Мотывы барацьбы ў творчасьці М. Багдановіча

Мотывы барацьбы ў творчасьці М. Багдановіча
Артыкул
Аўтар: Мікалай Каспяровіч
1927
Крыніца: Маладняк, 1927, №5

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Беларуская культура ні монстр, ні рарыцэт, ні унікум, а гістарычная зьява жыцьця, яўляючаяся гасьцінай эўропэйскага гістарычнага паступовага руху. М. Багдановіч[1].

Дзесяць год назад, 25 мая 1917 г. на чужыне, у Ялце памёр адзін з найвялікшых беларускіх пісьменьнікаў—Максім Адамавіч Багдановіч. Памёр ён ад сухот, маючы 25 з чымся год ад роду. Вялікая дачасная страта для беларускай літаратуры была адзначана ня раз як у 1917 г., так і пазьней.

Усе дасьледчыкі беларускай літаратуры і гісторыі культурна-нацыянальнага адраджэньня неаднойчы констатавалі надзвычайную мастацкасьць і высокую культурнасьць яго твораў. Але не ў адным гэтым зышліся амаль што ўсе яны ў справе ацэнкі маладога, яшчэ доўгі час непадмянімага, песьняра. Чамусьці здаўся ён ім і скэптыкам, і пэсымістым, і поэтам чыстага мастацтва, і глыбокім індывідуалістым.

„Наогул, творы Багдановіча—гэта чыстая поэзія, без жаданьня каго-колечы навучаць, без якіх-небудзь староньніх тэндэнцый", адным з першых сказаў сваё слова А. Навіна[2]. „Ані гэты (нацыянальны. М. К.), ані сацыяльны элемэнт не складаюць глаўных азнак яго літаратуры[3]. М. Багдановіч— прадстаўнік так званай чыстай поэзіі, поэзіі хараства[4]. Гэта глыбокі індывідуалісты[5]“ „Он затрагивал и общечеловеческие мотивы и изображал их, как поэт чистого искусства для искусства[6] (курсыў наш. М. К.).

Але далей за ўсіх у гэтых азначэньнях пашоў Пятуховіч, а за ім З. Жылуновіч. „Скептыкам і пэсымістым выступае перад намі (і) Максім Багдановіч"—сьцьвярджаў першы[7]. „Мотываў барацьбы няма зусім у Багдановіча"[8]. „У яго вершах ня трэба шукаць ні грамадзянскіх мотываў, ні рэволюцыйнага настрою: ён стараецца быць поэтам чыстага хараства“[9]. „Максім Багдановіч—імпрэсыяністы па напрамку, пры гэтым адцягнуты ад людзкое сучаснасьці, ад адносінаў у чалавецкай грамадзе, ад жаданьняў масы. Ён—індывідуалісты, і калі зрэдку падмячае дынаміку жыцьця (цыкль вершаў „У Вільні"), то толькі на момант, паколькі гэта кідаецца ў вочы сваёю павярхоўнасьцю"[10]. „Ня ведаў ён у жыцьці чалавечым іншага закону, як хараство, і быў ён у жыцьці больш можа, чым у поэзіі, гасьцём „высокага неба“ (гл. нэкролёг у часопісі „Грамада" 1917 г. № 4)[11]. „Вследствие тяжелой обстановки, окружающей поэта, он и в своей жизни не видит определенной цели для деятельности“[12]. „Поэт тоскует (здесь), что мы напрасно в жизни тратим свои силы часто последние“[13]. „Заўсёды М. Багдановіч адзін: і калі радуецца, і калі сумуе. Ад сябе ён вітае жыцьцё, калі яно яму паказваецца прыемным, ад сябе кляне яго,—калі яно не падабаецца яму“[14]. „I ўрэшце вышла, што хараство, якому ён аддаў свае сілы—бяздушная, адцягненая рэч, не сагрэтая колектыўным пачуцьцём—не задаваляла поэту“[15]. „Парой ён нават сумняваецца ў каштоўнасьці моцных мігаў і ўражаньняў, якія часам ён так высока ставіць"[16]. „Гэтак нават з думкай аб каханай айчыне злучаецца ў М. Багдановіча філёзофія нірваны, нябыцьця"—кажа Пятуховіч[17], цытуючы:

„Там хоць у гліне, хоць у брудзе,
Там пад зямлёй
Найдуць мае слабыя грудзі
Сабе спакой".

