Матчын дар (1929)/На чужыне/15

14. У выгнаньні 15. Вясельле
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1929 год
16. Журба
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вясельле (Гарун).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




15.

ВЯСЕЛЬЛЕ.

Гэй гуляй, ня думай,
Не глядзі панура!
Засьпявай, заіграй,
Загудзі віхурай!

Грошы ёсьць! Сала ёсьць!
Бутэль манаполькі…
Ты ня стой, трунак свой
Пі, гуляй і — толькі!

Былі мы… Жылі там —
На роднай краіне…
А цяпер тут — як зьвер…
Жыцьцё наша гіне.

Гэй, гуляй, налівай!
Будзем піці, браце!
Што у нас? Цяжкі час?
Э! аб чым казаці!

Га-га га! Бач, нага
Сама ў бокі скача, —
Заіграй, засьпявай!…
Не, брат: сэрца плача…

Дайце мне, дайце мне
Кварту ня пустую, —
Я мае, я свае
Сэрца пачастую.

От дык так! От дзе смак!
Эх ты, ведзьма-доля!
Яшчэ — не, мала мне…
Налівайце болей!

Гэй крычы, не маўчы,
Сэрцу дай пацеху!
Заіграй, засьпявай,
Сьмеху, болей сьмеху!

А што?! Не, вы мяне
Не забілі, гады!
Вось-жа п‘ю, вось пяю
З сябручкамі рады!

Ты гуляй, не зважай,
Што сьляза на вочу, —
Гэта так, гэта я
Весяліцца хочу.

Пі, гуляй!
Грай, сьпявай!…

15. Вясельле.

36 р. „З сябручкамі рады“. У выданьні 1918-га году і аўтографе („сшытак“, стар. 17-18) — „радый“.

38 р. …„на вочу“ як часта ў А. Гаруна, ужыта для рыфмы (з словам „хочу“ — 40 р.).