Матар’ялы для вывучэньня Віцебскай краёвай літаратуры і мастацтва

Матар’ялы для вывучэньня Віцебскай краёвай літаратуры і мастацтва
Аўтар: Мікалай Каспяровіч

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




М. Касьпяровіч

Матар’ялы для вывучэньня Віцебскай краёвай літаратуры і мастацтва

Дзякуючы вядомым гістарычным умовам у нас на Беларусі не ўтварылася пэўнага сталічнага культурнага гнязда аж да часу Кастрычнікавае рэволюцыі. Ролю яго доўгі час упярэмежку адыгрывалі то Вільня, то Менск, куды і пасылаліся прадстаўнікі ў агульнанацыянальную культуру з іншых беларускіх гарадоў-гнёздаў. Затым асабліва важнае значэньне набывае ў нас вывучэньне ў гістарычнай пэрспэктыве і ў сучаснасьці провінцыяльных беларускіх асяродкаў: Віцебску, Гомелю, Горадні і інш. Тым больш гэта патрэбна таму, што пазнаць творчасьць таго ці іншага выхадца з краю (літаратара, музыкі, мастака) у агульнанацыянальную культуру без пазнаньня культурнага гнязда, з якога ён вышаў, яго краю — немагчыма. Да таго той ці іншы край імкнецца да ўласьцівай яму формы, як, напр., Казаншчына з В. Аксакавым — да ідыліі[1]. Але разам з тым нельга гаварыць аб утварэньні гісторыі літаратуры або выяўленчага мастацтва ці музыкі таго ці іншага краю, бо яны складаюць частку агульнага культурнага руху нацыі, краіны[2]. Дый бадай ніколі ні адзін з нашых дзеячоў літаратуры, музыкі і інш. не заставаўся назаўсёды ў сваім краі. Затым праца ў кірунку дасьледаваньня літаратурнага разьвіцьця краю павінна складацца з першапачатковай рэгістрацыі дзеячоў па мажлівасьці розных галін з найкароткімі данымі аб іх. Эпімах-Шыпіла, Браніслаў Ігнатавіч (1859) — рэдактар і выдавец шмат якіх беларускіх выданьняў; радзіўся ў фольварку Будзькаўшчына, Лепельскага павету, б. Віцебскай губ., у сям’і земляроба. У 1880 г. ён скончыў Рыжскую гімназію, а ў 1885 г. — Спб. унівэрсытэт, па сканчэньні якога на працягу пяцёх гадоў займаўся прыватнымі лекцыямі, а ў 1890 г. паступіў на службу ў бібліотэку Спб. унівэрсытэту, дзе праслужыў 35 год; адначасна выкладаў грэцкую і лацінскую мовы ў Спб. сярэдніх і вышэйшых школах.

Э.-Ш. адыграў вялікую ролю ў разьвіцьці беларускага нацыянальнага адраджэньня, якое пачынала разьвівацца ў канцы XIX і пачатку XX стагодзьдзяў; ня маючы матар’яльных сродкаў, мала маючы людзей з высокай адукацыяй, з пэўным службова-грамадзянскім палажэньнем, а выходзячы з працоўна-сялянскіх гушчаў, яно ў асобе Э.-Ш. знайшло як ідэёвае, так і матар’яльнае падтрыманьне. У 1902 годзе ён прыймаў галоўны ўдзел у першым беларускім Спб. таварыстве «Круг беларускае народнае асьветы і культуры беларускай», аддаючы ў яго фонд рэшту сваіх заробкаў. У 1906 г. ён організаваў і адчыніў на сваёй кватэры другое, больш вядомае Т-ва «Загляне сонца і ў наша ваконца», стаў на чале яго і разьвіў досыць значную, у параўнаньні з тагочаснымі магчымасьцямі, выдавецкую дзейнасьць; паміж іншым, выдаў першую беларускую часопісь «Маладая Беларусь». Дапамагаў ён усімі магчымымі сродкамі і шмат каму з беларускіх дзеячоў, песьняроў, студэнтаў і проста рабочых, як, напр., вучыў і сутрымоўваў каля 2-х гадоў найвялікшага песьняра беларускай зямлі Янку Купалу, які тагды толькі пачынаў брацца за пяро і спрабаваць свае здольнасьці. Але Э.-Ш. прымаў удзел і ў політычных справах: на яго кватэры абгаварваўся мэморандум аб незалежнасьці Беларусі, які ў 1916 г. чытаўся А. Луцкевічам ў Жаневе, апрацоўвалася тактыка на выпадак заняцьця Беларусі немцамі і г. д.

Э.-Ш. сабраў на свае ўласныя сродкі вялізную бібліотэку па беларусазнаўству, якая мае каля 3-4 тысяч назваў. У 1926 г. ён пераехаў у Менск і зьяўляецца сябром І. Б. К.

  1. Дневник 2 всесоюзной конференции по краеведению №1. Масква, 9 сьнежня 1924 г. Ст. 13.
  2. М. П. Сокольников. Литература Иванова-Вознесенского края. «Труды Ив.-Вознесенского губ. Научного О-ва Краеведения». Ив.-Вознесенск, 1925 г., ст. 183.