Праз прызму свае абасобленай самотнасьці глядзеў ён і на долю Беларусі, якую прышоў адраджаць к новаму жыцьцю. „Заклятая богам", уваччу Багдановіча яна ня мела ніякага выйсьця, каб парваць ланцугі закляцьця[18]. „Пэўна, што часткаю на гэткім яго настроі адбіваецца хворае здароўе, сухоты поэты, а самае галоўнае, ведама, зьмяшчалася ў тым, што ён быў адарваны ад грамадзкага жыцьця"[19].

Такое дружнае зданьне дасьледчыкаў беларускай культуры здавалася-б не пакідала і думкі аб чым-небудзь каштоўным у творчасьці М. Багдановіча, апрача засьведчаных імі яго недасяжных формальных высотаў. На справе-ж, як ні просталінейны вышэйпрыведзеныя погляды, аднак, уласьнікі іх не маглі не зрабіць пэўных (большых або меншых) уступак ім у сваіх працах.

„Праца дзеля свайго далёкага, цёмнага, забытага ўсімі народу сталася галоўнай мэтай яго (Багдановіча. М. К.) жыцьця[20] — даводзіў той-жа А. Навіна.—Ён заплаціў дань часу і служыў бацькаўшчыне па ўсёй сваёй магчымасьці, надаючы некаторым творам нацыянальнага элемэнту"[21]. „Невясёла было яго жыцьцё, але заўсёды вочы былі яго ясныя, поўныя веры ў лепшую будучыну далёкай маткі сваёй працоўнай Беларусі“[22]. „Как сильна была у Багдановіча вера в возрождение Белоруссии видно из (следующего) его сонета: „Паміж пяскоў“[23]...“ згаджаўся Карскі. Жылуновіч, стараючыся ўгрунтаваць свае довады аб пэсымізьме Багдановіча, нечакана констатаваў: „Аднак, жывучы на зямлі і, тым болей, прымаючы ўдзел у вялікім вызваленчым руху цэлага народу, М. Багдановіч ня можа не адгукнуцца на людзкія справы[24]". Нават Пятуховіч, які найбольш стараўся давесьці, што Багдановіч абсолютны пэсымісты, згадзіўся, што „ён (М. Багдановіч. М. К.), праўда, любіў свой родны край, сваю Беларусь[25]". Усе апошнія думкі, у процівагу першым сьцьверджаньням аб пэсымізьме Багдановіча, вельмі малалічныя і іх трэба старанна шукаць у гістарычна-літаратурных працах. Ня гледзячы на апошняе, яны ўсё-ж даводзяць супярэчнасьць у поглядах кожнага дасьледчыка паасобку і ўсіх паміж сабой. У сваю чаргу гэта сьведчыць аб недаведзенасьці таго, што Багдановіч сапраўды пэсымісты. Імкненьне давесьці гэта грунтуецца, з аднага боку, на няпоўнай знаёмасьці э тэкстамі М. Багдановіча, і з другога—на прыйманьні на веру довадаў аднаго дасьледчыка іншымі. Ня гледзячы на моц традыцыі, так доўга цягнуцца не магло і хутка быў выказаны супроцьлеглы погляд: „Асноўная тэма М. Багдановіча,—змаганьне, навокала якой гуртуецца ўсё іншае. Анцімоніі нашых крытыкаў аб адданасьці М. Багдановіча „чыстаму мастацтву“ і занядбаньні грамадзянскіх мотываў—абраза для яго памяці[26]".

I сапраўды гэта так. Але вернемся на хвіліну да поглядаў памянёных дасьледчыкаў. Як мы бачылі, Навіна, Гарэцкі, Карскі і інш. адначасна даводзяць наяўнасьць у Багдановіча пэсымізму і чыстага мастацтва, з аднаго боку, і вялікай веры ў адраджэньне краю, адданасьці працы на карысьць народу—з другога. Жылуновіч, пішучы, што М. Багдановіч быў адарваны ад сучаснасьці, праз некалькі радкоў сьцьвярджае, што той-жа Багдановіч прымаў удзел у вялікім вызваленчым руху беларускага народу. Адно Пятуховіч трымаецца больш цьвёрда і прагаварыўся толькі раз аб тым, што Багдановіч любіў Беларусь, хоць і быў пэсымістым.

