэпча: не загіну.
Ціхім змрокам
Прышоў да Марыны ў хату…
На руках — пярсьцёнкі-дукаты…
Пазірае ласым вокам.
А шабля: блісь-блісь.
Сэрца Марыны забілася…
Да матулі — скок.
Маці заплакала — ў ногі…
А ён — вартуе парога.
Ціха было —
Шыбы бразнулі…
Марына зязюлькай — ў садок…
Ціха было —
Ціха адразу…
Нават вецер — і вецер змоўк…
Не пашла Марына ў хату…
Не хацелася дзяўчыне прапасьці —
Была працаю ў полі занята —
Памагала каровы пасьціць.
Толькі ўночы бяжыць да клеці,
Каб матулю спаткаць… ды наўцёк…
Так забранай краіны дзеці
Марнавалі сваё жыцьцё…

V

Ой, Марына, ой, Марына,
З вочкамі блакітнымі!
Ты жыла у тэй краіне,
Што сьлязьмі аблітая…

Цяжка дзяўчыне
, Марыне цяжка…

Сумная песьня у жнеек, —
Працы многа — хлеба няма…
На чужынца працуй задарма…

Ты-ж гадавалася неяк…
Неяк жылося…

З васількоў вянкі пляла ты
Ды сьпявала песьні…

Ой, ты, вецер, ой, пракляты,
Злосны ты у верасьні…

Насупіла восень
Хмары-бровы…
А Марына ў полі
Ды пасе каровы…

Па-над ёю лятуць гусі ў вырай,
Лятуць, ды паволі…

Сыпле ночка сьцежку
Злотным жвірам…

Пазірае на іх змрок пудлівы…

Ой, куды, куды вы,
Ды шэрыя гусі,
Ці-ж вам тут ня гожа —
Жыць на Беларусі?..

Ходзіць Марына па пожні…
Недзе коні далёка зарзалі…
А гусі-гусанькі — не адказалі.

Засмуцілася Марына,
Сэрданька застукала ў грудзёх…
Парашыла кінуць-рынуць,
Пайсьці ў пушчы ды разлогі.

Сьлязьмі залілася Наста, —
Рукі ламала да болю,
Што дачушка пашла па шчасьце
У лес ды чыстае поле…

А Марына
Цьвет-маліна
Ідзе паўз лес, па даліне…

Ад паганца пана,
Польскага улана…

Ой, Марына,
Ой, дзяўчына!

— Згіне ці ня згіне
Туман ў логах
Сіні, сіні?..

Чыя будзе перамога?
Многа згіне?
Згіне многа…

А Марына — жыць павінна.

VI

Калі каханьне сэрца томіць
Марыне ціхім сонным змрокам,
Здаецца, вецер між кустоў
Сьпявае песьню аб далёкім…
Аб краю тым, што за Бярозай
На Ўсходзе Вольным — за ракою…
Паволі зімнаю рукою
Марына расхіляе лозы…
Прыслухаецца, як капае раса…
Лёнам-кужалем распушчана каса…
Жыве ў лесе не адзін ужо дзянёк…
Восень… холад… захліпнуўся аганёк.
Не адна Марына ў лесе,
Не адна ў паўстаньні,
З хлопцамі-малойцамі вандруе…
Каб злавіць таго, павесіць,
Хто разьбіў каханьне…
Прыдзе час — Марына не даруе!
І адважная паўстанка
Падышла да грамады.
Ад шагоў яе —
Прачнулася палянка,
Ад вачэй яе —
Сьвятло, як заўсяды.
— Гэй да ну, паўстанцы!..
Ці-ж ня сорам!..
Ночку цёмную у лесе спачываць:
За Бярозу гляньце! —
Скора, скора
Загукае песьню сыч-сава…
Ды налятуць птушкі з Усходу
Чырвонакрылыя,
Ды прынясуць радасну прыгоду
Пра майго мілага…
Гляне, гляне сонца з-за Бярозы,
Згоніць, як расіцу, мае сьлёзы…
І пашлі паўстанцы,
Ціха-ціха сьпяваючы,
І пашлі паўстанцы,
Долі-шчасьця шукаючы…
А паперадзе дзяўчына —
Паўстанка Марына.

