Маўглі (1934)/„Тыгр-Тыгр!“
← Як прыйшоў Страх | „Тыгр-Тыгр!“ Апавяданне Аўтар: Джозеф Рэдзьярд Кіплінг 1893 год Арыгінальная назва: "Tiger! Tiger!" |
Навала Джунгляў → |
апавяданне з "Кнігі джунгляў" |
"ТЫГР-ТЫГР"
правіцьТы паляваў ужо, Брат-звералоў?
— Братка! Няўдалы і доўгі быў лоў.
Дзе-жа здабычу сваю ты схаваў?
— Братка! Звер у лес ад мяне паскакаў.
Дзе-ж твая моц, іадвага, і рэў?
— Братка! Відаць, я ўжо састарэў.
Ці ты не здольны зусім паляваць?
— Братка! У мярлогу іду паміраць.
Пакінуўшы Воўчую Пячору пасля сваркі са Зграяй на Скале Рады, Маўглі пайшоў на вораныя палі да людзей. Але ён не хацеў тут спыняцца, бо месца было надта ўжо блізкае да Джунгляў, а ён ведаў, што ў Зграі ў яго застаўся прынамсі адзін непрымірымы вораг. Ён спяшаўся наперад, прытрымліваючыся няроўнай дарогі, што бегла па даліне, і без перапынку прабег не менш як дваццаць міль, пакуль не прыйшоў у незнаёмую мясцовасць.
Даліна пераходзіла ў шырокую раўніну, па якой былі раскіданы скалы і глыбокія равы. На адным канцы раўніны стаяла вёска, а на другім цямнеліся Джунглі, якія шырокай дугой падыходзілі да пашы і тут раптам спыняліся. Па ўсёй раўніне пасвіліся зебу і буйвалы.
Калі пастухі ўбачылі Маўглі, дык з крыкамі пабеглі ад яго прэч, а жоўтыя бяздомныя сабакі, што бадзяюцца каля кожнай індускай вёскі, пачалі брахаць.
Маўглі ўсё ішоў наперад, — ён быў галодны, — і калі падышоў да ваколіцы, дык убачыў, што ўваход у вёску загароджаны калючым галлём. У сваіх начных пошуках спажывы Маўглі не раз сустракаў такія барыкады.
"Значыцца і тут людзі баяцца племя Джунгляў", — падумаў ён і сеў каля форткі.
Праз некаторы час падышоў нейкі чалавек. Маўглі ўстаў, расчыніў рот і паказаў пальцам, што хоча есці. Але чалавек вылупіў вочы і пабег назад па вуліцы, да жраца, тоўстага мужчыны ў белым убранні, з чырвонымі і жоўтымі палосамі на лобе. Жрэц пайшоў да Маўглі, а за ім пацягнулася яшчэ прынамсі сотня людзей. Усе яны балбаталі, крычалі, дзівіліся на Маўглі і тыкалі ў яго пальцамі.
— Зусім не ўмеюць трымаць сябе, гэтыя людзі! — сказаў сам сабе Маўглі. — Акурат як тыя Шэрыя Малпы.
Ён адкінуў свае даўгія валасы назад і нахмурыўся. — Каго тут баяцца? — сказаў жрэц. — Гляньце на яго рукі і ногі — на іх сляды ад воўчых укусаў. Гэта-ж воўчае дзіця, якое ўцякло з Джунгляў.
Вядома, гуляючы з Маўглі, ваўчаняты нярэдка шчыпалі яго досыць моцна, і яго рукі і ногі ўсюды былі пакрыты белымі шрамамі; але Маўглі ніколі не назваў-бы гэтых шчыпкоў укусамі: ён ведаў, што такое сапраўдныя ўкусы.
— Аррэ, аррэ — ах! ах! — прамовілі дзве-тры жанчыны. — Небарака, як ён пакусаны ваўкамі! Але-ж ён прыгожы хлопчык: вочы ў яго, нібы вугальчыкі! Дапраўды, Месуа, ён падобны да хлопчыка, якога ўнёс у цябе тыгр.
— Давайце паглядзім, — прамовіла жанчына з шырокімі меднымі кольцамі на руках і нагах. Прыставіўшы далонь к ілбу, яна ўважліва аглядзела Маўглі і сказала: — Не, гэта не ён: у яго худзейшае цела. Але вочы ў яго акурат як у майго хлопчыка!
Жрэц быў чалавек кемлівы і ведаў, што муж Месуі самы багаты чалавек у вёсцы і што ад яго можна пажывіцца. З хвіліну ён глядзеў на неба, а потым урачыста прамовіў:
— Джунглі ўзялі, Джунглі далі! Вазьмі хлопчыка ў свой дом, о сястра, і не забудзься ўшанаваць жраца, які бачыць наскрозь жыццё чалавека!..
— "Клянуся Быком, што выкупіў мяне, — сказаў сам сабе Маўглі, — ўся гэтая балбатня вельмі нагадвае, як мяне аглядалі ў Зграі. Ну, што-ж — чалавек, дык чалавек!"
Людзі разышліся, а жанчына знакамі паклікала за сабою Маўглі ў хату, дзе стаяў чырвоны лакіраваны ложак, вялізная гліняная скрыня-засек з забаўнымі малюнкамі, з поўдзесятка медных каструль, фігура індускага бажка ў нішы, а на сцяне — сапраўднае люстэрка, якія прадаюцца на вясковых кірмашах па восем грашоў.
