Зацьвіла вясна Матылік
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1929 год
Май
Іншыя публікацыі гэтага твора: Матылік (Гурло).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАТЫЛІК

Па шыбах матылік крыламі лапоча…
Што рвецца ён так да вакна?
Мо‘ ён навіну мне паведаміць хоча?
Так. Хоча сказаць: ужо вясна!

О, рад, мой вяшчуне, табе я бясконца!
Вітаю цябе на вакне,
Аблітым красою вясновага сонца.
І рад я, мой любы, вясьне.

А ты, мой матылік, ня рвіся у хату:
Тут цесна ўжо стала душы,
І гэтыя вокны, як нейкія краты,
Звужаюць пагляд мой на шыр.

Ўжо мне не сядзіцца самотна у сьценах,
Ўжо хочацца далей — у поле, у гай,
Хоць сам яшчэ тут я, але лятуценьні
Далёка сягаюць — мне іх не дагнаць.

1923 г.