VII

Рабавалі край уланы,
Дратавалі збожжа,
А Марына у паўстаньні.
О, якое падарожжа!..
Не агорне сэрца жальба-смутак…
Узяла Марына сена жмутак
Ды к пакоям пана…
Была поўнач… цемра… слота…
Ад пажару здавалася раньне…
А Марына ўжо даўно там,
Дзе лес ды балота.
А у ночку гэту, чуць-чуць золак,
Як паўстанцы ля стагоў драмалі,
У Марыны раптам — колка…
Ручкі яна заламала.
Таўханула нешта пад сэрца, —
Гэтак соладка-балюча;
Страшна Марыне,
Марыне ня верыцца…
Ды дзяўчына незаручана…
Ёй успомніўся садок вішнёвы…
Там — Іванкі ласкавыя словы…

Сьлёз няма… А вочкамі міргае…
Заручыў дзяўчыну-шумны гай.
Змарыў сон
Паўстанку каля стогу…
Змарыў сон,
А сьнілася ёй многа.
Вецер шастае ля вуха
Гольлямі сухімі…
Слухай, дзеўчына… Паслухай —
Дні бягуць ліхія.
Ужо золак… змрок схіляе
Скрыдлы за сыр-борам…
Сьнег-сьняночак падыляе,
Шые шыр узорам.
Замятае шлях-дарогу…
Не знайсьці палянку…
А Марына каля стогу
Сьніць свайго Іванку.

VIII

Жудасна зімою у разлогах…
А як-жа сьцюдзёна!..
Дзьме завея… зябнуць ногі…
І гэтак штодзённа.
Раскладзеш агоньчык у гушчары —
Абагрэць хоць рукі…
І вось гэтак днямі і начамі
Сядзіш карчом-крукам.
А Марына ня любіла цішы,
Ня любіла захавацца ў гольлі;
Адзін раз — адна з гушчару вышла
Ды пашла да хаты цераз поле.
Завіхрылася віхураю завея…
Ў чыстым полі — музыка, разгульле…
А ў Марыны ёсьць надзея, —
Дойдзе да матулі.
Не чакала яе сэрца вялікага жалю…
Ня ведала, што матуля
Даўно паміж хвоек —
У зямліцы ляжала…
Ой як, ой як —
Дзяўчыне Марыне
Будзе цяжка жыці!..
Каласком нясьпелым
У пасьпелым жыце…
Падышла Марына,
Падышла нясьмела,
Спачатку да клеці,
А пасьля да хаты…
Ды у дзьверы стук-стук…
Зашумеў абрыдоны вецер
У закоце кудлатым
Ды пытае — хто тут…
У белым пуху хаціна,
У ваконцы няма сьвятла…
Шыбы не адталі…
Ёкнула сэрца ў грудзях…
У гэту ночку чужыя людзі
Абазвалі яе сірацінай.
А сьняжок ляцеў, кружыўся…
У гумне зарыпела адрына…
У матчыным старым кажусе
У лес падыбала Марына.
Забрахалі сабакі ў вёсцы,
Нават завылі…
Сыпле сьнегам па дарожцы,
Каб паўстанку не злавілі.

IX

За Бярозай грукаюць гарматы —
Гэта голас ды роднага брата…
Па-над Пціччу,
Па-над Сьвіслаччу
Лес паўстанцаў туліць…
А ў астрозе — ды родны татуля.
За Бярозай трашчаць кулямёты…
Адгукнуліся пад Нёмнам балоты…
Боязна Марыне…
Ой, дзе ты, дзе ты,
Іванка з дружынай,
З дружынай чырвонай?..
Марна гінуць маладыя леты!..
Над Марынай кулі лятуць-звоняць…
Дзе ты?..
Запытала ў шумным лесе рэха…
У далёкім краю
Іванка гуляе, —
З ворагам ваюе,
Марынкі ня чуе…
Шмат дзянёчкаў, як з дому паехаў…
Ужо на балоце праталіны, лужы…
А з выраю гусі
Па-над Беларусьсю
Лятуць поясам-гужам,
Лятуць ды гамоняць…
А за Бярозаю кулі звоняць…
Пазірае Марынка на ўсход…
То-ж яе Іване
Не забыў каханьня, —
Праз раку Бярозу
Папярэднім вышаў у паход.
Ой, плыве як грозна
На пана улана
Ды чырвонае войска!..
Йдуць ля Магілёва,
Йдуць каля Прапойску…
А штыкі ды шаблі сталёвы…
Ад пана улана
Будзеш ты, краіна, адабрана.

