Моц пачуцьця ў пясьнярстве Максіма Багдановіча
Моц пачуцьця ў пясьнярстве Максіма Багдановіча Літаратуразнаўчы артыкул Аўтар: Леў Цвяткоў 1928 год Крыніца: Літаратурны дадатак да газеты «Савецкая Беларусь». – 1928. – 15 лют. (№ 2). – С. 6. |
МОЦ ПАЧУЦЬЦЯ Ў ПЯСЬНЯРСТВЕ МАКСІМА БАГДАНОВІЧА.
Звычайна зусім слушна характарызуюць Максіма Багдановіча, як вялікага мастака і глыбокага філёзофа. Высокая тэхніка і паважная ўдумлівасьць яго творчасьці зьяўляюцца бясспрэчнымі.
Недарма нашы літаратуразнаўцы гавораць, што ў паэзіі Багдановіча няма нічога раптоўнага. Але гэта ня выключае наяўнасьці ў ёй магутнага імпэту, надзвычайна напружанае эмоцыянальнасьці. Часам яна бывае як-бы ў скрытым стане, але ня вельмі рэдка выяўляецца і надта яскрава.
Нядаўна Інстытутам Беларускае Культуры выдадзен першы том твораў М. Багдановіча. Усё тое, што засталося ад яго паэзіі, увайшло ў гэты том. Такім парадкам шмат чаго новага можна знайсьці ў гэтай кніжцы (XV+493 старонкі).
І перш за ўсё—парушаецца даўнейшае ўяўленьне аб М. Багдановічу, як аб крыху халаднаватым мастаку-філёзофе. Праўда і тое, што частка такіх твораў, прасякнутых магутным пачуцьцём, нам ужо вядома даўно, бо зьявілася ў друку яшча ў нашаніўскую пару.
Але і яны набываюць новую цікавасьць пры параўнаньні з дагэтуль невядомымі вершамі.
Пачуцьцё грамадзкай крыўды-нядолі выражана надзвычайна моцна ў вершы: «Краю мой родны».
„У гутарках казках—аб шчасьці, аб згодзе |
У вершы «Мяжы» мы чытаем:
"Вакол яго (чалавека) платы, межы. |
Як-жа зьнішчыць гэтыя непатрэбныя перагародкі, што нават дзяцей аднае краіны-маці робяць чужымі, неспагаднымі людзьмі.
На гэтае пытаньне, ці хопіць самаахвярнасьці, — пясьняр адказвае магутным заклікам:
„Рушымся, брацьця, хутчэй |
І ўрэшце паэт ужо цьвёрда і ўпэўнена гаворыць:
„Ты ня згасьнеш, ясная зараначка, |
Мы бачым цэлую градацыю вельмі яскравых і напружаных эмоцыяў, пачынаючы ад жаху і канчаючы бадзëраю надзеяй на лепшую будучыню для роднае краіны. А мы яшчэ нічога не гаворым аб «песьнях беларускага мужыка», дзе таксама нямала эмоцыянальнасьці. Яны ужо былі адзначаны ў крытыцы.
Закінуты на чужыну, М. Багдановіч пакахаў дзяўчыну іншае нацыянальнасьці і, здаецца, іншага сьветапогляду і культурнага асяродзьдзя. Гэтая акалічнасьць дала паэту шмат яскравых, часам салодкіх, а часам і цяжкіх перажываньняў, якія адбіліся ня толькі ў яго лірыцы, а нават у некаторых эпічных творах.
Саусім не філёзофскім тонам гучыць, напрыклад, такое шчырае прызнаньне закаханага маладога песьняра:
«Буду сьніць і днямі і начамі. |
Гэты, для многіх з нас зусім новы, бок творчасьці М. Багдановіча робіць яго яшчэ больш блізкім. Бо і сапраўды цяпер пясьняр ужо пазбавіўся ў нашых вачох тae аднабаковасьці, тae выключнае філёзофічнасьці, якая надавала яму нейкі занадта паважны характар. Цяпер гэта чалавек ва ўсёй сваёй суцэльнасьці — поўны жыцьця з яго горам і радасьцямі, ня толькі грамадзкімі, але і асабістымі.
Мы ужо пераканаліся, што ў душы песьняра быу вялікі запас магутнае эмоцыянальнасьці. Значная частка падобных вершаў, магчыма, нават не дайшла да нас, дзеля свайго інтымнага характару, яна магла не перахоўвацца песьняром, а, мо і зьнішчацца. Большая частка дзеля гэтае-ж самае прычыны ня была здадзена ў друк самым паэтам. Але цяпер ужо відавочна, што толькі сьціпласьць і саромлівасьць нябожчыка-песьняра не дазвалялі нам дагэтуль пазнаёміцца з ім усебакова. Пад крышталёвым лёдам высокае філёзофскае паэзіі захавалася ў поўнай суцэльнасьці палкая душа жывога чалавека з радасьцю і горам, з каханьнем і самаахвярнасьцю.
Гэтая акалічнасьць робіць вобраз песьняра яшчэ больш рэльефным і блізкім нам.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.