Прадмова
Публіцыстыка
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1926 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАДМОВА

У пачатку сакавіка 1917 году рухнуў з вялікім шумам стары кумір царска-дваранскага самаўладзтва, які моцна трымаў у сваёй „турме народаў“ паміж іншымі народамі і Беларусь. Вызваленая з-пад царскага ярма Беларусь разам з усёй Расіяй апынулася пад уладай так званага часовага ўраду, на чале каторага хутка стаў „соцыялісты“ Керанскі. Урад разам са сваім „многаглаголівым“ правадыром шмат нагаварыў, шмат надаваў абяцанак і, пратрымаўшыся каля васьмі месяцаў, са скандалам праваліўся, бо не здаволіў інтарэсаў пролетарыяту, сялянства і вызваленых з царскай няволі прыгнечаных народаў.

На яго руінах у пачатку лістапада 1917 году зарадзілася Ўлада Саветаў, улада рабочых і сялян, пабудованая на грунце дыктатуры пролетарыяту і організаваная Комуністычнай партыяй. Зарадзілася Ўлада Саветаў у цяжкіх муках рэволюцыйнай творчасьці, ня маючы практыкі, пры варожых адносінах да яе фабрыкантаў, зямляўласьнікаў як былой Расіі, так і ўсяго сьвету. Але затое новую ўладу ўсімі сіламі абаранялі працоўныя гушчы усіх народаў. Савецкая Улада спачатку лістапада зацьвердзілася і на Беларусі.

Але на Беларусі Ўлада рабочых і сялян ня здолела доўга ўтрымацца. З захаду, ня гледзячы на Берасьцейскія перагаворы аб згодзе, насоўвалася кайзэра-імпэрыялістычная Нямеччына, узяўшая на сябе абарону старога капіталістычнага ўкладу жыцьця. Яе чорны арол з моцным дзюбам і вострымі кіпцямі лунаў над рабоча-сялянскай Беларусьсю. 19-га лютага 1918 году войскі, абараняўшыя заваяваньні Кастрычнікавай рэволюцыі, прымушаны былі пакінуць Менск, а 25-га лютага г. г. сюды ўвашла кайзэраўская нямецкая армія.

Пачалася нямецкая окупацыя. Гледзячы на моц нямецкай арміі, часам здавалася, што й канца окупацыі ня будзе. Окупант, седзячы на Беларусі, узяў пад сваю абарону мясцовых фабрыкантаў зямляўласьнікаў, пакрыўджаных кастрычнікаваю рэволюцыяй. З другога боку, ён цягнуў астатнія сокі з працоўных мас Беларусі. Утвораная 25-га сакавіка 1918 г. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі была ўзята окупантамі пад сваю апеку. Рабочыя і сялянскія масы Беларусі дорага плацілі за сваю „незалежнасьць“.

Але і нямецкая армія ў сваёй тоўшчы складалася з рабочых і сялян, інтарэсы каторых магла абараніць толькі соцыяльная рэволюцыя. Яна і прышла сюды ім на паратунак. Пачалася рэволюцыя і ў Нямеччыне, і ў нямецкай арміі на Беларусі. Нямецкі салдат не захацеў быць окупантам. Яму і ў сваёй хаце шмат было працы.

12-га сьнежня 1918 году Савецкая ўлада зноў вярнулася на Беларусь. Радасна ўздыхнуў рабочы і селянін на Беларусі. Пачалася зноў творчая праца. 1-га студзеня была абвешчана Беларуская Савецкая Соцыялістычная Рэспубліка. Прыгнечаныя масы Беларусі атрымалі магчымасьць будаваць сваю рабоча-сялянскую дзяржаву на грунце Вялікага Кастрычніка і пад кіраўніцтвам Компартыі. Маладая рэспубліка ў сакавіку злучылася з вызваленай Літвой, якая таксама была абвешчана Савецкай Соцыялістычнай Рэспублікай. Беларусь і Літва сталі ўзмацоўваць дабрабыт рабочых і сялян, пашыраць сярод іх асьвету і рыхтавацца на новую барацьбу за заваяваньні Кастрычніка.