Каб лягчэй было, умовімся аб тэрмінах. Па новаму выданьню энцыклёпэдычнага слоўніка „Пессимизм (от латинского pessimus—найхудший), в противоположность оптимизму—отрицательная оцэнка жизни человека и мира. Наиболее простая форма—эмпирический П. возникает как следствие отрицательных сторон индивидуальнага бытия человеческого"[27]. I там-жа „Системой абсолютного П. является буддизм[28], а „новейшей формой абсолютного П. является метафизический П. Шопенгауэра". „Мир не есть, как утверждает теизм и пантеизм, осмысленный продукт пребывающего в нем, или вне его разума, напротив, он бессмысленный продукт „слепой воли“, он—об‘ективизация этой воли. Поэтому и человеческая жизнь есть стремление без цели и предела[29]". Згодна Гартману „Пессимизм должен основываться не на суб'ективных настроениях, а на научном анализе, он также отмечается от мрачного настроения, как учение об оп'янении—от самого оп‘янения“[30].

Чым-жа даводзіцца, што М. Багдановіч пэсымісты? Пятуховіч у сваім артыкуле прыводзіць урывак вершу пісьменьніка:

„Ня будзеш цяжкая ты сыну
Свайму, зямля.
Там хоць у гліне, хоць у брудзе,
Там пад зямлёй,
Найдуць мае слабыя грудзі
Сабе спакой".

Пры гэтым крытык констатуе: „гэтак нават з думкай аб каханай айчыне злучаецца ў М. Багдановіча філёзофія нірваны, нябыцьця". Нас проста дзівіць, чаму крытык у простым звычаі беларускага народу бачыць філёзофію нябыцьця. Кожны селянін хоча быць пахаваным на сваёй радзіме і перад сьмерцю просіць аб гэтым. Загад нябожчыка па мажлівасьці выконваецца і часамі яго вязуць даволі далёка на яго радзіму. Багдановіч гэта ведаў і з вершу толькі гэта і відаць. Там, на Беларусі—пад зямлёй знойдуць слабыя грудзі спакой, а ня дзе інакш. Ці ня ўсё роўна пэсымістаму, дзе яго пахаваюць?

Калі поэта гаворыць:

„Жывеш ня вечна, чалавек,
Перажыві-ж у момант век“,

дык гэта зусім не паказвае, што „не адвечнага шукае, не да адвечнага імкнецца яго душа[31]', як кажа Пятуховіч, а паказвае жаданьне перажыць у момант век, чым больш, мажліва больш вечнага, бо жыцьцё кароткае і не чакае. Ня момант, а век у кожным моманце павінен быць. Цытуючы ў довад сваіх палажэньняў верш „Глянь як зорка“, Пятуховіч бярэ толькі два кавалкі з яго[32], падкрэсьліваючы, што поэта лічыць, што „усё зьнікае, праходзіць, як дым“, што трэба на момант асьвяціць усё кругом і пагаснуць. Мы змушаны прывесьці верш цалкам і падкрэсьліць асноўныя месцы вершу: „Глянь, як зорка ў цемні ляціць, Усіх чаруючы сьветам сваім, Быццам зьмей залаты зіхаціць, І стухае ў небі глухім. Але ўспомніць яшчэ зорку сьвет, Бо ў сэрцах гарыць яе сьлед. Так свабодна, так ярка пражыць — Лепшай долі няма на зямлі. Усё кругом на мамэнт асьвяціць І пагаснуць у цёмнай імглі. Усё зьнікае, праходзіць, як дым, Сьветлы-ж сьлед будзе вечна жывым[33].“ (171) Поэта памрэ, зьнікне, але творы яго, яго сьвет будзе вечна жывым. Дзе-ж тут адмаўленьне вечнага, пэсымізм? Такім чынам нават у прыкладах самога Пятуховіча няма доваду яго тэзаў. А наяўна адваротных месц у зборніку вельмі шмат — больш паловы яго. Нечага ўжо гаварыць пра тое, што Багдановіч ні ў якім разе не пэсымісты ў сэнсе прыведзенага вышэй азначэньня пэсымізму з слоўніка. На пэсымістычным колёрыце ў яго часамі малююцца малюнкі, але гэта ня значыць, што ён пэсымісты, як імпрэсыёністычныя прыёмы яго творчасьці не даводзяць, што ён імпрэсыёністы.