Жанчына дала Маўглі добрую порцыю малака і хлеба, потым палажыла руку на галаву і зазірнула ў вочы. Ёй усё здавалася, што можа гэта сын вярнуўся да яе з Джунгляў, куды ўнёс яго тыгр. і яна прамовіла:
— Нату, о Нату!
Але не відаць было, каб гэтае імя было знаёмае Маўглі.
— Ці памятаеш ты той дзень, калі я падаравала табе новыя чаравікі?
Яна дакранулася да яго падэшвы, але скура была цвёрдая, як рог.
— Не! — сумна сказала яна. — Гэтыя ногі ніколі не насілі чаравікоў. Але ты вельмі падобны да майго Нату і будзеш маім сынам...
Маўглі адчуваў сябе неяк няёмка: ён ніколі яшчэ не быў пад дахам. Але зірнуўшы ўгару, ён заўважыў, што дах зусім лёгка разабраць, абы толькі захацеў, ды і вокны не мелі засавак.
"Ці варта быць чалавекам, — падумаў Маўглі, — калі не разумееш чалавечай мовы? Цяпер я такі самы дурны і нямы, як і чалавек, які трапіць у Джунглі. Абавязкова трэба вывучыць іхнюю мову!"
Маўглі нездарма вучыўся ў Джунглях, як пераймаць крык аленяў і рохканне парасят. Як толькі Месуа вымаўляла якое слова, ён дасканала пераймаў яго і ў той-жа самы дзень ён ужо ведаў назвы шмат якіх прадметаў у хаце.
Маленькае непаразуменне вышла, калі трэба было класціся спаць. Маўглі ні ў якім разе не хацеў класціся ў нейкай пастцы для пантэр, як ён называў хату, — і калі зачынілі дзверы, ён вылез праз акно.
— Хай робіць, як хоча, — сказаў муж Месуі. — Падумай сабе: можа ён ніколі яшчэ не спаў у пасцелі! Калі ён сапраўды пасланы нам заместа сына, дык ён і так не ўцячэ.
А Маўглі вышаў за ваколіцу і з прыемнасцю расцягнуўся ў высокай, чыстай траве. Але не паспеў ён заснуць, як мяккі вільготны нос штурхнуў яго ў падбародак.
— Ф'ю! — сказаў Шэры Брат (гэта быў старэйшы з шчанят Маткі Ваўчыхі). — Дрэнная ўзнагарода за тое, што я сачыў за табой дваццаць міль: ты пахнеш дымам і хатняй жывёлай, акурат як чалавек. Прачніся, Братка, я прынёс навіны!
— Ці ўсё добра ў Джунглях? — спытаў Маўглі і абняў ваўка.
— Усё, апрача ваўкоў, абсмаленых Чырвонай Кветкай. Ну, слухай: Шэр-Хан адправіўся паляваць далёка адсюль, пакуль у яго не адрасце новая поўсць. Ён вельмі апёкся! Ён пакляўся, што, вярнуўшыся, кіне твае косці ў Вайнгунгу.
— Ну, гэта яшчэ невядома! Я таксама даў сякое-такое абяцанне. Але слухаць навіны заўсёды прыемна. Я стаміўся сёння, вельмі стаміўся ад усіх гэтых нечаканых здарэнняў, Шэры Братка! Але ты заўсёды прыносіш мне весткі.
— Ты не забудзеш, што ты Воўк? Людзі не прымусяць цябе забыць гэта? — трывожна пытаўся Шэры Брат.
— Ніколі! Я заўсёды буду памятаць, што любіў цябе і ўсіх, хто жыве ў нашай Пячоры. Але я не забудуся і на тое, што Зграя мяне выгнала!..
— І што цябе таксама можа выгнаць і другая Зграя? — дадаў Шэры Брат. — Людзі не больш, як людзі, Братка, і словы людскія, што кваканне жаб у сажалцы. У наступны раз я буду цябе чакаць у бамбуках, на краі пашы.
На працягу трох месяцаў пасля гэтай ночы Маўглі бадай не выходзіў за вясковую ваколіцу: так ён быў заняты вывучэннем жыцця людзей.
Перш за ўсё ён вымушаны быў надзець на сябе тканіну, якая вельмі перашкаджала яму. Потым яму давялося пазнаёміцца з грашыма, сэнсу якіх ён аніяк не мог сабе ўцяміць, і нават з ворывам, у якім ён таксама не бачыў аніякага сэнсу.
У дадатак вясковая дзятва вельмі дапякала яго. Добра яшчэ, што Закон Джунгляў навучыў яго стрымліваць гнеў, бо там харчаванне і само жыццё выключна залежыць ад умеласці стрымлівацца. Але калі яны пачыналі здзеквацца з яго за нежаданне гуляць з імі ці пускаць змея, або смяяліся з яго за няздольнасць вымавіць тое ці іншае слова, — тады толькі Закон Джунгляў, які забараняў не на паляванні крыўдзіць малое бездапаможнае дзіцянё, стрымліваў яго ад жадання разадраць грубіяна напалам. Ён сам не ведаў сваёй сілы. У Джунглях ён ведаў, што звяры дужэй за яго, а тут казалі, што ён дужы, як бык.
Вядома ён не меў аніякага ўяўлення, што такое страх. Калі вясковы жрэц сказаў яму, што храмавы бог будзе гневацца, калі ён не спыніць свае напады на мангавыя дрэвы, што належалі жрацу, дык Маўглі схапіў фігурку бажка, прынёс яе да жраца ў дом і прапанаваў яму раззлаваць бажка, і тады ён, Маўглі, пабораецца з ім. Гэта быў страшэнны скандал, але жрэц не агаласіў яго, а палічыў за лепшае выцягнуць ад мужа Месуі пэўную колькасць срэбра на тое, каб „уласкавіць бога“.
