Млынар заставіў застаўкі…
Млынар заставіў застаўкі… Верш Аўтар: Уладзімір Жылка Крыніца: http://old.knihi.com/bk/zylka/zylka1.html |
* * *
Млынар заставіў застаўкі,
І ледзь плюскочацца рака.
Стралой крыла чыркаюць ластаўкі
Люстранасць ясную стаўка.
Блакітнаплашчы з захаду
Дзень хіліць русу галаву
І ў спрат ссыпае скарбы-знахады —
Залатапромені ў ставу.
І вее яснавокаю,
Шыракакрылай цішынёй,
І ціш, як неба, безаблокая,
І ясна на душы маёй.
І ў душу палі знахады
(Залатапромені ў ставу).
Адрынь, пясняр, згрызоты, захады,
Ўзнясіся песняй к хараству.
(1928)