Маскалёва крыніца (Шаўчэнка/Глебка)

Маскалёва крыніца
Паэма
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
1847
Арыгінальная назва: Москалева криниця
Пераклад: Пятро Глебка
Крыніца: Кабзар - с. 161-164

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




— Дальбог, не варта жыць на свеце!..—
— Тапіся йдзі!—А жонка! дзеці?—
— Дык вось-жа, бачыш, не брашы!
А сядзь вазьмі ды напішы
Вось гэту быль жыцця... Дык можа
Іначай скажаце, нябожа.

— Пішы вось так: было
Сяло,
Ды каб не лезці на чужыну,
Пішы—у нас на Украіне.
А ў тым сяле ўдава жыла,
А у яе дачка была
І сын сямілетак.
Добра, меўшы дзетак,
у раскошы,—хваліш бога...
А ўдаве убогай
Бог, відаць,—нічога,
 
Бо залілі за скуру сала,
Траха не прапала;
Думала тапіцца
Ці йсці век маліцца,
Але шкада маленькіх стала!
Вядома, маці, што й казаць!
Ды, можа, сніўся нават зяць,
Бо ўжо Катруся падрастала...
Ці-ж ёй у дзеўках звекаваць!
Загінуць марна чорнабрывай?
Не, не з таго яна куста!
Такі-ж у тым сяле руплівы
(Бо ўсюды сіраты лянівы)
У наймах вырас сірата,
Увесь у бацьку быў хлапчына!
То сяк, то так
Прыдбаў гаротнік грашанят,

Адзежу справіў, жупаніну,
Ды нечакана, для патрэб,
На тыя грошы сіраціны
Купіў садочак і хаціну,
Падзякаваў за соль, за хлеб
І за навуку добрым людзям,
Ды да дачкі ўдавы хлапец
І рушыў з ручнікамі.
Не таргаваліся з сватамі
(Як водзіцца паміж панамі),
Не таргаваўся й пан-айцец
Усім на дзіва і на цуда!
За тры капы звянчаў у будзень...

Прасохлі вочы удавы.
Вось гэтак, дружа мой, жыві,
Дык весела й на свеце будзе.
І будзе варта ў свеце жыць,
Як будзеш мець каго любіць.
Хоць кажуць так яшчэ, нябожа.
Сябе любі, і бог паможа.
А давядзецца паміраць?
Млець над грашыма? Не, нябожа!
Любоў—ад бога благадаць!
Любі-ж, мой дружа, дзетак, жонку,
Дзялі з убогімі скарбонку,
Больш лёгка будзе й зарабляць.
___________
1. Спачынем трохі, пагаворым.
Што, ярына йшчэ не ўзышла?
2. Ды дзе там ярына была,
У мяне на жыта не так скора
Яшчэ ўзаруць. Вы-ж жьшеце
Даўно ўжо, дзядзька, а не чулі,
А можа чулі, й прамінулі—
Журнал друкуюць...
1. Це! це! це!
2. Ды што вы думаеце, польскі,
Ці гаспадар ўжо той маскоўскі,
Ды дзе, лаві! журнал Рэву!
Ці то... Ламод, купіў для Пашы
У Ромні я...

1. (цішком)
Дык вось як нашы!
Не чуў, на свеце як жыву.

2. У самым вось, у тым журнале
Мая Пашэта прачытала,
Як немцы сеялі траву,
А потым выжалі сярпамі!..
Ўсё вершаванымі радкамі
Напісана, не так як ў нас...
І. Як-бы ты, браце, свінні пас...
За слова выбачай.
(нібы не чуе) Гэй, хлопча (ходзіць пасвіствае, апотым спявае)
 
