Мой дом (1946)/Чуваць вясна
← Мой дом/Наперад! | Мой дом Чуваць вясна Аўтар: Якуб Колас |
Ідзі! → |
ЧУВАЦЬ ВЯСНА
Не сышлі яшчэ з нізіны
Роспісы зімы,
Скуты холадам даліны,
Луг ляжыць нямы.
Але зрок нябёс яснее,
Больш і больш святла,
Жыватворчая надзея
Зямлю абняла.
Белы пух атрэслі з шапак
Хвойнікі, ляскі,
А іх зацішкі, як запек,
Туляць дол, пяскі.
Лашчыць сонца твар узгоркаў,
Сушыць след іх слёз,
Што струменяцца разоркай
Да знямелых лоз.
Па-над лесам ходзіць шолам —
Хмельны зоў вясны,
І разліты навакола
Жыцця мары-сны.
Весялей у вочы свету
Зораць стрэхі хат.
Эй, калгаснік, помні лета,
Варушыся, брат!
У надзем’і, як жалейка,
Сонцу ў лад і ў тон
Сыпле птушка-чарадзейка
Першых песень звон.
1938 г.