Таксама разьбіваюцца довады аб адсутнасьці мотываў барацьбы у М. Багдановіча, калі да іх падыйсьці крытычна. Пятуховіч[34] і інш. спасылаюцца на верш „Краю мой родны!..“—канцом яго ўласна даводзяць адсутнасьць мотываў барацьбы:

„Гора ўсюды пануе,
Хваляй шырокай разьлілась, як мора,
Родны наш край затапіла...
Брацьця! Ці зможам грамадзкае гора?!
Брацьця! Ці хваце нам сілы?!". (174)

Прычым яны не заўважылі, што гэта толькі развага, уводзіны ў далейшы цыкль вершаў барацьбы, які непасрэдна ідзе за гэтым, як напр.:

„Рушымся, брацьця, хутчэй
У бой з жыцьцём, пакідаючы жах,
Крыкі пужлівых людзей
Ня стрымаюць хай бітвы размах.
Проці цячэньня вады
Зможа толькі жывое паплыць,
Хвалі-ж ракі заўсягды
Тое цягнуць, што скончыла жыць“. (179)

Наогул малюнкі ўбогага жыцьця беларуса селяніна, песьні аб ім разьлічаны на тое, каб паказаць усю нікчэмнасьць убогага панурага існаваньня і выклікаць жаданьне барацьбы[35].

„Хай пяе ён у роднай зямлі,
Каб у сэрцах нам сорам збудзіць,
Каб змагацца з няпраўдай ішлі!“ (29)

I далей:

„Долю чорную ноч не схавае,
Калі выльлецца песьня жывая!“ (29)

Адсюль ясна, што мотываў бязвыхаднасьці, безнадзейнасьці, аб якіх гаворыць Пятуховіч[36] і Жылуновіч[37], у нашага вялікага поэты таксама няма. Верш „Была калісь пара“ з запытаньнем: „Куды цяпер ісьці і што рабіць“, на які спасылаецца Пятуховіч[38], зьяўляецца таксама развагаю да адказу у іншых, а верш „З песьняў беларускага мужыка“, які прыводзіць Жылуновіч[39] разьлічаны ўсё для таго-ж, каб, паказаўшы немагчымасьць ранейшага існаваньня селяніна, выклікаць яго да барацьбы[40]:

„Нашых дзедаў душылі абшары лясоў,
Не давалі ім жыці праўдзівым жыцьцём,
І яны тыя пушчы звадзілі агнём,
Іх кругом падпаліўшы з далёкіх канцоў.
I пылалі па нашаму краю лясы,
Пакуль сонца здолела ўсё ў ім асьвяціць,
I сьвятлей і прасторней тады стала жыць,
А на попеле буйна ўзрасьлі каласы.
З дзедаў суворых прыклад нам-бы ўзяць,
Ня хіліцца з бяды, ня пужацца агня,
Бо мы толькі тады дачакаемся дня,
Калі нас не здалее змаганьне зьлякаць". (180)

I ў другім вершы:

„Пачуйце-жа гэта, пачуйце.
Хто ўмее з вас сэрцам чуваць". (56)

Гэта поэта кажа, паказваючы на загнанасьць беларускага народу, але гэты кліч у яго цалкам адносіцца і да мотываў барацьбы. Так поэта дае:

„Тым вянкі суворай славы,
Што за край свой у баю
Жрэбі вынулі крывавы,
Напаткалі сьмерць сваю". (237)

Нават другім поэтам Багдановіч заўважвае: „Кінь вечны плач свой аб старонцы! Няўжо-жа цёмнай ноччу ты Ня бачыш, што глядзіцца сонца У люстэрка—месяц залаты? Ня згасла сонца. Сонца гляне, Усіх падымае ада сна, Ён, гэты дзень, яшчэ настане,— І ачуняе старана. Я пад яе зімовай казкай. Пад сьнегам—бачу твар вясны[41]". (177) Такім чынам, Багдановіч ведае выхад з цяжкага стану, у якім быў беларускі народ. Выхад гэты ў змаганьні, ва ўпэўненасьці ў лепшую будучыну.

Прыведзеныя намі вышэй вытрымкі з твораў Багдановіча даводзяць таксама, што Багдановіч ня быў і мастаком „мастацтва для мастацтва". Поэта клікаў да змаганьня і загадваў другім:

„Народ ужо к шчасьцю за вамі прастуе,
Вядзеце-ж і далей яго.
І што-б ні нясло вам жыцьцё, гэтым рухам
Жывеце, ідзеце будзіць вы народ
I шчыра працуйце ўсім целам і духам“. (22)

У сваім вершы „Каганцу“ М. Багдановіч кажа, што ён замоўк часова, што яшчэ, як тая крыніца, будзе служыць краю:

„Гэтак часам уходзіць у зямлю крыніца,
Дзесь у нетрах таемна бяжыць,
Але мусіць урэшце на волю прабіцца,
Шмат яшчэ на зямлі будзе ліцца-каціцца
I радзімаму краю служыць". (117)

Так Багдановіч наяўна выказваў пэўную мэту для сябе, хоць нават „Искусство, свободное от какой либо внешней дидактической цели, тем самым не является искусством бесцельным"[42]. Багдановіч імкнуўся да гэтай мэты, бо: „вполне законно желание художника преследовать в своем произведедении внешнюю дидактическую цель, если художник всецело захвачен желанием подействовать, ударить по сердцам, изменить представление людей. Но, преследуя внешнюю цель, писатель должен оставаться художником, не покидающим мир образов. Иначе у него получится трактат, диссертация, а не художественное произведение дидактического характера"[43].

