Мары
Верш
Аўтар: Альберт Паўловіч
1907
Крыніца: «Наша Ніва», 1907, №36; Беларуская дакастрычніцкая паэзія - 1967 - с. 299

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Мары


Дні за ноччу цёмнай хваляй
Нікнуць ў вечнасць чарадой;
А мы йдзём, йдзём усё далей,
Барукаючысь з судзьбой.

Радасць, шчасце нас не знаюць,
Сэрца рэзка ўскалыхнуць;
За то слёзы набягаюць, —
Не даюць і уздыхнуць.

Смутак горне, з бяды гнёмся;
Страх іцёмна ўперадзі,
Але ўсё ж не паддаёмся,
Нешта кажа нам: «Ідзі!»

На дарозе страцім брата,
Жонка — мужа, сын — бацькоў...
Праца йдзе, брашчыць лапата,
Звон нясецца тапароў.

Ніпачым завея ў полі
Бура, лівень і жара...
Мчымся далей шукаць долі,
Пакуль сіла і пара.

Пакуль сэрца б'е у грудзі,
Пакуль кроў цячэ струёй, -
Дамагацца мусяць людзі
Праўды чыстай і святой;

Мусяць крыўду гнаць і завісць.
Слёз чужых нашто жадаць?
Згода лепей, як нянавісць,
Праўда можа шчасце даць.