Таксама Маўглі не меў ніякага ўяўлення аб той розніцы, якую кладзе каста[1] паміж людзьмі. Калі асёл ганчара зваліўся ў яму, Маўглі выцягнуў яго за хвост; ён памагаў яшчэ складваць гаршкі, калі трэба было адпраўляць іх на рынак у Канхівару. Гэта было скандальнай справай, бо ганчар належыць да ніжэйшай касты, а яго асёл — тым болей. Калі-ж жрэц пасварыўся на Маўглі, дык той прыстрашыў, што самога жраца пасадзіць на асла!
Тады жрэц параіў мужу Месуі як мага хутчэй знайсці для Маўглі якую-небудзь работу. І праз некаторы час вясковы стараста абвясціў Маўглі, што ад заўтрашняга дня ён павінен будзе ганяць буйвалаў на пашу. Маўглі вельмі ўзрадваўся і ў тую-ж ноч, як афіцыйны вясковы работнік, далучыўся да гуртка, які кожны вечар збіраўся на каменнай тэрасе пад фігавым дрэвам. Гэта быў нібы вясковы клуб: стараста, старшыня, цырульнік, які ведаў усе вясковыя плёткі, а таксама стары Бульдэа, вясковы паляўнічы, валадар старой славутай стрэльбы — сустракаліся тут і курылі свае люлькі. На верхніх галінах сядзелі малпы і безупынна балбаталі, а ўнізе, пад тэрасай, была яміна, дзе жыла кобра. Гэтаму стварэнню, якое лічылася святым, кожны вечар прыносілі сподак малака. Старыя сядалі вакол дрэва, пыхкалі сваімі "гука" (люлькі) і гаманілі да позняй начы. Яны расказвалі адзін аднаму дзіўныя прыгоды з багамі, людзьмі і духамі. А яшчэ больш дзіўныя рэчы расказваў Бульдэа пра звяроў Джунгляў, расказваў датуль, пакуль у хлапцоў, што сядзелі за імі, аж вочы павылазілі на лоб ад страху. Героямі гэтых апавяданняў былі жывёлы, што жылі побач у Джунглях. Алені і дзікі псавалі пасевы, а час ад часу тыгр у змроку хапаў чалавека на вачах усёй вёскі.
Маўглі, які добра ведаў Джунглі, некалькі разоў закрываў твар, каб не паказаць смеху. А Бульдэа, палажыўшы славутую стрэльбу на калены, плёў сабе бязглуздыя гісторыі адну за адной, так што Маўглі аж тросся ад стрыманага рогату.
У гэты вечар Бульдза абвясціў, што тыгр, які сцягнуў сына Месуі, быў пераварацень, што ў целе яго сядзіць дух злога старога ліхвяра, які памёр некалькі год назад.
— Я перакананы, што гэта так, — казаў ён. — Пурун-Дас жа-ж кульгаў з таго часу, калі палілі яго канторскія кнігі, і ён уступіў у бойку. А тыгр, пра якога я кажу, таксама кульгае, бо пакідае няроўныя сляды.
— Але, але, гэта праўда! — казалі дзяды, матаючы сівымі бародамі.
— Няўжо-ж і ўсе яго апавяданні такая самая балбатня і выдумка? — умяшаўся Маўглі. Гэты тыгр кульгае проста таму, што ён нарадзіўся кульгавым — хто-ж гэтага не ведае! Казаць пра душу ліхвяра ў звяры, які ніколі не меў нават мужнасці шакала, можа толькі дзіця!
Бульдэа ад здзіўлення разявіў рот, а стараста вылупіў вочы. — Ого! Гэта гаворыць чарцянё з Джунгляў? — сказаў Бульдэа. — Калі ты такі разумны, дык аднясі яго скуру ў Канхівару. Урад-жа вызначыў сто рупій за яго жыццё. А самае лепшае — маўчаў-бы ты, калі гавораць старэйшыя!
Маўглі ўстаў каб ісці.
— Увесь вечар я ляжаў тут і слухаў, — сказаў ён, адыходзячы, — і толькі раз ці два сказаў Бульдэа праўду пра Джунглі, што знаходзяцца пад самым вашым носам. Як жа-ж я магу даваць веры казкам пра духаў, богаў і чарцей, якіх ён нібы сам бачыў?
— Ну, час ужо, хлопчык, адпраўляцца на начлег! — сказаў стараста, а Бульдэа аж соп ад абурэння.
У большасці індускіх вёсак хлопчыкі досвіткамі выганяюць дробную жывёлу і буйвалаў на пашу, а пад вечар прыганяюць назад. Той самы буйвал, які забівае белага чалавека насмерць, дазваляе хлопчыку, які ледзь дасягае яго носа, крычаць на яго, дражніць і біць лазінай. Пакуль пастушок трымаецца статка, яму не пагражае небяспека; нават тыгр не адважваецца нападаць на статак. Але варта толькі хлопчыку адысці ў бок, па кветку, ці па яшчарку, як яго ўжо можа схапіць тыгр.
Ледзь золак Маўглі ехаў па вясковай вуліцы на спіне Рамы, вялізнага перадавога буйвала. Сінія буйвалы, з даўгімі загнутымі назад рагамі і дзікім позіркам, адзін за адным уставалі ў сваіх хлявах і ішлі следам за імі. Маўглі вельмі выразна паказаў сваім таварышам-хлопчыкам, што гаспадаром буйвалаў будзе ён, а ніхто іншы. Ён лупцаваў буйвала даўгім паліраваным бамбуковым кіем і загадаў Кам'е, аднаму з хлопчыкаў, пасвіць дробную жывёлу асобна, але не аддаляцца ад буйвалаў, якіх будзе пасвіць сам Маўглі.
