Межы (1929)/IV/Родныя гоні

У дарозе Родныя гоні
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1929 год
Бары
Іншыя публікацыі гэтага твора: Родныя гоні (Гурло).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РОДНЫЯ ГОНІ

Вось яны, родныя гоні —
Радасьць былая мая.
Ўспомніў яе я сёньня,
Сёньня яе я сваяк.

Годы мяне кружылі,
Кідалі гэтак і так,
Кроў не астыла-ж у жылах,
Ўшчэнт не змарыла слата.

Зноў я вярнуўся к прасторам —
К родным забытым шляхам.
Мне маяком былі зоры,
Прыстаняй — хаты страха.

Шчыра яна прыгарнула
Блуднага сына — мяне.
Ўсё, што было і мінула,
Стала мне ноўю зьвінець.

Сёньня я ўсім ў захапленьні,
Ўсё мне ўспамінкі нясе.
Быў я і буду сумленным
К гоням і роднай страсе.

Хіба забыць можна тое,
Тое усё, чым я жыў?
Вечна яно, залатое,
Будзе мне голаў кружыць.

Будзе валошка ўплятацца
Густа у бель валасоў,
Будзе заўсёды здавацца
Песьняю шэпт каласоў.

Будзе ў спатканьне і ростань —
Колькі іх стрэну ў жыцьці —
Сьніцца мне родная постаць,
Будзе валошка цьвісьці…

1926 г.