Хлопча-малойча
З карымі вачамі,
Нашто табе жонка —
Камень за плячамі.
Ды годзе ўжо табе спяваць.
Што, можа хочаце канчаць?
А я, прызнацца, думаў тое...
А я дык думаю другое,
Што вып’ем мы ды і заснем,
А то да ладу не дайдзем;
Сядай лепш ды пішы, нябожа,
Ды кончым мы, як бог паможа.
__________
Пажаніліся нябогі.
Дзівіліся людзі:
Як-жа гэтыя сіроты
Жыць на свеце будуць?
Мінае год, мінуў другі,
Дзіву зноў даюцца,
Дзе ў тых сірат у бяздольных
Спажытку бяруцца?
І ў каморы, і ў аборы,
На таку й на ніве,
І дзетачкі, як кветачкі.
Самі чорнабрывы
У жупанах пахаджаюць,
Старцоў заклікаюць
На абеды, багацеі-ж —
Самі не мінаюць.
Не міналі сябелюбы,
Ды ўсё шкадавалі,
Што такім дабром сіроты
Старцоў частавалі!
«Калі плеснее—прадалі-б:
Гэта-ж у іх дзеці!..»
Вось паслухай-жа, што робяць
Зайздрасці на свеце,
І галодная пражэрнасць.
Хадзілі, хадзілі
Покуль ноччу, шкадуючы,
Хаты не спалілі..
Няхай-бы быў неспадзяваны
Які магнат адукаваны,
Было-б не шкода,—ці-ж не так?
А то апошні той бядняк
Лютуе гэтак. Цяжка, браце,
Людзей на старасць распазнаці.
А яшчэ горш ззамаладу
Гадзіну кахаці.
Зачаруе змяінымі
Карымі вачыма...
Хай яго! Забыўся, дурань,
Што смерць за плячыма.
_________
Да сцябла ўсё пагарэла,
І дзеці згарэлі.
А суседзі ўсе навокал
З радасці шалелі.
Багацеі радасць мелі,
Што дабра прыдбалі,
А бедныя цешыліся,
Што роўнымі сталі!
Узяліся спагадаці,
Жалю задаваці:
«Шкода, шкода! Каб-жа знаці—
Грош-бы трэба дбаці,
Усё-б такі не так яно...
Зрэшты, брат Максіме!
(Бо яго Максімам звалі)
Распрадай скаціну,
Ды хадзі ка мне ў найміты,
Што будзе, дык будзе.
Будзем зноў чумакаваці,
Покуль выйдзем ў людзі,
А там зноўку...» Падзякаваў
Максім за параду.
«’Шчэ пабачу, як там будзе;
Калі не дам ладу,
Дык тады ўжо, пэўна ж, трэба
Ў наймы йсці нанова...
Дзе вось толькі Кацярына,
Чарнявыя бровы!..
Яна мне давала раду
І цяпер парадзіць!..»
Ды апошняя парада
Навекі завадзіць.
Валы твае і каровы
Разам паздыхалі,
А Катруся з маскалямі
Дзесь павандравала!
_____________
Цяпер вось так пішы, нябожа.
Максім падумаў, пажурыўся,
А потым богу памаліўся,
Прамовіў двойчы:—Божа! божа! —
Дый больш нічога.
Ад царыцы
Прышоў указ—ілбы галіць.
«Не даў удоўцы утапіцца,
Не дам-жа й з торбаю хадзіць»,
Сказаў Максім, і дом пакінуў,
Удовінага, бачыш, сына
Народ у рэкруты здаваў.
Такіх нямала цёмных спраў
Цішком умее свет чыніці!
А вас, пісьменных трэба-б біці,
Каб не крычалі:—Ах! алах!
Не варт, не варт на свеце жыці—
Што цёмныя так не крычаць?

2
Хіба-ж жывуць яны? і знаюць,
Як вы сказалі, благадаць,
Любоў...

1
... Што? што? Недачуваю…

2
Яны гібеюць і не дбаюць,
Або, па-вашаму, растуць,
Нібы капуста на гародзе.

1
Вось так па-вашаму! Ну, годзе-ж!
Няхай сабе і не жывуць...
А ўсё-ж скажу такі: як хочаш,
А вы ім жыць не даеце,
Бо для сябе вы жывяце,
Пісьменныя закрыўшы вочы.

2
Як гэтак будзем мы пісаць,
Дык і да вечара не скончым.
Ну, дзе той занядбаны зяць?
__________
Удовін сын прышоў дадому,
А зяць пайшоў у маскалі.
І не шкада было нікому.
Яшчэ й смяяліся былі!