Вось мастаком і заставаўся Багдановіч і мастаком, а ня кім іншым—настаўнікам, агітатарам і да т. п. хацеў быць. Ён паказваў жыцьцё, няпрыгожыя кавалкі яго, якія рабіў жомчугам.

„Калі ў дух мой западзе і заварушыцца,—
Там кавалак грубага жыцьця,—
У жомчуг зьвернецца ён сілай пачуцьця". (191)

Гэтыя кавалкі жыцьця, прыклады, павінны былі даводзіць і даводзілі больш чым тое толькі, што трэба было давесьці, бо: „Если кто либо решил заранее доказать или внушить нечто и таким образом сознательно стремиться к определенной цели и доказывает примером, из которого вытекает только то, что имело быть доказано, то он прозаик, ученый, моралист, проповедник, пророк, но не художник"[44].

I гэта як ня трэба лепш адчуваў поэта. Ён побач з заклікам да змаганьня асабліва цікавіўся мастацкасьцю і разам з тым ведаў, што яго творчасьць ня толькі для жыцьця, але для барацьбы за лепшае жыцьцё. Для гэтага ўжо былі і адпаведныя ўмовы:

„Так называемый утилитарный взгляд на искусство, т. е.— склонность придавать его произведениям значение приговора о явлениях жизни и всего ее сопровождающего, ревностная готовность участвовать в общественных битвах — возникает и укрепляется там, где есть взанмное сочувствие между значительной частью общества и людьми, более или менее деятельно интересующимися художественным творчеством"[45]. А такое ўзаемнае спачуваньне між тагочаснай беларускай грамадзкасьцю і Багдановічам бясспрэчна існавала.

Зацікаўленасьць да формы, мастацкасьці і апошняя ў Багдановіча надта высокія[46]. Быць можа гэта і зьяўляецца тым, што робіць іх мастацтвам для мастацтва? Мы бачылі, што ў прыгожай форме Багдановіч даваў каштоўны зьмест, якога ня можа быць у мастацтве для мастацтва. З другога боку, Бялінскі лічыць, што „главное, чтобы она (поэзія, мастацкасьць. М. К.) вызывала вопросы, пронзводнла на обіцество нравственное впечатленне"[47]. Ні адзін з крытыкаў і не даводзіць, што творы Багдановіча (пры іх багатым каштоўным барацьбяным зьмесьце) ня робяць уражаньня, не выклікаюць пытаньняў.

Багдановіч клапаціўся аб мастацкасьці не дзеля самой мастацкасьці, а для таго, каб зрабіць уражаньне, дасягнуць мэты, што відаць хоць-бы з наступнага:

„Ведай, брат малады, што ў грудзях людзей
Сэрцы цьвёрдыя, быццам з каменьня.
Разаб'ецца аб іх слабы верш заўсягды,
Ня збудзіўшы сьвятога сумленьня.
Трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш,
Абрабіць яго трэба з цярпеньнем.
Як ударыш ты ім,—ён, як звон, зазьвініць,
Брызнуць іскры з халодных каменьняў". (193)

У М. Багдановіча:

„Грозна песьня разьліваецца, грыміць". (3)

„Усё калісь перажытае пакідала сьлед у сэрцы і ляжала нярухома цёмнай залежжу, пластом. Разварушце-ж, мае вершы, гэты пласт: хай згадка згадку кліча, цягне, хай чытач мой зноў былое пражыве“. (34)

Таму ў Багдановіча:

„І вее верш мой дзіўнай казкай,
І ясны ён, як зорак сны“. (177)

Праўда, Багдановіч ведае, што яго песьні петы ў часы нядолі, але іх можна распаліць:

„Ціхія мае ўсе песьні, цёмныя, як вугаль чорны,
Але ўсё-ж яны засьвецяць, калі я ў агні мучэньня
Іх разжару, распалю". (32)

