Матчын дар (1929)/Праявы роднага/64

63. Хатка 64. Габруська
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1929 год
65. Жабрачка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Габруська (Гарун).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




64.

ГАБРУСЬКА.

Габруся ў жаўнерку ўзялі,
Ад дамоўства адарвалі.
Ой, Габруська, Габруська!

Зажурыўся стары татка,
Стогне цяжка, плача матка.
Ой, Габруська, Габруська!

Залілася сьлязьмі люба:
Не запомні, мой галубе,
Мой Габруська, Габруська!

Муштравалі ў войску строга,
Не давалі думаць многа.
Ой, Габруська, Габруська!

Дзяцюкова сэрца б‘ецца, —
Бацьку ўспомніць, скаланецца.
Ой, Габруська, Габруська!

Дзяцюковы думкі ўюцца, —
Матку ўспомніць, сьлёзы льлюцца.
Ой, Габруська, Габруська!

А дамовы вецер вее, —
Любу ўспомніць, абамлее.
Ой, Габруська, Габруська!

Захварэў Габрусь на службе, —
Ліст пісаці кажа дружбе.
Ой, Габруська, Габруська!

„Не чакайце мяне ў хаці,
Час прыйшоў мне паміраці“.
Ой, Габруська, Габруська!

Ой, сканаў Габрусь ў чужыне,
Жаль ўчыніў сваёй радзіне.
Ой, Габруська, Габруська!

Засмуціў ён сваю любу:
— З кім пайду цяпер да шлюбу,
Мой Габруська, Габруська?!