Бо на захадзе зноў зьбіраліся чорныя, грозныя хмары. Уставала на ногі ўваскросшая старая імпэрыялістка, панская Польшча. Умацованая і ўзгадованая заходнім капіталам крок за крокам пасоўвалася яна на Ўсход і ўсё мацней і мацней націскала на рабоча-сялянскую рэспубліку Літвы і Беларусі. Яна задалася мэтаю, у інтарэсах уласных і ў інтарэсах заходняга капіталу, зруйнаваць ненавідную для эксплёататараў уладу рабочых і сялян на Беларусі і Літве. Польскаму абшарніку карцела вярнуць свае абшары на Беларусі і Літве, адабраныя ў яго Кастрычнікаваю рэволюцыяй.

У сярэдзіне жніўня 1919 году, пасьля васьмімесячнай працы, Савецкая ўлада зноў прымушана была пакінуць Беларусь.

Пачалася добра вядомая ўсім нам панска-польская окупацыя. Сыты чужым хлебам, апрануты у чужую вопратку, апроч, можа, белага арла на шапцы, разумны чужым розумам польскі пан пачаў рабіць на Беларусі сваю, „дэмократычную“ політыку. Окупанты, як згаладаўшыя ваўкі, накінуліся на рабочых і сялян Беларусі. Перш за ўсё пачалася расправа за старое. Даволі было якому-колечы панскаму прыслужніку сказаць, што гэты i гэты быў знаёмы з комуністым ці з прадстаўніком Савецкай улады, як яго каралі сьмерцю ці білі да поўсьмерці шомпаламі і лозамі. Пашоў белы тэрор. Палілася чырвонаю рэчкаю кроў рабочых і сялян. Турмы запоўніліся беднатою. Многа жывых людзей туды ўваходзіла, але мала выходзіла. Фабрыканты зноў захапілі свае фабрыкі і заводы, абшарнікі зноў расьселіся па сваіх маёнтках. Пышнаю кветкаю зноў расьцьвіла векавечная эксплёатацыя, злучаная з політычным і нацыянальным уціскам. Руйнаваліся беларускія і яўрэйскія школы, у якіх дзецям працоўных мас Беларусі давалася навука ў зразумелай для іх матчынай мове. Замест іх прымусова закладаліся школы ў польскай мове, мэтаю якіх была полёнізацыя мясцовага жыхарства. Зьявілася аднекуль страшэнная моц ксяндзоў. Духавенства наогул павылазіла са сваіх нор. Яно з амбонаў вітала окупантаў, як збавіцеляў ад комуністых і Савецкай улады. Яно вучыла ў сваіх казаньнях, што окупанцкая ўлада дадзена ад бога, вучыла сваіх духоўных авечак, каб яны цярпелі і любілі сваіх эксплёататараў. Беларусь наваднілася жандарамі-„канаркамі“, поліцыянтамі і шпікамі.

У вадказ на прыгнечаньне, падняўся сярод працоўных мас Беларусі рух. Распачаўшыся ў рабочых колах, ён хутка перашоў і ў сялянскія эксплёатаваныя масы. Прыгнечаны селянін пачаў організавацца, каб прагнаць „дэмократычную“ ўладу, каб зноў вярнуць на Беларусь дыктатуру пролетарыяту, рабоча-сялянскую Савецкую ўладу. Пачалі расьці падпольныя комуністычныя організацыі. Лясы і балоты запоўніліся паўстанцкай моладзьдзю — хлопцамі і дзяўчатамі.

Апынуўся ў падпольнай комуністычнай організацыі і наш вядомы пролетарскі пясьняр Міхась Чарот. З вінтоўкаю ў руках, разам з рабочым і селянінам, пашоў ён змагацца за дыктатуру пролетарыяту, за Савецкую ўладу на Беларусі. І вось цяпер ён дае нам „сказ аб мінулай праўдзе“; ён сьпявае вясёлы сьпеў сьпеў „пра красуню-дзяўчыну, пра паўстанку Марыну“. Гэты сьпеў, поўны праўды, — нявычэрпнай энэргіі і нясказанага хараства няхай разносіцца па ўсіх куткох нашай Савецкай Беларусі. Праз кардон няхай даляціць ён далёкім рэхам і да працоўных мас Заходняй Беларусі. З захапленьнем будуць слухаць гэты сьпеў пролетарскага песьняра Чарота работніца і сялянка, што вырваліся з векавечнай няволі. З вялікаю ўвагаю і вераю ў лепшую будучыну будуць слухаць сьпеў песьняра жанчыны, да каторых яшчэ не дашоў вялікі Кастрычнік.

У. Ігнатоўскі.