I Багдановіч клапаціцца іх шліфоўкаю, распальваньнем. Ён зважаў, што ўжо мінуў час, калі лічылі, што ўся справа ў натхненьні і адаранасьці ад прыроды. Творчасьць ёсьць вышэйшая форма працы, і ён даводзіў, што ёй трэба вучыцца, хоць гэта і цяжка, можа. Даны погляд яго відаць з вершаванага лісту на імя Ластоўскага:

„... Моцарт і Сальеры
Варушыць мозак мой. Здаецца мне, што тут
Сальеры атрымаў несправядлівы суд.
Халодным розумам праняўшыся, натхненьне
Ён мусіў тым губіць,—так кажа абвіненьне.
Сальеры ў творчасьці усё хацеў паняць,
Ва ўсім упэўніцца, усё абмеркаваць,
Абдумаць спосабы, і матар'ял і мэту,
I горача любіў сваю сьвядомасьць гэту.
У творчасьці яго раптоўнага няма:
Аснова да яе—спакойная дума.

Прыемнае дае Сальеры ўражаньне,
Падобны зьнічцы ён: у іскрах над зямлёй
Яна ўзразае змрок лукою залатой,
Гарыць бліскучая, ўся ў агні, нясецца,
А ў глыбіні сваей халоднай астаецца.
Уменьне да ігры Сальеры здабываў
Праз мерны трудны труд, ці сапраўды забіваў.
Ён гэтым талент свой, як бачна з думак драмы?
Адкажа іскрыпка нам. Стокато, фугі, гамы
Шмат год калісь на ёй Сальеры вывадзіў
І моцна граньнем тым іскрыпкі зык зьмяніў.
Ямчэй яна гудзіць. Пявучых зыкаў сіла
Праз доўгія гады яе перарабіла,
І, тымі сьпевамі ўся напаяна,
Навекі чулаю зрабілася яна,
Няўжо-ж душы жывой маглі-б зыкі сьпева
У Сальеры не зьмяніць, калі зьмяніла дрэва?
Не! працай гэтаю сябе ён разьвіваў,
Сальеры—верны раб, каторы не схаваў
Свой талент у зямлю, хай судны час настане,
Спакойна музе ён і проста ў вочы гляне.
І будзе за любоў да здольнасьці сваёй
Апраўдан Музаю і ўласнаю душой. (51-52)

Багдановіч быў за навуку, за скарыстаньне, перапрацоўку і дапасаваньне да ўласных патрэб старых дасягненьняў культуры, што не аднойчы даводзіў і т. Ленін[48], але супроць павароту назад. Гэта відаць з наступнага вершу:

Чытаю я журнал сучасны;
Кіпіць у ім прогрэсу ход.
Ён у пісьменнасьці прэкраснай
Назад уйшоў на сотню год...
П-ч сантымэнталізмам
Там нас уздумаў частаваць.
А пан К-а романтызмам
Сімволістычным дзіваваць.
Прывет ім. Хай налягуць двое.
І мо‘ зьвярнецца зноў пара,
Калі чыталі „Громобоя"
„Пастушки грусть“ et cetera. (48)

Зрабіўшы пераклады на беларускую мову з шмат якіх эўропэйскіх моваў, прышчапіўшы беларускай літаратуры выпрацаваныя іншымі памеры, формы і г. д., Багдановіч пачаў шуканьні свайго, беларускага, стылю і ў сваіх „вершах беларускім складам" даў шмат цікавых спробаў гэтага.

Дачасная сьмерць спыніла, на жаль, гэтыя спробы.

„Ён ведаў у процэсе творчасьці тое, чаго не маглі адчуць песьняры-самавукі, і сьвядома ўсходзіў на такі памысны кірунак творчасьці, на каторы пры аднэй здольнасьці ад прыроды, без яе разьвіцьця не за заўсёды можа ўзыйсьці самы вялікі талент[49].

Гэта вось і рабіла вершы яго вельмі мастацкімі, але не мастацтвам для мастацтва.

