Самсон і Даліля Як мрэц
Верш
Аўтар: Казімір Сваяк
1924 год
Не чаруй

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЯК МРЭЦ…

Было гэта ў ночы ціхой і таёмнай…
У зьнямозе і месяц ледзь плыў.
Ледзь гвездкі мігцелі ў высі неаб‘емнай.
І людзі уціхлі, і бор цёмны сьніў.

Стаяў поўны суму адзін я у полі,
Агнёвае поўны жальбы —
А дух мой хістаўся з глыбокага болю,
А цела самлела з арбы.

Аж ноч зашаптала тады ў уміленьні:
„Чаму ж ты заўсёды адзін?
„Гдзе друг твой нядолі, гдзе прошласьці цені,
„Спамін гдзе вясёлых гадзін?

І бачыў я з‘яву у гэту хвілінку,
У сьвятлянай імгле плыла ў сьвет:
Панёс яе вецер, як з дрэўца галінку,
Аж хмарка скрывавіла сьлед…

„Ты музай была мне і сонца касулей,
„Гарыць што зарнічным сьвятлом;
„І кветкай была мне: вясновай саснулей
„Ніколі нязвялай, і божым агнем.

А месяц глядзеў мне спакойна у вочы,
Спакойна і зімна — як мрэц —
А дух зашаптаў мне таёмнай тэй ночы,
Што журбы маей не канец.

Сьціскаецца сэрца балюча-трывожна,
Сябе сам чуцьцём я калю,
А хоць і укленчыў на месяц набожна,
Ня ведаў, каго я малю.

Стаіш ты ў вачах маіх зоранькай яснай,
Пылаючы зор твой лаўлю,
Змуцілася думка… Малюся напрасна,
Цябе ненавіджу й люблю.