Індуская паша бадай усюды складаецца з скал, хмызняку, парослых травой купінак ды яраў, сярод якіх жывёла разыходзіцца і знікае з вачэй. Буйвалы звычайна ціснуцца да лужын і балотных мясцін, дзе яны і ляжаць па цэлых гадзінах у цёплай твані.
Маўглі пагнаў іх на канец раўніны, дзе Вайнгунга выбягае з Джунгляў. Тут ён саскочыў з шыі Рамы, пабег да бамбукавага зарасніку і ўбачыў Шэрага Брата.
— Ах, — прамовіў Шэры Брат, — ужо не першы дзень я чакаю цябе! Але што ў цябе за справа са скацінай?
— Нічога не зробіш, — загад! — адказаў Маўглі. — Я цяпер вясковы пастух. Што чуваць пра Шэр-Хана?
— Ён вярнуўся сюды і даўно ўжо чакае цябе. Цяпер ён адышоў, не знайшоўшы тут досыць здабычы. Але ён мяркуе абавязкова забіць цябе.
— Добра, — сказаў Маўглі, — пакуль яго няма, ты ці хто-небудзь з Чатырох Братоў сядзіце на гэтай скале, каб я мог бачыць вас з вёскі. А калі ён вернецца, чакайце мяне ў яры каля дакавага дрэва, што расце сярод раўніны. Не варта лезці Шэр-Хану проста ў зубы!
Маўглі лёг у цяньку і спаў увесь час, пакуль буйвалы пасвіліся вакол яго. У Індыі пасьба скаціны — самы гультайскі занятак. Буйвалы ходзяць, хрумкаючы траву, кладуцца, зноў устаюць і нават не мукаюць, а нейк рохкаюць. Буйвалы рэдка гавораць паміж сабой, а забяруцца ў лужыны і зарыюцца ў гразь так глыбока, што толькі насы ды вочы відаць. Так яны і ляжаць, нерухомыя, як бярвенні. Скалы калышацца ў гарачай імгле, да пастушкоў даносіцца пасвістванне каршуна (заўсёды аднаго). Яны ведаюць, што калі-б хто з іх памёр, ці падохла-б карова, дык гэты каршун спусціцца ўніз, за многа міль ад яго прыляціць і спусціцца бліжэйшы каршун, потым наступны — і не паспее жывёла памерці, як над ёй нямаведама адкуль збяруцца цэлыя сотні каршуноў!
Пастушкі спяць, прачынаюцца, зноў спяць, плятуць кошыкі з сухой травы і садзяць у іх конікаў. А то зловяць двух жукоў і прымушаюць іх біцца паміж сабой; майструюць каралы з чырвоных і чорных ягад, ці назіраюць яшчарак, што гуляюць па скале, або змяю, якая палюе на жаб каля сажалкі. То пяюць яны даўжэнныя песні з выкрунтасамі на канцы, і дзень здаецца ім даўжэй за жыццё іншага чалавека, то яны будуюць палацы з твані з глінянымі фігурамі людзей, коняй, буйвалаў, укладваюць дубцы ў рукі людзей і ўяўляюць, што самі яны цары, а фігуркі — іхнія арміі, ці бажкі, якім трэба пакланяцца. Так надыходзіць вечар. Дзеці пачынаюць крычаць, буйвалы з гучным поканнем вылазяць з гразі і чарадой ідуць па шэрай раўніне да вясковых агоньчыкаў.
Дзень за днём вадзіў Маўглі буйвалаў да іхніх улюбёных месц і кожны дзень ён бачыў спіну ІШэрага Ваўка на вызначаным месцы (гэта азначала, што Шэр-Хан яшчэ не вярнуўся). Кожны дзень ён ляжаў у траве, прыслухоўваючыся да шолахаў навакол і летуцеючы аб былом жыцці ў Джунглях. Каб Шэр-Хан зрабіў хоць адзін неасцярожны крок сваёй кульгавай нагой у Джунглях каля Вайнгунгі — Маўглі пэўна пачуў-бы яго ў цішы доўгай раніцы.
Нарэшце падышоў дзень, калі ён не ўбачыў Шэрага Брата на вызначаным месцы. Ён усміхнуўся і пагнаў буйвалаў у яр каля дакавага дрэва, якое ў гэты час усё было пакрытае залаціста-чырвонымі кветкамі. Тут сядзеў Шэры Брат, натапырыўшы спіну да апошняга валаска.
— Ён хаваўся цэлы месяц, каб прыпыніць тваю пільнасць. Ён перайшоў узвышшы ў мінулую ноч разам з Табакі і пільна сочыць за табой, — запыхаўшыся прамовіў воўк.
Маўглі нахмурыўся.
— Я не баюся Шэр-Хана, але Табакі — хітрая бестыя.
— Не бойся, — сказаў Шэры Брат, аблізваючы губы. — Я сустрэў Табакі досвіткам. Цяпер ён разносіць свае навіны каршунам. Але перш, як я яму перабіў хрыбет, ён мне паспеў расказаць пра ўсё. Шэр-Хан будзе пільнаваць цябе ў ваколіцы ў гэты вечар — цябе і больш нікога! Цяпер ён ляжыць у вялікім сухадоле Вайнгунгі.
