Матчын дар (1929)/На чужыне/23

22. Думы ў чужыне 23. З песьняў няволі
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1929 год
24. ⁂ За тысячу вёрст ад радзімага краю
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зь песьняў няволі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




23.

З ПЕСЬНЯЎ НЯВОЛІ.

Праўду мусім ведаць, браце:
Покуль мы ня ў роднай хаце,
Не на ніве покуль роднай, —
Нашай думачцы ніводнай
Век ня спраўдзіцца, ня збыцца, —
Мусім ў цеснай клетцы біцца
Нашых думак і жаданьняў
І няволі наляганьняў.

У гароце, у няволі,
Без пасьпеху, а паволі
Нешта розум ў нас вымае,
Смокча душу — выпівае
І за шыю душыць больна,
Што часамі мімавольна
З болю гэтага заплачаш,
Што аж слонейка ня бачыш!

Мусім ведаць, што мялеем,
Што паволі ўсё малеем,
Ня жывем, але канаем, —
Зранку долы вымяраем
І надзею што-дзень губім,
Хоць яе, як жыцьце, любім.

Нашы брацьця — там, на волі,
Паляглі, моў-ся на полі,
Чыстым полі ваявецкім,
Велькім колам маладзецкім,
З пасячонымі плячыма,
З выпалёнымі вачыма.


Мы зьявілісь з яснай казкі,
Братняй міласьці і ласкі,
З краю-Далі, краю-Сьвета,
Дзе цяплюхна, вечна лета, —
А нас кінулі у пушчы,
Ды у холад, дый у гушчы,
Дзе брат з братам вечна б‘юцца:
Спруцянелі, а дзяруцца.

Мы хацелі даць ім сьвету,
Зруйнаваці пушчу гэту,
Даць ім міласьці прагненьне,
Дзён шчасьлівых даці меньне…
Мы ішлі вялікім валам,
Войскам буйным а зухвалым,
Ды ня стала нашай мочы:
Сьвет слабейшы быў ад ночы…


Што-ж? Няхай! Няхай так будзе.
Мусіць гэтак доля судзе.
Цяжка, страшна жыці, праўда,
Дык цярпеці-ж нам ня наўда.
Так на моры-акіяне
Часам хваля перастане…
Можа-ж прыйдзе навальніца,
Толькі-б ветрыку зьявіцца!

Будзем ў неба цікавацца,
Будзем зорак прыглядацца;
Без пакоры у пакоры
Перабудзем сваё гора.
Mo‘ і нам аднекуль з неба
Скажуць: „Чуйце, устаньце, трэба!“
І ўзмацняць. Парвуцца путы, —
Будзе вольны, хто закуты.

Не адны, а з грамадою,
Разам з людзьмі, чарадою
Пойдзем поплеч зноў у далі,
Скуль прыйшлі і скуль паўсталі.
А калі-ж ня хопіць сілы
Ўстаць на гэты вокліч мілы, —
Сэрца хоць мацней заб‘ецца,
Твар пахмуры усьміхнецца.

Можа-ж быць — раней загінем,
Дык усё-ж мы сьлед пакінем,
Бо, браток, хоць промень сьвету
Прынясьлі мы ў пушчу гэту!

23. З песьняў няволі.

42 р. „Войскам буйным а зухвалым“. А. Г. часьцей, чым звычайна, ужывае „а“ зам. злучніка „і“.