Падарожны і яго вораг Грэшная
Верш
Аўтар: Казімір Сваяк
1924 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Грэшная.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГРЭШНАЯ.

(Аповесьць эвангелічная).

Дзень цудны быў майскі,
Як бытцам-то райскі, —
Прырода ў зьнямозе маўчала…
Зямелька спачыла,
І спала і сьніла,
Усенька на сонцы драмала;
А толькі Дух Божы,
І дзельны і гожы,
Тварыў без спачынку тайніцы, —
Жытцо красавала,
Пах зёлка давала,
Вадзіца бурліла ў крыніцы.
У дзень гэты Бог-Збаўца
Прысеў на мураўцы,
Ля самай крынічнай вадзіцы:
Сваім апастолам,
Ціхім як анёлам,
Тлумачыў засьвёту тайніцы.
„Спакой вам нясу Я…
„Хто мечам ваюе,
„Ад меча загінуць ён мусе;
„Спакой і свабоду —
„І вам і народу,
„Што гіне ў няволі, ў прымусе.
„Ня будзьце трывожны,
„Ваш шлях просты-збожны:
„Дабром паканайце благога;
„Другіх ня судзіце,
„На крыўду маўчыце, —
„Пачуйце ў душы сваей Бога.
„Яго гаспадарства,
„Яго валадарства,
„Паказуйце сьвету бязверцы:
„Яно-ж не ў багацтве,
„Ня ў сіле, ня ў зманстве,
„Яно у вас самых — у сэрцы…
Тымчасам здалёку
У пыльным аблоку,
Пасьпешны паход паказаўся, —
Мужы і кабеты.
Увесь натоўп гэты,
Да Збаўцы сьвятога сьпяшаўся.
У гэтай грамадзе,
У хітрым нарадзе,
Йшло шмат на кніжках вучоных:
Вялі блудну дзеву…
Былі поўны гневу…
Злавілі іх грэхам злучоных.
У Законе спачатку
Стаіць, што дзяўчатка —
Распусьце і грэху аддана —
Павінна каменьнем,
Гразёй і паленьнем,
На лютую сьмерць пакарана.
Прад Боскім Мастачым,
С трывогай і плачам,
Яна на каленкі упала, —
А ўся ціжба гэта,
І муж і кабета,
Яе прад Хрыстом аскаржала.
Вучоныя с кніжкі
Чыталі запіскі…
А Хрыстус ўглядаўся ў крыніцу,
А посьле скланіўся,
Ніжэй пахіліўся, —
Пісаў на жвірочку тайніцу.
Як шопат травіцы,
Як говар крыніцы,
Да іх Ен азваўся ў натхненьні.
„Хто грэху ня мае,
„Хай першы кідае,
„На грэшную дзеву каменьні…
І далей ў жвірочку
Пісаў па радочку,
А кніжнікі пільне чыталі:
Грахі іх там ставіў,
А Праўданьку славіў,
Яны-ж прачытаўшы ўцякалі.
Адна асталася,
Сьлязмі залілася,
Ен вокам паглянуў глыбокім.
Адна ты, бядота —
„Адна ты, сірота —
„Адна ты на сьвеце шырокім…
„Устань с паніжэньня,
„Ідзі на цярпеньня,
„А больш не грашы… аніколі…
Яна ціха ўстала:
„О Раббі!“ шаптала…
А сэрца самлела ад болі.