— А што, ці ён ужо еў сёння, ці палюе нашча? — спытаўся Маўглі, ад адказу залежала яго жыццё і смерць.
— З рання ён задушыў парася, ды напіўся таксама. Ведай, што Шэр-Хан ніколі не пасціцца, нават калі рыхтуецца да помсты.
— О, дурань, дурное шчанё! Еў і піў, і думае, што я буду чакаць, пакуль ён выспіцца! Але дзе ён цяпер ляжыць? Гэтыя буйвалы не нападуць, пакуль не пачуюць яго, а іхняй мовы я не разумею. Ці нельга як-небудзь зайсці на след, каб яны яго пачулі?
— Ён пераплыў Вайнгунгу ніжэй, каб заблытаць свае сляды, — адказаў Шэры Брат.
— Пэўна гэта яму падказаў Табакі, — сам-бы ён ніколі не дадумаўся.
Маўглі глыбока задумаўся, трымаючы палец у роце.
— У вялікім рове Вайнгунгі... Ён выходзіць на раўніну з паўтары мілі адсюль... Я магу пагнаць статак вакол Джунгляў да пачатку рова, а потым рынуцца ўніз... Але ён уцячэ праз другі канец. Трэба загарадзіць і гэты канец... Шэры Братка, ці не мог-бы ты для мяне разагнаць статак надвая?
— Я — не, але я затое прывёў кагосьці разумнейшага...
Шэры Брат пабег і шмыгнуў у нейкую яміну. Адтуль высунулася вялізная шэрая галава, добра знаёмая Маўглі — і гарачае паветра напоўнілася дзікім клічам Джунгляў: паляўнічым выем ваўка ў поўдзень.
— Акела! Акела! — і Маўглі нават запляскаў у далоні. — Я павінен быў ведаць, што ты не забудзешся на мяне. Перад намі стаіць сур'ёзная справа! Падзялі статак напалам. Акела, каровы і цяляты хай будуць асобна, а быкі і рабочыя буйвалы хай будуць у другім баку.
Ваўкі змейкай прабеглі праз статак і выбеглі вон. Жывёлы захраплі, ускінулі гадовы і падзяліліся на дзве групы. У адной апынуліся буйваліцы з цялятамі ў сярэдзіне, вочы іх палалі, яны рылі зямлю капытамі і нарыхтоўваліся кінуцца на ваўка і растаптаць яго, як толькі той спыніцца. У другой групе храплі быкі і маладыя бычкі; яны складалі большую сілу, але здаваліся больш спакойнымі, бо ім не трэба было бараніць цялят. Нават шэсць пастухоў не маглі-б падзяліць статак так удала.
— Што-ж далей? — пытаўся Акела. — Яны зноў злучацца.
Маўглі ўскочыў на спіну Рамы.
— Гані, Акела, буйвалаў налева, а ты, Шэры Брат, калі мы пабягом, збяры разам кароў і гані іх у яр Вайнгунгі. — Дакуль іх гнаць? — пытаўся Шэры Брат запыхаўшыся і ляскаючы зубамі.
— Гані датуль, пакуль берагі будуць такімі высокімі, што Шэр-Хан не будзе магчы выскачыць! — крычаў Маўглі. — Стрымлівай статак там, пакуль мы не прыбягом зверху!
Акела завыў і быкі кінуліся прэч, а Шэры Брат стаў перад каровамі. Яны рынуліся на яго, ён пабег да сухадола, каровы за ім, а Акела тымчасам гнаў кароў улева.
— Добра зроблена! Яшчэ крыху — і яны зусім ашалеюць! Толькі цішэй, цішэй, Акела, а то яны зараз нападуць на цябе. Ага, ага, гэта будзе крыху цяжэй, як гнаць аленяў! Ці думаў ты, што гэтыя стварэнні ўмеюць так шпарка рухацца? — крычаў Маўглі.
— У мой час... у мой час я і на такіх паляваў! — крычаў Акела сярод пылу. — Гнаць іх у Джунглі, ці што?
— Так, гані! Заварочвай! Рама зусім ашалеў. О, каб я мог сказаць, чаго я чакаю ад яго сёння!
Быкі завярнулі на гэты раз управа і рынуліся ў гушчар. А пастушкі, што пасвілі сваю жывёлу за поўмілі ад Маўглі, пабеглі з усіх ног у вёску з крыкам, што буйвалы ашалелі і ўцяклі.
План Маўглі быў досыць просты: яму трэба было са сваімі быкамі зрабіць вялікі круг і выйсці к пачатку сухадола, а адтуль пусціць быкоў уніз, каб Шэр-Хан трапіў паміж быкамі і каровамі. Маўглі добра ведаў, што Шэр-Хан, наеўшыся і напіўшыся, не здолее ні біцця, ні караскацца на сцены рова. Цяпер ужо Маўглі супакойваў буйвалаў, а Акела застаўся далёка ззаду, падганяючы адсталых. Круг трэба было зрабіць досыць вялікі, бо Маўглі не хацеў заўчасна набліжацца да яра, каб не спудзіць Шэр-Хана.
Нарэшце Маўглі дайшоў да пачатку яра і прыпыніў свой ашалелы статак на зялёнай палянцы, што стромка спускалася ў яр. Адсюль відаць былі верхавіны дрэў і ўвесь сухадол да самай раўніны. Маўглі глядзеў на бакі рова і з задавальненнем бачыў, што яны ўздымаюцца вельмі стромка і наўрад ці дадуць мажлівасць тыгру вылезці на верх.
