Матчын дар (1929)/На чужыне/26

25. ⁂ Эх, сягоньня, ў гэту ночку 26. На сьмерць
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1929 год
27. ⁂ Думкі-дыямэнты, краскі жыцьця
Іншыя публікацыі гэтага твора: На сьмерць (Гарун).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




26.

НА СЬМЕРЦЬ.

Памёр ты, татачка, ўспакоіўся на векі!
На вочы сумныя насунуліся векі, —
Прыціснула іх сьмерць мацней за чужынца.
І вот айца
Ня стала, родны мой, ад сьмерці тваяе…

О сьмерць бяз літасьці, ратунак ты і кара!
На што-ж яму, як тая чорна хмара,
Заслонай вечнаю ты стала прад вачмі?
Скажы, сьлязьмі
На што пасквапілась радзіны ты мае?

Ax, родны, блізкі мой! Гаротны і бяздольны,
Жыцьцё сваё, той шлях няўдатны і нявольны,
Ты з больлю цяжкаю у сэрцы перабыў
І свой згубіў
Апошні стон, адзін, ў чужацтве, у цішы.

Бясшчасны тата мой! Усім адна дарога…
І торганьня разлукі ня так катуюць строга,
Як тое, любы мой, што ў ноч, ў апошню ноч,
Ў цябе із воч
Сьляза скацілася аб скрыўджанай душы.

Дратуе сэрца мне, цьвікі ў мазгі ўбівае,
З грудзей і боль і стоны здабывае
Здагадка страшная: ў гадзіну ўсіх гадзін
Ты там адзін,
Маўляў бясплеменьнік, усім чужы, сканаў…

Адно бліжэйшае, адно-б хаця стварэньне,
Хаця-б няроднае, хаця-бы на здарэньне,
Прасіў вялікага к табе хутчэй паслаць,
Каб з ім аддаць
Сваім апошні свой, гарачы свой прывет.

Ня меў ён літасьці, ня даў табе спакою,
Ў самоце, у больніцы, жалезнаю рукою
Ён сэрца кволага спыніў нятрвалы рух
І бедны дух
Прымусіў твой пакінуць гэты сьвет.

Казаў: „маліся“ ты. За што-ж, каму маліцца?
Ці-ж можна праўду нам знайсьці, калі маніцца,
У неба чорнае ўляпіўшыся вачмі?
З журбой, з сьлязьмі
Нясьці туды сваю найбольшую з надзей?
Пабач, гаротны мой: ці-ж ты ня моцна верыў?

Сьвятою праўдаю ці-ж кожан шаг ня мерыў?
Сьлязьмі крывавымі ня плакаў? Не прасіў?
Ня ўсё знасіў,
Запомнены праз неба, нязнаны праз людзей?
Ці-ж меў ты, родны мой, хоць дзень на адпачынак?

З гароты, з беднасьці ці знаў перапачынак
За веру гэтую? Ці-ж не балеў ты заўсягды,
Ня сох з бяды
З душою прэснаю, адкрытаю да ўсіх?

Салодкіх мала хвіль, а горкіх натт‘ багата
Памеў за жыцьце ты, мой родны, бедны тата.
А можа горкую табе і я хвілінку даў,
Не спагадаў
Табе калі?… Цяпер за гэта выбачай.

Няхай пуховаю табе зямелька будзе,
Няхай спакой табе твой пан прысудзе.
Я некалі прыду пад той убогі крыж,
Дзе ты ляжыш,
І там наплачуся. А покуль што — прашчай!

26. На сьмерць.

Верш вельмі эмоцыянальны, але не апрацаваны, напр. 17-ты радок мае залішні склад: „і торганьня разлукі ня так катуюць строга“. Чацьверты і пяты радкі невыстарчальна ясны. За адсутнасьцю аўтографаў і іншых друкаваных тэкстаў гэтага вершу Камісія ня мела магчымасьці іх выправіць.

15 р. У выданьні 1918-га г. стаіць: „у чужчстве“. Гэтае напісаньне палічана за друкарскую памылку і выпраўлена „у чужацтве“.