О край мой родны! Куды я ні гляну,
Гдзе лёс мой дзіўны мяне не закіне,
Што-колеч думкай сваей ні закрану:
Са мной ты ўсюды у кожнай гадзіне.
Мо‘ гэта маці так зачаравала
Сваею песьняй над ложам дзяціны,
А мо’ зязюля так накукавала,
А мо’ чар гэта мілае дзяўчыны…
Я знаў дзяўчынку з вёскі неўдалёчкі:
Яна мне казкі любіла казаці,
А мела сьлёзмі залітыя вочкі,
Вочкі, што трэба небу прыраўняці.
Умёрла з гора: з голаду вайною,
І так-жа сумна прад сконам глядзела,
Як застывала мертвай цішынёю,
Што маё сэрца жалем скамянела.
Над самым ранам, як будзіцца сонца,
Яна ўздыхнула глыбока — таёмна,
І азірнуўшы слабы сьвет з аконца:
„Жаль мне зямліцы“ сказала прытомна.
І на падушку сьлязінка упала,
Касулька сонца тварок асьвяціла:
Так безнадзейна Мальвіся канала,
Сонца-ж на грудках крыжык залаціла!
А слова жальбы скалыхнула грудзі
Чарам магутным, болем і трывогай:
І расхадзіліся плачучы людзі,
Шэпчучы скаргу нямую да Бога.
Адзін раз бурай жыцьця скалачоны,
У безнадзеі на лепшыя зьмены,
Быў я пры сьмерці, палам знемажоны
Я зваў пагібель голасам пламенным.
Тады здалося мне, як-бы на яве,
Прышла Мальвіся ў беленькай хустцы,
З пальцам на вуснах, у сумнай паставе,
Крыжык на грудках на чырвонай стужцы.
Так праз хвіліну нада мной стаяла,
Жаласным вокам агарнула ложа,
Мяне-ж жудоснасьць тады агартала,
Голасам зычным крыкнуў я: «о Божа!»
Мальвіся ціха сьціснула мне голаў,
Чало мне з плачам раз пацалавала:
„Хоць безнадзейны, хоць бедны, хоць кволы,
„Так як народ наш — ціхутка казала —
„Ня траць надзеі нігдзе і ніколі.
„Працуй чым можыш, каб зменшыць бяздольле
„Бо я дазнала, што ў нашай злой долі
„Скрыта дарога на лёс і прывольле…
На крыж мне сумна яна паказала,
Сьлёзка зрасіла ей твар мармуровы,
І як аблочак павольна зьнікала,
Мяне абняўшы чарам таей мовы.
Ад таго часу краіна нядолі,
Што Беларускай на сьвеце завецца:
Краіна гора, бяз долі, бяз волі —
У маіх думках заўсёды снуецца.
|