— Дай ты ім перадыхнуць, Акела! — крыкнуў Маўглі, падняўшы руку. Яны яго яшчэ не пачулі, хай крыху адпачнуць. Я сам скажу Шэр-Хану, што ён трапіў у пастку.
Ён прыставіў рукі да рота і крыкнуў у яр, нібы ў тунель — і рэха пакацілася ад скалы да скалы.
Праз некаторы час унізе пачуўся рык сытага, разбуджанага тыгра.
— Хто там крычыць?
— Гэта я, Маўглі! Час ужо ісці на Скалу Рады! Уніз гані іх, уніз, Акела! Уніз, Рама! Уніз!
Жывёлы крыху затрымаліся былі на беразе рова, але Маўглі выдаў гучны паляўнічы кліч, і буйвалы кінуліся адзін за адным уніз, нібы ўжо рушыліся, дык спыніць іх нішто не магло, і перш як яны спусціліся на дно рова, Рама ўжо пачуў Шэр-Хана і зароў.
— Ха-ха-ха! — смяяўся Маўглі, седзячы на спіне Рамы. — Цяпер ужо і ты ведаеш, у чым справа! І паток чорных рагоў, пеністых морд і вылупленых вачэй бурна панёсся па цясніне, нібы хвалі ў паводку. Слабейшыя буйвалы былі адціснуты да бакоў і зашчэмлены ў зараснік. Ішла страшэнная атака буйвалаў, атака, супроць якой не ўтрымаецца аніводзін тыгр.
Шэр-Хан пачуў грамовы тупат капытаў, сціснуўся і пабег уніз па яры, пазіраючы направа і налева, каб знайсці выйсце. Але сцены рова былі гладкія, і тыгр, цяжкі ад ежы і вады, усё бег і бег далей, не жадаючы ўступаць у бойку. Па дарозе ён плюхнуўся ў лужыцу і зароў так, што ўся цясніна затрэслася. У адказ пачулася муканне з другога канца яра — і Шэр-Хан завярнуўся назад, бо палічыў за лепшае сустрэцца з быкамі, чымсь з каровамі, каля якіх знаходзяцца цяляты.
Потым Маўглі адчуў, як Рама спатыкнуўся, трапіў у нешта мяккае, а затым разам з усімі быкамі ўрэзаўся ў сустрэчны статак. Адбылася страшэнная сутычка, некаторых павыціскала ўверх, шмат каго пакалолі рагамі, патапталі — і ў такім стане статак выбег на раўніну.
— Хутчэй, Акела, паразганяй іх, а то яны пазабіваюць адзін аднаго! Адгані іх прэч, Акела! Гай, Рама, Гай, гай, дзеці мае! Лягчэй, лягчэй!
Акела і Шэры Брат кідаліся ва ўсе бакі, хапалі буйвалаў за ногі, і хоць статак зноў пабег да яра, але Маўглі ўдалося завярнуць Раму, а за ім пабеглі і ўсе іншыя да балота.
Шэр-Хана ўжо не трэба было больш таптаць: ён быў скончаны, і ўжо каршуны пачалі злятацца да яго.
— Сабаку сабачая смерць! — прамовіў Маўглі, вымаючы нож, які заўсёды насіў з сабою з таго часу, як жыў з людзьмі. — Ды ён і не адважыўся-б біцца! Валла, валла. Яго скура будзе мець дасканалы выгляд на Скале Рады. Цяпер хутчэй за работу!
Хлопчык, які гадаваўся сярод людзей, нават і не падумаў-бы сам адзін здымаць скуру з такога вялізнага тыгра. Але Маўглі добра ведаў як прыладжана скура звера і як да яе даступіцца. Але-ж работа была нялёгкая, і Маўглі рэзаў, рваў і бурчэў цэлую гадзіну, пакуль ваўкі ляжалі, высунуўшы языкі, ці па яго загадзе падскоквалі і дапамагалі цягнуць скуру.
Раптам нечая рука лягла на плячо Маўглі. Ён азірнуўся і ўбачыў Бульдэа са стрэльбай. Пастушкі расказалі ў вёсцы пра паніку сярод буйвалаў і раз'юшаны Бульдэа прыбег пакараць за гэта Маўглі. Ваўкі, убачыўшы чалавека, зараз-жа зніклі з вачэй.
— Ці не звар'яцеў ты! — сярдзіта крыкнуў Бульдэа. — Ты думаеш, што здолееш зняць скуру з тыгра? Які буйвал забіў яго? Ды гэта-ж Кульгавы Тыгр, і за яго галаву прызначана сто рупій! У такім разе мы даруем табе, што ты не даглядзеў скаціны, і нават я табе дам адну рупію, калі атрымаю ўзнагароду за яго скуру ў Канхівары!
Ён знайшоў у кішэні крамень і крэсіва і нахіліўся, каб абсмаліць вусы Шэр-Хана, тамтэйшыя па ляўнікі заўсёды смаляць вусы тыгра, каб дух яго не праследваў іх потым.
— Вось які знайшоўся! — мармытаў Маўглі, здзіраючы скуру з нагі. Ты хочаш аднесці ў Канхівару, атрымаць грошы і, калі будзе твая ласка, мне дасі адну рупію? Дзякую, мне і самому патрэбна гэтая скура. Гэй, стары, хавай свой агонь!
— Як ты гаворыш з першым паляўніком, шчанё? Толькі сляпая ўдача і буйвалы далі табе гэтую здабычу. Тыгр толькі што пад'еў, а то ён паспеў-бы ўцячы за гэты час на дваццаць міль. Ты нават не ўмееш скуры зняць, як трэба, а яшчэ адважваешся казаць, каб я не паліў яму вусоў! У такім разе я не дам табе аніводнага рупіі, а дам чосу. Ідзі прэч!
