Межы (1929)/II/Ноччу марознаю

Завілася мяцеліца Ноччу марознаю
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1929 год
Хіба ў зіме
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ноччу марознаю.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НОЧЧУ МАРОЗНАЮ

Ноччу марознаю з зорамі яснымі,
З месяцам срэбным, з зіяньнем агню,
Думаю думку сваю я шточасную,
Музыку ветру з-за вокан лаўлю.

Толькі прастору мне большага хочацца,
Хочацца з бурай ў бязьмежжа шугаць.
Думкі ўжо лётаюць, думкі ўжо здрочацца
І адыходзіць паволі туга.

Кіну я хату ды выйду на вуліцу,
Гляну на зоры, на сьнег, на прастор.
Хай хоць сьняжынкі да сэрца прытуляцца,
Хай вочы нап‘юцца празрыстасьці зор.

Вышаў на вуліцу. Сьнег мяккі сьцелецца,
Пухам кладзецца на дрэвы, кусты.
Хочацца ў далі з завеяй, з мяцеліцай,
Хочацца бляскаў і зор залатых,

Што усьміхаюцца іскрамі чыстымі
Ў небе высокім скрозь полаг завей,
Вабяць, чаруюць агнямі вячыстымі,
Ў чыста-блакітнай красе-сіняве.

22-III — 1927 г.