Матчын дар (1929)/Праявы роднага/67

66. Сын 67. Журба і сьмехацьцё
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1929 год
68. Спрэчка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Журба і сьмяхоцьце.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




67.

ЖУРБА І СЬМЕХАЦЬЦЁ.

— „Брынкні, хлопча малады,
У свае цымбалы!
Ты-ж бо, чуў я ад людзей,
Музыкант удалы.
Песьняй ёмкай зьвесялі, —
Заплачу двузлотку.
Хочаш? Выпі напярод,
Спагані ахвотку!“

— Раз журба з сьмехацьцём
Напіліся мёду
І пайшлі на кірмаш
Паглядзець народу.
Вось журба й завяла,
Няуцешна плача;
Сьмехацьцë-ж ля яе
Па дарозе скача.
— „Гэй, сястрыца, пакінь
Разьліваці сьлёзы,
Бо цябе-ж засьмяе
Чалавек цьвярозы.
А-ха-ха! хі-хі-хі!
Ну, чаго, сястрыца,
Не хапіла табе?“
— „Перастань, дурніца!“
— „Не сьмяшы ты людзей,
А давай паскачам!“
А журба яшчэ горш
Закацілась плачам.
„А-ха-ха!“ „І-ы-ы!“
Па дарозе льлюцца;
Йдуць журба з сьмехацьцём,
А людцы сьмяюцца.
От журба і крычыць:
— „Праз цябе выкпіны!“
Сьмехацьцё-ж ёй у адказ:
— „Не, васпані вінна!“
— „Праз цябе!“ — „Праз цябе!“
Увайшлі у спрэчку,
А ў канцы пачалі
Малаціці грэчку.
Тут камар падляцеў:
„Кум з кумой дзярэцца?
І пачаў ля журбы
Акругом вярцецца.
То у нос, то у лоб
Джыгане — уп‘ецца;
От журба науцёк,
Бо няма дзе дзецца.
Сьмехацьцё-ж не бяжыць,
Даганяць ня хоча,
А з людзьмі над журбой,
Над дурной, рагоча.
От і ўсё. Калі хто
З вас журбу убача,
Дык настрашце яе
Камаровым плачам.
Уцячэць! А цяпер —
Заплаці двузлотку
І кілішачак дай
Прамачыці глотку.

67. Журба і сьмехацьцё.

У выданьні 1918-га году ў загалоўку стаяла „сьмяхоцьце“. Камісіяй у адпаведнасьці з тэкстам вершу (радкі 9, 15, 31 і інш.) выпраўлена на „сьмехацьцё“.