Матчын дар (1929)/Праявы роднага/72

71. Канец Паўлючонка 72. Шчасьце Мацея
Паэма
Аўтар: Алесь Гарун
1929 год
Увагі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Шчасьце Мацея.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




72.

ШЧАСЬЦЕ МАЦЕЯ.

(Старадаўная казка).

Жыў сабе ў сяле Мацей,
Меў шасьцёра ён дзяцей;
Сядзеў, бедны, без работы,
Бо ня меў к таму ахвоты.
Красьці ён высьцярагаўся, —
Знаць, астрога крат баяўся.
А шасьцёрка дзетак плача,
Трэба хлеба ім, аднача.
Вось ад гэтае нядолі,
Каб ня чуці стогнаў болі,
Рушыў раз Мацей ў дарогу
Проста ў рай, к самому богу.
Ўздумаў праўды дапытацца,
Што рабіць, за што узяцца.
Брыў ці многа ëн, ці мала,
ў лес густы яго прыгнала.
Поўдня, мусіць, йшоў па лесе
Ды зблудзіўся; нос павесіў,
Сеў пад дрэвам і чакае,
Можа пройдзе хто. Гукае.
Толькі ўчуў ён: нехта едзе;
Лес трашчыць, як ад мядзьведзя,
Конь капытам так грукоча…
Уцячы Мацейка хоча.
Хоча ўстаць — ніяк ня можа…
— Вось бяда дзе, моцны божа! —
Зьліўся потам увесь, трасецца…
Бачыць, — сьвет к яму нясецца:
Бяжыць ясны, пекны конь,
Ўвесь гарыць, маўляў агонь;
Збруя белая раменна
Ўбрана ў золаце адменна,
На кані, узяўшысь ў бокі,
Чалавек сядзіць высокі,
Пекна надта прыадзеты,
Але быццам з таго сьвету.
Вось узьехаў на паляну,
Дзе сядзеў Мацей зьляканы.
Конь спыніўся, стаў, чакае,
З воч яго агонь шугае.
— „Што сядзіш тут, маладзец?“ —
Так спытаўся той язьдзец.
„Куды брыў, на што сабраўся?“
Мацей духу тут набраўся,
Зірнуў проста на яздца.
— Ў імя сына і айца!!!
Сьвяты Юр‘я, пэўне, гэта:
Такі з твару, так адзеты,
Як я бачыў на абразу!
Пасьмялей Мацей адразу
Ды й прамовіў да сьвятога:
— Я — Мацей з Бару Крутога,
Шмат дзяцей, паночку, маю,
А карміць іх чым — ня знаю.
Працаваў-бы — не здалеці,
Бо гультай я ў гэтым сьвеці!
Красьці? — Краў-бы, дык баюся,
Бо, крый божа, пападуся
Да пачцівых як людзей,
Так паходзяць ля грудзей,
Што жыць стане неахвота!
Вось, такія мне клапоты.
Я і думаў, як мне быць,
Дзе спакой сабе здабыць?
Не дайшоў сам да нічога,
А надумаўся — да бога
Я пайду і запытаю,
Што рабіць на сьвеце маю?
Ды у лесе во зблукаўся,
Начаваць у ім сабраўся…
Вы-ж, паночак, быць павінна,
Ў неба едзеце ў гасьціны?
Дык мне ласку там зрабіце —
Аба мне усё скажыце
І аб дзетках маіх разам.
Што там скажуць? З пераказам
Сюды едзьце проста ў лес.
— „Добра, добра, я увесь
Для цябе гатоў служыць!
Як мне толькі не забыць
Тое ўсё, што ты казаў?
Я-б паяс расьпіразаў
На ўспамін, дык меч спадзе,
Што параіш у бядзе?“ —
— Эт, панок! Я спосаб знаю,
Простым розумам параю:
Каб вам мець перасьцярогу,
Не забыцца-б ў пана бога, —
Адно стрэмя залатое
Вы пакіньце мне на тое,
Помніць будзеце ўвесь час,
Што я тут чакаю вас. —
— „Добра, розуму бярэмя
Маеш, чалавеча! Стрэмя