Адначасна з довадамі аб пэсымізьме, мастацтве для мастацтва і да т. п. у Багдановіча, крытыкі констатуюць у яго перавагу агульначалавечых мотываў[50]. Запэўна, што гэта робіць яго творы больш каштоўнымі, выводзячы іх з нацыянальнай абмежаванасьці, пры поўнай зразумеласьці і для беларускага народу. Але, быць можа, іх агульначалавечасьць у клясавым стасунку? Быць можа яны гавораць і пану і мужыку? Далёка ня так, Багдановіч добра ведае, хто ў каго на плячах:

Вы панове, пазіраеце далёка,
У блеску сонца з вялізарных плеч народных,
Але сьвятло крые шмат чаго ад вока,
Днём ня бачыце вы зорак пуцяводных“. (197)

Ён ведае таксама кім, чыёю працаю трымаюцца маёнткі, фабрыкі, зямля:

„Дзякуй, пане, бо пазнаў ад вас і я,—
Не на трох кітох трымаецца зямля.
Вгода, згода, бо здаецца неяк мне,
Што стаіць на нашай-жа сьпіне“. (47).

Ня менш добра ведае Багдановіч і тое, што да пана нечага зварачвацца:

„Я хлеба ў багатых прасіў і маліў,—
Яны-ж мне каменьні давалі;
I тыя каменьні між імі і мной
Сьцяною вялізнаю ўсталі.

Яна ўсё вышай і вышай расьце,
І шмат каго дужа лякае.
Што-ж будзе, як дрогне, як рухне яна?
Каго пад сабой пахавае?" (19)

Ясна каго яна пахавае. Для гэтага трэба змагацца, аб чым пісалася вышэй. Быць можа часамі каму і прыдзецца загінуць, але гэта-ж неабходна для агульнай справы:

„Зразаюць галіны таполі адну за адной...
Бяз скаргі яны на зямлю чарадою лажацца,
Бо сьмерць іх патрэбна, каб дзерава новай вясной
Магло-бы хутчэй разьвівацца”. (178)

Хопіць афяр, хопіць сіл; бо:

„Зварушаны нарэшце дух народны,
Я верую, бясплодна не засьне,
А ўперад рынецца, маўляў крыніца,
Каторая магутна, гучна мкне,
Здалеўшы з глебы на прастор прабіцца". (204)

Гэта будзе, ня гледзячы на тое, што моцныя завялі ўсюды межы—звычайныя, дзяржаўныя, рэлігійныя, ад якіх усё гора:

„Кінь вокам на ўвесь абшар зямлі:
Вось хату шчыльна абышлі
Парканы з гострымі цьвякамі,
Пасыпаныя бітым шклом.
Глядзі—ў прасторах за сялом
Мяжамі
Падзелены на нівах каласы,
Ідуць канаўкі праз лясы,
І стопудовыя гранічныя каменьні
Сярод лугоў бясскрайніх заляглі.
Шнуры штыкоў па ўсёй зямлі
Гараць, як дзікае хаценьне,
На гасударстваў рубяжы.
Глядзі: паўсюль мяжы
Нязьмерна вольныя прасторы
Сьвятой зямлі,—а чалавек
Мяжы, ірвы, тыны рабіў за векам век,
Хаваўся ў іх як ліс у норы,
І жыў пужліва сам адзін,
Дрыжачы, як лісьцё асін,
Зласьлівы, бессардэчны, хцівы

Такі здрадлівы,
Для ўсіх чужы, зусім чужы,
Вакол яго—платы, мяжы.
Пабач, што робіцца за гэтымі платамі!
У надмернай працы гіне тут
Галодны і абдзёрты люд,
Каторы моцнымі рукамі
Стварыў усе багацтвы на зямлі:
Правёў ён скібы на ральлі,
Ён рэйкі пралажыў чыгунак,
Заводаў коміны падняў у выш нябёс,
А сам даўно сьляпы ад сьлёз
І ўжо забыўся аб ратунак.
Глядзі: па ўсёй зямлі сьвятой
Шырокай хваляй залатой
Бяз краю блішча збожжа мора,
Цьвітуць лагі, шумяць лясы...
Так многа ёсьць паўсюль багацтва і красы,
А людзі нішчацца у голадзе, у зморы
Ад беднаты, ад цемнаты,
Бо скрозь—мяжы, бо скрозь—платы“... (69—70)

Канец вершу забараніла царская цэнзура[51]. Яго можна было апавясьціць толькі пасьля Кастрычнікавай рэвалюцыі. Гэта і зрабілі К. Чорны і інш. маладыя пісьменьнікі, распрацоўваючы далей узьнятую Багдановічам тэму. Такім чынам, М. Багдановіч—поэта ня проста народу, хоць-бы і беларускага, а працоўнага народу.