— Клянуся Быком, што выкупіў мяне! — раззлаваўся Маўглі. — Што-ж гэта стаяць мне тут ды балбатаць з старой малпай? Сюды Акела! Гэты чалавек чэпіцца да мяне!
Бульдэа стаў, схіліўшыся над галавой тыгра, а потым раптам апынуўся на траве пад вялізным шэрым ваўком. А Маўглі здымаў сабе скуру далей, нібы ён адзін быў ва ўсёй Індыі.
— Так, — мармытаў ён праз зубы, — ты, Бульдэа хацеў усё забраць сабе. Але паміж Кульгавым Тыграм і мной старыя спрэчкі — і я перамог!
Трэба сказаць, што гадкоў з дзесяць таму Бульдэа пабароўся-б яшчэ з Акелам, калі-б сустрэў яго ў лесе. Але воўк, які слухаецца загадаў хлопчыка, — гэта ўжо не зусім звычайны звер. Апрача таго, хлопчык мае яшчэ нейкія асабістыя справы з тыграмі-перавертнямі. "Гэта чараўніцтва, чары самага дрэннага гатунку! — думаў Бульдэа і нават страціў надзею на амулет, які вісеў у яго на шыі. Ён ляжаў нерухома і ўсё чакаў, што зараз і Маўглі перавернецца ў тыгра.
— Магараджа, вялікі цар! — прамовіў ён нарэшце хрыпатым шэптам.
— Ну? — адгукнуўся Маўглі, не паварочваючы галавы і ўсміхаючыся.
— Я стары чалавек, я думаў, што ты просты пастушок. Ці дазволіш ты мне ўстаць і пайсці, ці загадаеш свайму слузе разадраць мяне?
— Ідзі сабе спакойна. Але памятай, у другі раз не лезь не ў свае справы. Адпусці яго, Акела!
Бульдэа заклыпаў у вёску як мага хутчэй, увесь час азіраючыся, ці не абярнуўся Маўглі яшчэ ў нешта страшнае. У вёсцы ён расказаў вялікую гісто рыю пра чараўніцтва, закляцці, перавертняў, і падняў на ногі ўсю вёску на чале з жрацом.
Маўглі тымчасам завіхаўся ля тыгра і толькі пад вечар, з дапамогаю ваўкоў, аддзяліў пышную скуру ад мяса.
— Цяпер трэба гэта схаваць і адвесці буйвалаў дахаты. Памажы мне сабраць іх, Акела!
Калі ў туманным змроку гурт падышоў да вёскі, Маўглі ўбачыў агні і пачуў сігналы і званы ў храме. Каля ваколіцы яго чакала бадай што палова вёскі.
"Мусіць таму, што я забіў Шэр-Хана!" — падумаў Маўглі.
Але тут засвісцелі каля яго вушэй каменні і пачуліся крыкі сялян:
— Чараўнік! Воўчы вырадак! Чорт з Джунгляў! Ідзі прэч! Ідзі хутчэй адсюль, а то жрэц зноў пераверне цябе ў ваўка! Страляй, Бульдэа, страляй!
Старая салдацкая стрэльба стрэліла з грукатам, і ў адказ пачулася жалабнае муканне маладога буйвала.
— Зноў чары! — закрычалі сяляне. — Ён умее замаўляць кулі! Бульдэа, гэта-ж твой буйвал!
— Што гэта такое? — здзівіўся Маўглі, калі зноў пасыпаліся каменні.
— Але яны не лепшыя за нашу Зграю, гэтыя твае браты! — спакойна прамовіў Акела, усеўшыся на зямлі. — Калі кулі што-небудзь азначаюць, дык мне здаецца, што яны хочуць цябе прагнаць.
— Воўк, воўчае шчанё, ідзі прэч! — зароў жрэц, размахваючы галінай святога дрэва тульсы. — Зноў? — прамовіў Маўглі. — Мінулы раз мяне прагналі за тое, што я — чалавек, цяпер за тое, што я — воўк. Пойдзем, Акела!
Раптам жанчына — гэта была Месуа — кінулася да Маўглі з крыкамі:
— О, сын мой, сын мой! Яны кажуць, што ты чараўнік, які можа зрабіцца зверам. Я не даю гэтаму веры, але ідзі, ідзі адсюль, бо яны заб'юць цябе! Бульдэа кажа, што ты — чараўнік. Але я ведаю, што ты адпомсціў за смерць Нату!
— Назад, Месуа — зароў натоўп. — Назад, а то мы заб'ем цябе каменнямі!
Маўглі ні то крыкнуў, ні то засмяяўся — гэта камень трапіў яму ў рот...
— Бяжы назад, Месуа! Гэта адна з тых бязглуздых казак, якія расказваюць пад вялікім дрэвам у вячэрнім змроку. Я прынамсі адплаціў за смерць твайго сына! Бяжы хутчэй, бо я пушчу статак шпарчэй за іхнія кавалкі цэглы. Я не чараўнік, Месуа. Бывай! А ну, Акела, яшчэ разок пусці статак!
Буйвалы і без таго імкнуліся дахаты, а калі яшчэ Акела настрашыў іх, дык яны рынуліся ў вёску, як гураган, раскідаючы натоўп ва ўсе бакі. — Падлічыце! — крыкнуў Маўглі з пагардай. — Можа я скраў якога-небудзь з іх. Падлічыце, бо я не буду больш служыць у вас за пастуха. Бывайце здаровыя, о, дзеці людзей, і падзякуйце Месуа за тое, што я не ўзяў з сабой ваўкоў і не пашкаматаў вас усіх!
