Марыя Кімантовая

Марыя Кімантовая
Некралог
Аўтар: Антон Луцкевіч
1922
Крыніца: Беларускі Звон. 1922. 8 верас.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Гэткі невялікі ў нас гурток працаўнікоў над разьвіцьцём беларускага мастацтва, — а і тут лютая сьмерць вырывае лепшыя адзінкі.

Мы стаім перад сьвежаю магілай выдатнай музыкантшы, добра вядомай у артыстычных кругах Вільні, — піяністкі Марыі зь Ячыноўскіх Кімантовай.

Усё жыцьцё сваё яна пераважна правяла за межамі нашага краю. Вучылася ў Пецярбурскай кансэрваторыі ў вялікага Рубінштэйна. Пасьля, выйшаўшы замуж за літоўскага грамадзкага дзеяча, Янку Кіманта, жыла ў Пскове, Казані і другіх местах Расеі.

Але ўсей душой ірвалася на Бацькаўшчыну. І пад канец жыцьця ўлетуценьні яе зьдзейніліся: яна з мужам асела ў гэтак любай ёй Вільні.

Тут сустрэлася зь беларускім адраджэнскім рухам, пазнаёмілася зь беларускімі дзеячамі. І старая беларуская кроў уніяцкае папоўскае сям’і Ячыноўскіх разам у ёй загаварыла.

Яна горача адгукнулася на кліч да працы над разьвіцьцём беларускае музыкі. Гарманізавала песьні для беларускага хору, сама кіравала нейкі час гэтым хорам, давала канцэрты на карысьць беларускіх установаў.

Працу гэту завяршыла цэлым кампазытарскім творам — улажэньнем арыгінальнае музыкі да «Залётаў» Дуніна-Марцінкевіча. Пад яе ж кіраўніцтвам была першы раз пастаўлена гэта п’еса ў Вільні у 1914 годзе.

Дый, паміма працы на свае спэцыяльнасьці, горача прымала да сэрца ўсе беларускія справы, а ў доме Кімантаў, дзе панаваў дух вялікіх традыцый волі, роўнасьці і брацтва народаў, беларусы бывалі частымі гасьцямі.

Апошнія гады жыцьця Марыі Кімантовай былі дужа цяжкія. Галадоўка ў часе нямецкае акупацыі, безупынныя зьмены ўлады, рэзкія пераходы ад мамэнтаў вялікае радасьці ад зьдзяйсьненьня ідэі незалежнасьці нашага краю да цяжкое няволі — усё гэта востра адбілася на вельмі чулай душы артысткі і яе нэрвах.

І нэрвы ня вытрымалі. Душа захварэла.

Ад пачатку гэтага году яна ўсьцяж была хворая, і мала хто з прыяцеляў бачыў яе. Дый памерла яна неяк ціха: бадай, ніхто зь беларусаў ня ведаў аб яе сьмерці, бадай, ніхто не пайшоў аддаць ей апошні паклон на вечнае разьвітаньне.

Затое, калі спозьненая вестка дайшла да тых, хто гэтулькі гадоў так часта сустракаўся зь нябожчыцай і пры рабоце, і ў гадзінах адпачынку, шчыры жаль сьціснуў сэрца беларусаў.

Беларускае грамадзянства ўвекавечыць імя Марыі Кімантовай, як яна на гэта сваей дзейнасьцю заслужыла. А пакуль што мы хоць гэтымі радкамі памянем яе.

Хай родная зямелька будзе ёй пухам.