Мова і літаратура

Мова і літаратура
Публіцыстыка
Аўтар: Язэп Лёсік
Крыніца: Беларусь – 1919 - №24(51)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Прыгожая літэратура займаецца навукаю мовы, гісторыі, поэзіі, краснамоўства і мастацтва.^ Прыгожая літэратура павінна быць сьцісла народнай (нацыянальнай). Яна зьяўляецца як-бы маткаю у хатнім выхаваньні. Зазначаные навукі, каторымі займаецца літэратура, узятые разам, даюць поўны абраз народнай асьветы і так паміж сабою зьвязаны, што адна аднэй дадаюць жыцьця і сьвету. Падставаю для гэтых навук есьць мова. Што становіць плоднасьць і культура зямлі для краю, тым зьяўляецца мова для маральнага і культурнага быту народу. Як найбяднейшы грунт можа праз працу і паляпшэньне даваць найлепшые плёны, так найлепшая глеба зарастае хвашчом і асотам, калі працавітая рука ня прыдзе ёй на падпамогу.

Першае мы бачым у мове францускай, другое ў шмат якіх дыялектах (мовах) славянскіх. Мова французкая, ня гледзячы на сваю убогасьць, дайшла да найвышэйшага росквіту, а мовы славянскіе, хоць і шмат багатшые, яшчэ й да палавіны не развінуліся.

Мова адрэжняе і робіць сталымі і дарослымі народы. Толькі гэты грунт, грунт народнай мовы, дае цьвітучые народу плены. Як гаворка вазвышае чалавека над чалавекам, так росквіт мовы вазвышае людзей над людзьмі, народ над народам.

Той народ, каторы дажыўся да шчасьця пераховываць у сваёй мове ня толькі. памяць вякоў, але й людскіе дамыслы й дасьледы, — той народ пачувае сябе народам, і будзе змагацца за мову сваю, як і за землю. У складзе, аздобах, у моцы і сьпеўнасьці мовы пазнаюцца важнейшые рысы, або адзнакі, думаньня і пачуцьцяў народу.

Толькі адна поззія пераховывае найдаўнейшую памяць народу, узмацняе і уквятчае яе, а поэзія выражаецца мовай. Народ, каторы абладае даўнейшымі народнымі успамінамі, каторые найчасьцей губяцца у цёмных вякох, яго гісторыі, — мае найдаражэйшую і найпрыгажэйшую спадшчыну. Чым далейшую сваю прамінуласьць народ памятае, чым жывей выабражае ён свае старажытныя часы, тым шляхетнейшым ён сябе пачувае. Вот чаму людзям так дорагі і мілы гістарычные традыцыі свайго народу, і толькі някультурные людзі не шануюць свае гісторыі або прошлага жыцьця свайго народу.

Нічым народ мацней і паўней ня утрымае свае памяці і мовы, як праз паэзію, праз прыгожае пісьменство, а гэта, ў сваю чаргу, вырастае на грунце народнай мовы.

Такімі слаўнымі думкамі дзяліўся у свой час з студэнтамі віленскага унівэрсытэту профэсар і пісьменьнік Брадзінскі (Pisma Brodzinskiego, III).