Музыкальная камедыя
Музыкальная камедыя Аўтар: Уладзімір Корбан 1955 Крыніца: https://knihi.com/Uladzimir_Korban/Muzykalnaja_kamiedyja.html |
Матулі неспакой: што робіцца з малым?!
Ну так і трэцца ля шафёра!
Ледзь толькі той на двор прыгоніць «ЗІМ»,
Сынок заўсёды з ім.
Старанна калупаецца ў маторы.
Пухір - а ведае і камеры і блок,
Яму вядома шрубачка любая.
Жалеззя ў свой пакойчык навалок,
Пілуе нешта, склёпвае, згібае.
«А можа, ў хлопчыка да тэхнікі ухіл?..» -
Не раз падказвалі суседзі.
Матуля ў крык: «Мой Федзя
Ды каб у бруд палез, у пыл?
Я гэтага не дапушчу ніколі!
У нас ён будзе піяністам -
Сучасным Лістам*!»
Вось Федзя ўжо ў музычнай школе,
Развучвае дыезы ды бемолі*,
Хоць і жадання у яго няма.
У хлопчыка ў кішэнях гайкі,
Ён марыць аб майстэрстве пайкі...
Але дарма.
Матуля з ім змагаецца штосілы -
Выкідвае з кватэры гайкі і балты,
Дзяўбе, дзяўбе: «Музыка ты!»
І ўсё ж дабілася нарэшце, адвучыла
Ад «чорнай» працы хлапчука.
Ды захадам такім сынка
Яна таленавітым не зрабіла.
Падрос ён, шавялюру адпусціў, -
Ну як жа! - «Чыжыка» блямболіць навучыўся!
«Я Шубертам*, Бетховенам* зрабіўся!» -
Дзе трэба і не трэба ён часціў
І талентам сваім хваліўся
Направа і налева як мага.
І хто ён зараз дзякуючы маме? -
Ні богу свечка і ні чорту качарга.
А ў нас яшчэ бывае так часамі,
Я дам параду мамам усім чыста:
Не трэба перашкод малым рабіць.
Куды шаноўней слесарам выдатным быць,
Чым дрэнным піяністам.