Моладзі (Мілюць)
Моладзі Аўтар: Алесь Мілюць 1935 Крыніца: Скрыжалі памяці. Кніга другая - с. 320 |
Прысвячаю гурткам Бел. ін. гас. і к.
Мы — маладое пакаленне,
Патомкі слаўных крывічоў.
Нясём народу адраджэнне,
Што спаў, прыгнечаны з вякоў...
Мы — авангард працоўнай раці,
Жыцця мы зорка новых днёў...
Ідзём мы ў свет, каб будаваці
Гмах славы прошлае дзядоў.
Мы — дзеці вольнага народа,
Што хоча жыць сваім жыццём...
Хоць шмат цярпім яшчэ нягодаў, —
Мы долю лепшую куём...
Дык што нам сёння цемры сілы!
Мы — сонца — й сонцам мы жывём!
Штандар свой бел-чырвона-белы
Прад светам горда мы ўзнясём...
Мы — маладое пакаленне,
Патомкі слаўных крывічоў,
Вядзём народ да вызвалення
З адвечнай цемры кайданоў!
14 верасня 1935 г.
Скорычы