Матчын дар (1929)/Праявы роднага/62

61. Два каханьні 62. Казка
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1929 год
63. Хатка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Казка (Гарун).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




62.

КАЗКА.

Што, дзяўчаткі, парабочкі,
Казку вам сказаці?
Ну, якую-ж проці ночкі
Лепі нагадаці?..

Добра!.. Слухайце уважна,
Не перабіваці!
Сядзьце чынам і паважна,
Кіньце блазнаваці!

— За ваконцам вецер сьвішча,
Як ваўчына вые.
Ведзьмы справілі ігрышча,
Ведзьмы маладыя.

Ў хаце цёмна, ціха, смутна,
Цяжка а тужліва;
Уздыхае хтось пакутна,
Неяк сіратліва.

Ўдовай бабкі сын прыгожы
Сеў каля ваконца,
Чымсь-ці хворы, спаць ня можа,
Выглядае сонца.

Ведзьмы скачуць і гуляюць,
Зірк ў вакно: хлапчына!
У ваконца барабанюць:
„Выйдзі, малайчына!“

Выйшаў. Чуе, нехта плача,
Ціха нехта кліча:
„Сюды, сэрца! Гэй, бурлача,
Пакажы аблічча!“

Йдзець. На прызьбе каля хаты
Бачыць: маладзіца,
Пекнай уроды, строй багаты,
Ясны, аж мігціцца.

Стаў і словам не азьвецца,
Моцна задзіўлёны;
А яна — дык проста рвецца:
„Мілы! улюблёны!

Сядзь-жа поруч, ня цурайся,
Ды любі мяне ты.
Ты-ж наблутаў, ня сьпірайся,
На мяне цянеты“.

Сеў хлапец несамавіты,
З ведзьмаю абняўся;
Вецер, злосна прагавіты,
Роў і ня спыняўся.

Рукі белы аплятаюць
Ўюцца каля шыі;
Кроў прыціскі калатаюць…
Вецер сьвішча, вые.

Потым палкім пацалункам
ў вусны упілася…
Сэрца смокча… і з рабункам
Ў віхры паняслася.

А дзяціна так ля дому
І сядзець застаўся…
Ведзьмы вобраз маладому
Доўга ўспамінаўся.

Як успомніць — сэрца рвецца
Проста у скумацьце,
Да нічога ня прыткнецца,
Ўсё сядзіць у хаце.

І канец. А ведзьма? Можа
Да другога ходзіць,
Маладая ды прыгожа,
Жарцікі разводзіць.

62. Казка.

23 р. …„барабанюць“ зам. „барабаняць“ для рыфмы.

43 р. …„злосна прагавіты“. У выданьні 1918-га году было „злога“. Выпраўлена на падставе варыянту „Наша Нівы“ (1913 г. № 48).