То сьцісьнецца, то б‘ецца жыва,
То мукай забаліць агнёвай,
Калі мой лёс паддасьць агніва
Маей нядолінцы жыцьцёвай.
Хістаюся галінкай ў лузе,
І хмарай гонюся па сьвеце…
Спрацівіць лёсаві: — нарузе
Нет сіл ні ў зімку, ні у леце.
Неміласэрны кон руйнуе,
Што будаваў ў бязсоннай ночы,
Калі-ж хто стогн мой і пачуе,
Аж стыдна мне, як лжэць ён у вочы.
Я сьніў аб шчасьці часта-многа,
Людзям сябе аддаць маніўся,
Аж у канцы сказаў да Бога:
„Пашто я, бедны, нарадзіўся?“
Маліўся праўданькі — спрадвеку
Бядой замучанаму люду…
Ах, гора з сэрцам чалавеку,
Бо дарма ён чакае цуду…
Пакляўся, што стаяць на стражы
Я буду чыстаты сумленьня…
Быць стражам там, дзе поўна сажы?
Ці вернецца сяўбы насеньне?
Няма ўжо сьветленькай часіны
Ў жыцьці маім так вельмі кволым:
Чакаць мне трэба тэй хвіліны,
Калі зыйду ў магілу голым…
О сэрца, сэрца — успакойся,
Чаго так б‘ешся як у клетцы?
Людзей стыдайся, Бога бойся…
Яно-ж крывава рвецца — б‘ецца.
Каго-ж ў нядолі йшчэ шукаеш?
Няўжо з табой хто плакаць будзе?
Замры ўжо лепей, што йшчэ маеш
Купаціся ў жыцьцёвым брудзе…
|