X

Ох, як цяжка быці ў палоне,
Жыць некім чужынцам
На родным загоне!..
Ох, як цяжка, цяжка!..
Цяжка і дзяўчыне,
Як скажуць — блудніца
А Марына сказу не баіца…
Была ночка… Ухапілі болі…
Клянецца дзяўчына
Не кахаць больш нікога ніколі…
Клялася дзяўчына да ранку,
Ня раз заклікала „Іванку“…
Надышла шчасьліва часіна, —
Паўстанка Марына
У разлогах вольнай пушчы
Нарадзіла сына…
Нарадзіла сына не з распусты…
…Што-ж дзівіцца людзі!
Магло гэтак стацца…
A пакуль адным паўстанцам
У нас болей будзе…
І расьце сыночак
Ў лесе між кусточкаў…
А які, які прыгожы!..
А Марына калыску люляе…
Усе паўстанцы яго забаўляюць
Ды часамі шэпчуць між сабою:
— На Івана дужа ён пахожы…
А Марына калыску люляе…
Загукалі ды паўстанцкія раці…
І Марыне трэба йсьці да бою…
А Марына-маці,
Маці паўстанка…
Трэба йсьці да бою
Недалёка за гарою —
Чырвоных стаянка…
Загулі над лесам кулі роем,
Затрашчалі кулямёты блізка.
А Марына пад вярбою
Гойдае калыску…
А Марыне — трэба йсьці да бою…
Над сыночкам нахілілася нізка, —
Крэпка ручкі спавівае,
Ды песеньку напявае:
— Бай сыночку мілы, бай,
Па гушчары йдзе бабай,
З-за Бярозы йдзе каток, —
Прынясе табе мядок…

XI

Асядлала быстрых коняй
Дружына Івана,
Ды напаіла іх у Бярозе,
Каб ня смагнуць у пагоні
За панам-уланам.
Каб трывалым быці у дарозе…
Наступае чырвонае войска…
А уланы,
Ляхі-паны,
Паляць сёлы-вёскі…
Ды страляюць нічым непавінных…
Гіне усё, гіне…
Схамянуўся край забраны…
Зварухнуліся паўстанцамі лясы…
А назаўтра — рана-рана
Кінуў край наш галасіць…
Паўстанка Марына
За плячыма несла сына…
Адчыніла хату…
Аж яе чакае —
Родны брат…
А праз дзень — і бацька йдзе з астрогу.
Каля ложка калыску павесіла…
Ня у лесе ў гольлі —
Марынка на волі…
Ды нешта ня весела….
Пазірае часта на дарогу…
Шкода і матулі — ёй сьпявае хвойнік…
Але думка аб Іване
Не дае спачыну.
„Ой, ці хутка заржэ яго конік?“
Думае, як гляне,
Згінуў, ці ня згінуў?
Раптам грукат-тупат…
Ваявода чырвонага стану
На кані буланым ля варот.
Марына, як птушка,
На руках з маленькім да Івана.
— Гэта-ж твой сыночак, —
На, пагушкай…
Прыгарнуў Іван сыночка —
Сэрца ён ня чуе…
— Ну, Марына, гэту ночку
Дома адпачну я.
А назаўтра зноў Іване
Будзе ў сваім стане,
Пакуль з панам —
Злым уланам
Бой не перастане…
Ой, ды ненадоўга будзе разьвітаньне
Іванкі з Марынай!
Іванка Марыны
Ніколі ня кіне…
Забыла Марына пра паўстаньне.
Цьвіце кветкай…
Маладзенька, румяная
Ды стройная станам…
Погляд вочак — іскрынкі лучыны,
Цьвіце кветкай…
Цьвіце і ня вяне.
Пакахала сэрданькам дзяўчыны,
Пакахала Марына Івана.