Вось не ведаю, дальбог-жа,
Ці яна бывала,
Кацярына, у мацеры.
Ці так і прапала?
Была чутка, па Умані
Стрыжаную гналі
За крадзеж... Пасля навекі
Пахавалі хвалі.
Ды ўсё гэта,—знаеш, людзі
Ўтопяць і задушаць!
А ці можа гэта праўда
Як на вярбе грушы.
Пра яе я знаю толькі.
Нават песню склалі.
Я чуў тады—на досвітках
Дзяўчаты спявалі:
Шэлест, шэлест па дубіне,
Хлопцы шапкі пагубілі;
Толькі найміт не згубіў,
Дачку ўдоўкі палюбіў...
Саромная, няхай ёй ліха!
Гады міналі ціха-ціха,
Вось так пішы!—і за грахі
Бог ляхаў пакараў, ліхіх,
Пужаў Пугач па-над Уралам
Пііты ў одах выхвалялі
Вайну й царыцу.—Толькі мы
Цішком сядзелі, дзякуй богу.

Пасла вялікае зімы
Вярнуўся і Максім бязногі:
У бітве, кажа, загубіў.
Ды срэбны крыжык зарабіў!

Чаго ён прыплёўся? Ні хаты, ні ў хаце
Няма ні сястры, ані брата ў яго.
Чаго-ж ён прыбіўся? Хто-ж знае чаго!
Ці чуў ты, што кажуць: лягчэй паміраці
Хоць на пажарышчы ў сваёй старане,
Ніж дзесьці ў палацах! Ці чуў ты? Ды не...
Эй, дзядзечка, будзем хутчэй-жа пісаці,
Бо хочацца спаці як вам, так і мне.—
___________
Затужыў маскаль-калека:
Дзе ён голаў схіліць?
Сын удовін у салдатах,
Удава ў магіле!
Да каго-ж ён прытуліцца?
Дзе перазімуе?
Ужо восень, неўзабаве
Зіма залютуе.
Няма яму ў свеце долі:
Паляцела ў поле!..
Папрасіўся зімаваці
Да дзяка у школу,
Бо і пісьменнасці, дзякуй,
Маскалі наўчылі,
І касу меў, бо й маскалі
Як адзін насілі
Косы сівыя тым часам
З вітымі кудрамі
І мукою пасыпалі,
А нашто—не ўцяміць.
Максім часам, як пісьменны,
Дзяку памагае
І на клірасе, бывала,
І псалтыр чытае,
І папу дары людскія
З шкалярамі носіць,
А ў піліпаўку, гаротны,
З торбай хлеба просіць!
Дармо, ты знай сваё пішы,
Ды толькі людзям не брашы!

Ад яго ніхто і слова
Не пачуў благога!
Наша доля і нядоля,—
Кажа ён,—ад бога!
Ані вохне, ні заплача,
 
Як малы хлапчына;
І сабакі не кусалі
Маскаля Максіма.
А ў нядзелю, або ў свята,
Нібы прыадзецца,
На удовіну пустэчу
Глянуць валачэцца.
Сядзе сабе у садочку..
Удаву згадае
І за грэшную нябогу
Псалтыр прачытае,
Кацярыну за здароўе
Памяне маўкліва,
Вытра слёзы—ўсё ад бога—
Ды ізноў шчаслівы.
А ў пятроўку і спасаўку
Не спачыне ў школе,
А з рыдлёўкай і лапатай
Кандыбае ў поле.
Каля шляху, пры даліне—
От-жа не ўгадаеш,
Што калека вырабляе?—
Крыніцу капае!
Дый выкапаў. А налета
Крыніцу свянцілі
На самага Макавея,
І дуб пасадзілі
На прыкмету падарожным;
А па тым па леце
Маскаля ўжо нежывога
Знайшлі ў яры дзеці
Каля самае крыніцы.
Вышаў падзівіцца
Перад смерцю, небарака,
На сваю крыніцу.
Грамадою пры даліне
Яго пахавалі,
І даліну, і крыніцу
На ўспамін назвалі
Маскалёваю. На Спаса,
Або Макавея
І дасюль ваду там свенцяць,
І дуб зелянее.
Хто йдзе, едзе—не мінаюць
Зялёнага дуба,
У цянёк усе сядаюць,
Ды ціха, ды люба,
П’ючы ваду сцюдзёную,
Згадваюць Максіма...

Так жывіце, недавукі,
Жыць не апастыне.

Орская крэпасць
1847