Ён рабіў вялікую адказную працу на варце інтарэсаў гэтага працоўнага народу, як ваяка-мастак. Не зважаючы на тое, што яму прыходзілася ваяваць нават з асабовым ворагам—хваробаю, ён ня страціў барацьбянага духу да канца[52]. Уміраючы, гэты вялікі змагальнік быў спакойны, бо ён не прасумаваў, не прагуляў жыцьцё, а штось даў:

„У краіне сьветлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты.
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты". (115)

  1. Цытавана па: У. Ігнатоўскі. Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэньня Беларусі. Час. „Вольны Сьцяг" ад 1921 г. № 4 стар. 21.
  2. А. Nawina. "Našy pieśniary" W. 1918, стар. 52.
  3. М. Гарэцкі. „Гісторыя беларускай культуры”, выд. 2, В. 1921 г. стар. 175.
  4. У. Ігнатоўскі. Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэньня Беларусі. Час. „Вольны сьцяг“ за 1921 г. № 4, ст. 21.
  5. У. Ігнатоўскі. Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэньня Беларусі. Час. „Вольны Сьцяг“ за 1921 г., № 4, ст. 20.
  6. Е. Карский. Белорусы. ІІІ, 3. Пгр. 1922, ст. 319.
  7. Пятуховіч. „Максім Багдановіч, як поэта імпрэсыяністы". Час. „Полымя“ за 1923,г. № 7-8, ст. 97.
  8. Ibidem, ст. 98.
  9. З. Жылуновіч. Беларускае пісьменства. Зб. „Беларусь" 1924, ст. 313.
  10. Ibidem, ст. 313
  11. У. Ігнатоўскі, ст. 21.
  12. Е. Карский, ст. 316.
  13. Ibidem, ст. 314.
  14. З. Жылуновіч, 313.
  15. Ibidem, ст. 313.
  16. Пятуховіч, ст. 97.
  17. Пятуховіч, ст. 98
  18. З. Жылуновіч, ст. 314
  19. Ibidem. ст. 315.
  20. А. Nawina. ст. 47
  21. М. Гарэцкі, ст. 175.
  22. У. Ігнатоўскі, ст. 21.
  23. Е. Карскі, ст. 318
  24. З. Жылуновіч, ст. 314.
  25. Пятуховіч, ст. 97.
  26. Гайдукевіч, „Сьмела ўперад дружным сьпевам", час. „Маладняк“ за 1925 №7 ст 107
  27. Энциклопедический словарь Русского библиографического Института Гранат. ІІ выд. т. 32, сл. 55.
  28. Ibidem, сл. 56.
  29. Ibidem сл. 56.
  30. Ibidem сл. 58.
  31. Пятуховіч, ст. 97.
  32. Ibidem, ст. 97.
  33. Акадэмічная бібліотэка беларускіх пісьменьнікаў. Творы М. Багдановіча. Падрыхтаваныя літаратурнай камісіяй пад рэд. проф. Замоціна. Выданьне Інстытуту Беларускай Культуры. Менск, 1927 г. Вершы пісьменьніка цытуюцца намі па корэктурных адбітках гэтага выданьня і пасьля кожнага з іх у дужках паказана старонка.
  34. Пятуховіч, ст. 98.
  35. Пар. А. Узьнесянскі. Поэтыка М. Багдановіча, Коўна, 1926 г., ст. 6.
  36. Пятуховіч, ст. 98.
  37. Жылуновіч, ст. 314.
  38. Пятуховіч, ст. 98.
  39. Жылуновіч, ст. 314.
  40. Пар. А. Узьнесянскі, ст. 10.
  41. Пар. Пятуховіч, ст. 98
  42. „Литературная энциклопедия. Словарь литературных терминов" т. I, М.-Л. 1925 г. сл. 317.
  43. Ibidem, c. 320
  44. А. Потебня. „Из записок по теории словесности".
  45. Г. В. Плеханов. „Искусство и общественная жизнь". М. 1922.
  46. Пар. А. Узьнесянскі, ст. 55.
  47. Письма Белинского, т. ІІІ, с. 324
  48. Н. Ленін. Социалистическая революция и задачи просвещения (Статьи и речи). Москва, 1923. ст. 21.
  49. М. Гарэцкі; стар. 179.
  50. Пар. і Дз—і. М. Багдановіч як апісальнік прыроды. Час. „Вольны Сьцяг" № 1 за 1922 г. ст. 31.
  51. Гл. „Выпісы з беларускае літаратуры", ч. II. М. 1923 г., ст. 95.
  52. Пар. З. Жылуновіч ст. 313. Вышэй мы цытавалі адно з месц Жылуновіча, якое непраўдзіва кажа, што Багдановіча не задаваляла яго творчасьць.