XII

Каля рэчкі касец косіць…
Каля рэчкі касец косіць
Ды закасіў вечар росны…
А каля пакосу,
На вузкай палосе
Дажынае жнейка жыта…
Ой, ды гэта жыта
Коньмі ня прыбіта,
Не паломана ды чужацкім станам.
Не гамоніць лес наш паўстаньнем.
Ад пана-улана
Зямля адабрана, —
Вольнаю стала краіна…
Эх, ня ўся краіна —
Толькі палавіна!..
Гэтак быць не павінна!..
Каля рэчкі,
Каля Сьвіслачы
Іван-ваявода косіць.
Слухае Іванка,
Як над Нёманам людзі галосяць…
А Марына —
Сьпелыя каласы рэжа,
У снапы-снапочкі вяжа.
Слухае Марына — плач з-пад Белавежы…
Снапок жыта зьвяжа,
Да зямліцы вухам прыляжа…
Зашумеце, ды сыры-боры,
Загручэце, пяруны-громы,
Запалеце у забранай краіне
Палацы-харомы!..
А па Нёмну
Плывуць чоўны…
А ў тых чоўнах
Ды паўстанцаў поўна, —
Мужыкоў не адна там рота…
Ня будзе краіна
Разгароджана дротам!..
Бач, Марыне зноў ня весела —
Клічуць пушчы яе песьнямі…
Вось Марына ды Івану раіць:
Годзе жаць, касіці
Па буйнай расіцы,
Калі Нёман ды сьлёз ня ўбірае…
Сабірацца трэба у дарогу —
Да братоў паўстанцаў на ўспамогу
Золак зоры з неба скінуў,
Сьцеле сьцежку раніца…
А Марына кажа сыну: — Будзь, сынок, паўстанцам.
Ой, Марына, ой, Марына,
З вочкамі блакітнымі, —
Ратаваць пашла краіну,
Што сьлязьмі аблітая…
Туман у логах —
Сіні… сіні…
Чыя будзе перамога?
Згіне многа,
Многа згіне…
А Марына жыць павінна…

Вось тады, як ня будзе нявольных,
Як ня будзе паўстаньня, вайны,
Ўспамінаць толькі будуць аб войнах,
Дзе і як адбыліся яны.
Ды ня будуць трашчаць кулямёты,
Сьціхне плакаць мяцеліца куль…
Над зямлёй сакаліным узьлётам
Будзе несьціся сьпеў адусюль.
Застракоча у полі трактар,
А на спрытным кані аўтобусе
Праедзе мужык па тракту
Краіны сваёй Беларусі.
На палёх і сухіх балотах
Ён пагоніць каня бяз пугі,
І здабудзе з зямлі сваёй золата,
Замест сох, ён электраплугам.
О, жыцьцё тады завесьніць!..
Народ верыць ў гэта…
Народ сам поэта,
Народ пра Марыну
Зложыць казку-песьню.
— Ня сумуйце, хлопцы бравы,
І ня леце сьлёз дзяўчаты,
Лепей воля у дубраве,
Як няволя ў роднай хаце.
— Палюбіла лес дзяўчына
Нават болей, чым Івана…
Дні няволі навучылі
Весьці з ворагам змаганьне.
— Ой, лясы-бары шумлівы
Па-наднёманскай зямліцы!
Хай-жа будзе край шчасьлівы, —
Хай ня будзе меж-граніцы!..
Гэта сьпеў дзяўчыны
Паўстанкі Марыны.
Пра Марыну будзе жыць паданьне,
Будзе жыць вякамі…
У людзей цяпер ня сэрца — камень,
Ні кранеш, ні ўзрушыш
Сказам пра паўстаньне…
Але год за годам плыне,
Вецер точыць камень…
А паданьне аб Марыне
Будзе жыць вякамі.