На, вазьмі маё; сядзі
Ды чакай мяне, глядзі!“
І, Мацею стрэмя даўшы,
Сам паехаў, паскакаўшы
Зноў па лесе на каню…
Бляск ідзе, маўляў з агню —
Зьяе стрэмя залатое.
— „Вот-бы мне яшчэ другое!
Гэтак думае Мацей: —
Было-б хлеба для дзяцей.
(Ўзрос Мацей і жыў бяз цноты,
Ня было бацьком турботы, —
Ды ня дзіва, што лазаты,
Бэльзэбула сын рагаты,
З гэткай думкай падступіў,
А Мацей яе ўхапіў).
Потым стрэмя закапаў,
Палажыўся і праспаў
Аж да заўтра, да паўдня…
Пралупіўшы толькі вочы,
Чуе: конь ізноў грукоча, —
Сьвяты Юр‘я то нясецца.
Мацей у вус сабе сьмяецца.
Многа часу не чакаў,
Хутка Юры прыскакаў;
Конь пад ім гуляе, скача.
— „Ну, ты, слухай, небарача:
Аб табе з тваёю справай
Я ў абедзе за расправай
Богу ўсё, як ёсьць, сказаў;
Пастараўся, як зьвязаў,
І як ты жывеш, гаруеш
І з дзяцьмі сваймі бядуеш;
Як галаву сваю ламаеш
І які ты розум маеш!
Так казаў, што ледзь-ні-ледзь
Сам ня плакаў. Адпаведзь
Бог такую табе даць
Меў мне міласьць прыказаць:
Красьці — гэта грэх! Глядзі,
Ты ніколі не крадзі!
Калі-ж будзеш ты што браць
У людзей, то каб аддаць
Надта рупіцца ня трэба, —
От і будзеш меці хлеба.
А то часам і саўсім
Не аддай нічога ім:
„Я ня ведаю, ня браў“…
Калі-ж будуць набівацца,
Ты ня бойся адпірацца,
Шчасьце знойдзеш так сваё.
А цяперака маë
Стрэмя зноў ты мне зьвярні“.
— Стрэмя?! Я яго ня браў!
Хіба-ж пан мне аддаваў?!
— „А ну, як-жа, — можа не?“
— Не давалі, панок, мне!
Мо‘ ў дарозе дзе згубілі,
Мо‘ саўсім бяз стрэмя былі?…
— „Не кажы, Мацей, пустога,
Свайго стрэмя залатога
Я ніколі ня губіў,
Я пакінуў, як тут быў
Ды ад‘яжджаць ужо зьбіраўся“.
А Мацейка ня спужаўся:
— Ясны пане! мяне маці
Ня вучыла, каб ілгаці,
І калі я вам сказаў,
Стрэмя вашага ня браў, —
Значыць, так яно і ёсьць,
Дайце веры, ваша мосьць. —
Так Мацей выпрысягаўся,
Сьвяты Юры паспрачаўся,
Потым бачыць, што дарма
Тут стаяці, што няма
Ўжо ніякае надзеі
Вярнуць стрэмя ад Мацея,
Уздыхнуу дый кажа ціха:
— „Ну, ня жычу табе ліха,
Бог з табою… Спажывай! —
Дробных дзетак паднімай.
Хоць… Па-праўдзе… Каб я знаў,
Стрэмя-б мо’ табе ня даў“.
І, сказаўшы так, сьвяты
Паскакаў у лес густы.
Мацей стрэмя адкапаў
Ды й за пазуху схаваў,
І пайшоў сабе да хаты
І вясёлы і багаты.
Як ён сьцежачку знайшоў,
Як да дому ён прыйшоў,
Як далей ён сабе жыў,
З кім сварыўся, з кім дружыў,
Які ў жыцьці меў ён цэль, —
Я ня ведаю. — „Круцель“!
На яго казалі людзі.
Хай і гэтак сабе будзе!
Мне-ж, калі так ваша ласка,
За маю за гэту казку
Чару мёду паднясіце
Ды закускаю дарыце.

Увагі правіць

72. Шчасьце Мацея.

120 р. „Конь пад ім гуляе“… У выданьні 1918-га г. стаяла памылкова „над“.

145 р. „Шчасьце знойдзеш так сваё“. У выд. 1918-га г. стаяла „знойдзем“; яно не давала сэнсу і таму выпраўлена на „знойдзеш“.