Ён завярнуўся і пайшоў прэч з Адзінокім Ваўком, пазіраючы на зоркі і адчуваючы сябе шчаслівым.
— Больш мне не прыдзецца спаць у пастках, Акела! Возьмем скуру Шэр-Хана і пойдзем. Не, я не хачу крыўдзіць вёску таму, што Месуа была да мяне добрая.
Калі месяц стаў над раўнінай і асвятліў яе малочна-белым святлом, сяляне ўбачылі, як Маўглі з нейкім скруткам на галаве і двума ваўкамі ззаду бяжыць спорным бегам ваўка ў бок Джунгляў. Тады яны яшчэ мацней зазванілі ў званы і затрубілі ў трубы. Месуа плакала, Бульдэа яшчэ больш размалёўваў свае апавяданне пра здарэнне ў Джунглях і скончыў тым, як Акела нібы ўстаў на заднія лапы і загаварыў пачалавечаму. Месяц ўжо садзіўся, калі Маўглі і абодва ваўкі падышлі да ўзвышша Рады і спыніліся ў пячоры Маткі Ваўчыхі.
— Яны прагналі мяне з Чалавечай Зграі, Маці! — закрычаў Маўглі. — Але я выканаў свае слова і з'явіўся са скурай Шэр-Хана!
Маці Ваўчыха паціханьку выбралася з пячоры са сваімі ваўчанятамі, і вочы яе загарэліся, калі яна ўбачыла скуру.
— Я сказала яму ў той дзень, калі ён паляваў на цябе, о, Жабянё, і сунуў сваю галаву і плячо ў гэтую пячору, — я сказала яму, што паляўнік сам зробіцца тым, за кім палюе. Добра зроблена!
— Добра зроблена, Братка! — пачуўся і голас з пушчы. — Мы адчувалі сябе такімі самотнымі ў Джунглях без цябе. І Багіра падбегла да голых ног Маўглі.
Усе яны ўзышлі на Скалу Рады. Маўглі разаслаў скуру на плоскім каменні, дзе звычайна сядзеў Акела, і нават прымацаваў яе чатырма бамбукавымі калкамі. Акела разлёгся на скуры і выдаў старадаўні кліч Рады:
— Глядзіце, добра глядзіце, о Ваўкі! — акурат таксама, як тады, калі Маўглі ў першы раз прынеслі на Раду.
З таго часу, калі Акелу скінулі з пасады, Зграя засталася без правадыра і дзейнічала самастойна. Некаторыя з іх акалечыліся ў пастках, другія кульгалі ад ран на назе, трэція ашалудзівелі ад дрэннага харчавання, і шмат загінула. Але ўсе, хто засталіся, з'явіліся цяпер на Скалу Рады і ўбачылі паласатую скуру Шэр-Хана і яго вялізныя кіпці, якія целяпаліся на пустых лапах. — Глядзіце добра, о Ваўкі, ці выканаў я свае слова? — прамовіў Маўглі.
І ваўкі загаўкалі: — Так!
А адзін аблезлы воўк завыў:
— Кіруй намі зноў, Акела! Вадзі нас зноў, о Чалавечае Дзіцянё, бо нам абрыдла жыць без Закону, і мы хочам быць зноў Вольным Племем!
— Не! — прамармытала Багіра. — Гэтага не будзе. Калі вы будзеце сытыя, дык зноў звар'яцееце.
— Чалавечая Зграя і Воўчая Зграя прагналі мяне, — сказаў Маўглі. Цяпер я буду адзін паляваць у Джунглях!
— І мы будзем паляваць разам з табою! — дадалі чацвёра яго братоў.
Потым Маўглі ўскочыў на скуру Шэр-Хана і пачаў спяваць пра тое, як ён жыў сярод людзей, як забіў Шэр-Хана, як людзі яго прагналі, і ён вярнуўся ў Джунглі, каб жыць сярод сваіх; і яшчэ спяваў ён пра невядомыя пачуцці, якія раздвойваюць яго і пра невядомы сум, які ляжыць на яго сэрцы...
З таго часу Маўглі паляваў у Джунглях адзін з чатырма маладымі ваўкамі.
- ↑ Даўнейшыя ўладары Індыі, жрацы, падзялілі насельніцтва на групы, касты, паводле іх соцыяльнага стану. Вышэйшай кастай лічыліся жрацы, потым воіны, гандляры, далей рамеснікі, земляробы і г. д. Ніжэйшымі былі мяшаныя касты беднякоў (парыі і інш.). Ніхто ніколі не мог перайсці з ніжэйшай касты ў вышэйшую. Шлюбы паміж кастамі былі забаронены. Вышэйшыя касты ставіліся да ніжэйшых з надзвычайнай пагардай. Знявага да вышэйшай касты жорстка каралася, нават смерцю. А ніжэйшыя касты лічыліся горшымі за жывёлы. Да іх нельга было дакрануцца, бо тады чалавек апаганьваўся. Жыць яны павінны былі асобна, карыстацца маглі толькі чарапкамі ад пасуды, насіць адзенне мерцвякоў, гадаваць маглі толькі сабак і аслоў і г. д. Цяпер такога парадку афіцыйна няма; няма і такіх дзікіх форм, але фактычны падзел на касты яшчэ застаецца; застаецца і агульны характар адносін да ніжэйшых каст. Якіх-небудзь 30-40 гадоў назад нават афіцыйна 14 проц. насельніцтва належала да ніжэйшай касты.