Тайніцу духа вазьму я да гробу…
Тхненьне магілы я чую заўсёды:
У зорах неба, раскошах натуры
Думкі аб сьмерці плывуць моўбы воды —
Кінуць мне трэба красу і аздобу
Гэтага сьвету… Ах, сьняцца хаўтуры.
Мілыя вёсанкі, гаёчкі ў полі,
Маці прыбраная Русьбела сьвятая, —
Усенька кінуць мне трэба с трывогай,
Што сьлімянем мне душу аплятае:
Шкада мне беднага брата нядолі:
Крыж і пакута яго дарога.
О мілы Божа, душы маей мэта,
За Табой смагну, смагну як шалёны,
Цябе шукаў я усюды — заўсёды,
Чарамі ласкі Тваей урачоны,
Няраз губіўся мо‘ блудна камэта,
Што ў шлях нязнаны плыве вечны годы.
Пазволь, о Божа, меці мне надзею,
Пазволь быць верным свайму Ідэалу,
Ты памажы мне ўстаці да ўчыну,
Бо сам іду я бязмерна, памалу —
І ў бязвольлі шуканьня мадзею
І без ратунку ад суму я гіну.
|