Чакаю я лістоў, і сэрца моцна звоніць,
Каб як мага хутчэй адказ мне твой пачуць.
Цьвілі калісь красою нам півоні…
Чакаю я лістоў, і сэрца моцна звоніць:
Ці скажаш шчыра ты, чым раны залячу.
Я сам ня ведаю. Цьвілі калісь півоні,
І песьню радасьці тваю калісь я чуў;
Яна зьвінела мне, як блізкае, сягоньня — …
Нядарам сэрца і дагэтуль моцна звоніць
І ўсё аб тым адным, чым жыў і жыць хачу.
Цяпер здаецца мне, што ты ўжо поўна здрадай
I для мяне твайго ня стане хараства;
Яно-ж было маёй прыхільнасьці прынадай
І заклікала ў даль, як зыкі сэрэнады,
А разышліся мы. Паслала ростань твань.
Мо‘ ты забыла ўсё — яно навек мінула…
А ўсё-ж ткі з памяці ня выганіш таго,
Што нейкай радасьцю жыцьцё маё кранула
І посьле водгуку на вокліч сэрца чулы
Так ціха, ласкава кранулася твайго.
Чакаю я лістоў, і сэрца моцна звоніць,
Каб як мага хутчэй адказ мне твой пачуць.
Цьвілі калісь красою нам півоні…
І вось, прыпомніўшы былое ўсё сягоньня,
Вярнуць тыя часы я шчыра зноў хачу.
1925 г.
|